Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Фатаконкурс “Мая Беларусь” – пераможцы тыдня</B>


Севярын Квяткоўскі, Менск Пераможцамі 11 тыдня конкурсу сталіся Зьміцер Бадзевіч з фатаздымкам “Экспрэсія Руху”, Уладзімер Сяргееў з сэрыяй “Габрэйскія могілкі” і Антон Якутовіч з рэтраздымкамі “Супраць плыні” і “Мэлёдыі Радзімы”.

“Экспрэсія руху” дэманструе дзяўчыну, што ідзе супраць плыні па рацэ зь бел-чырвона-белым сьцягам. “Габрэйскія могілкі” ўвасобілі ў сьветлаценю ўнікальную сытуацыю: старыя габрэйскія могілкі даўно былі схаваны непралазным лясным гушчаром, ды, дзякуючы працы лесарубаў, на пэўны час раскрыліся для чалавечага вока, а затым ізноў сталі зарастаць. Аўтар суправаджае свае фатапрацы маленькім эсэ. Рэтраздымкі “Супраць плыні” і “Мэлёдыі Радзімы” падаюць фрагмэнты жыцьця Пінску пэрыяду “польскага часу” 1930-х гадоў: граюць вясковыя музыкі, маладая кабета пазіруе ў турыстычнай байдарцы. Падрабязьней пра пераможцаў ды іхныя здымкі распавядае вядоўца фатаконкрусу “Мая Беларусь” Валер Дранчук.

Спадар Дранчук у вызначэньні пераможцаў конкурсу зрабіў інавацыю: адзначыў не аўтара здымку “Экспрэсія руху” Зьмітра Бадзевіча, а гераіню – дзяўчыну зь бел-чырвона-белым сьцягам, што ідзе супраць плыні. Вядоўца конкурсу тлумачыць:

“У дадзеным выпадку справядліва аддаць належнае гераіні, якая стварыла рэжысуру здымку і гэты кадар. Я не прыхільнік адзначэньня здымкаў, дзе хтосьці ідзе са сьцягам. Гэта досыць звыклы кадар акцый незалежнай грамады. А тут ёсьць свая перавага – пэўная рэжысура, і сярод здымкаў такога кшталту ён вылучаецца надзвычайнай экспрэсіяй”.

Карэспандэнт: “Другая прэмія – архіўныя здымкі: Заходняя Беларусь, Пінск, 1937 год. Вам могуць сказаць, што ёсьць шмат архіўных здымкаў – і вам іх могуць дасылаць хоць кожны дзень. Чаму ўсё-ткі вы іх адзначылі?”

Дранчук: “Сапраўды, падыход мусіць быць вельмі дыфэрэнцыяваным. Трэба глядзець на крыніцу здымку. З кантэксту перапіскі з аўтарам Антонам Якутовічам я зразумеў, што гэтыя здымкі – зь ягонага сямейнага фотаархіву. Разам з Антонам мы адкрываем дзьве староначкі нашай гісторыі. І гэта адпавядае ўмовам нашага конкурсу – знайсьці тое, чаго мы ня бачылі. А калі гэта даўні час, то заўсёды цікава”.

Карэспандэнт: “Трэцяя прэмія. Вы ўжо зрабілі прэцэдэнт, калі адзначылі сэрыю здымкаў у суплёце з дасланым да іх тэкстам. Для вас важны комплекс фатаздымкаў і тэксту?”

Дранчук: “Безумоўна. Я мяркую, што ў кожным конкурсе, якім бы ён ні быў адмыслова фатаграфічным, плястычным, плястыка слова заўсёды мусіць улічвацца. Што чалавек думае, калі здымае? Гэта заўсёды вельмі важна. І вельмі актуальна”.

Паводле Валерыя Дранчука, колькасьць дасланых на конкурс здымкаў павялічваецца. Калі на пачатку тэматычна і жанрава фатапрацы былі бліжэй да паштовак, то цяпер яны больш разнастайныя. “Людзі асэнсоўваюць прастору, у якой жывуць”, – адзначае Валеры Дранчук.

• Фотаконкурс "Мая Беларусь”: “Перамога працуе на ваша і наша Сьвятло!”, 5.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG