Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: прадпрымальнікі выйшлі на плошчу


Радыё Свабода Прыкладна 150 прыватных прадпрымальнікаў выйшлі сёньня на галоўную плошчу Сьветлагорску да будынку райвыканкаму. Яны пратэставалі супраць дзеяньняў міліцыянтаў і мясцовай падатковай службы, якія часта канфіскоўваюць тавар. Прадпрымальнікі пагражаюць распачаць страйк.

На адкрыты пратэст прадпрымальнікі адважыліся пасьля інцыдэнту, які здарыўся з іхнай каляжанкай Ірынай Савацеевай. Днямі да яе наведаліся супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю. Далучыўшы прадстаўнікоў падаткавай інспэкцыі і санстанцыі, распачалі праверку. У выніку ў прадпрымальніцы арыштавалі тавар (джынсы і абутак) на два мільёны рублёў. Апавядае Ірына Савацеева:

“Назаўтра мяне выклікалі ва Ўпраўленьне і вэрбавалі. Сказалі: калі буду даваць цікавую ім інфармацыю (ці ёсьць бандыцкія групоўкі, ці займаецца хто зь іх нашым апекаваньнем), то мае пытаньні будуць вырашацца зусім інакш. А калі ня будзем даваць інфармацыі, то праверкі і канфіскацыі тавару будуць чыніцца па ўсім горадзе.

Гэта быў адкрыты шантаж, і я гэтае справы проста так пакінуць не магла. У суботу мы правялі сход, на якім вырашылі выйсьці на плошчу. Выклікалі супрацоўнікаў пракуратуры, намесьніка старшыні райвыканкаму і агучылі ўсе свае праблемы, зьвязаныя з канфіскацыяй тавару”.

Ірына Савацеева кажа, што падобныя праблемы ўзьніклі ня толькі ў яе, і мясцовыя ўлады з разуменьнем паставіліся да прадпрымальніцкага пратэсту. Паводле спадарыні Савацеевай, сьветлагорская пракуратура лічыць, што тавар у яе быў арыштаваны незаконна.

Спыняць свой пратэст прадпрымальнікі не зьбіраюцца. Гаворыць Анатоль Зьмітровіч:

“У пятніцу вырашылі правесьці сход прадпрымальнікаў гораду з уладамі. Дзеля таго, каб улады наладзілі праверку і даклалі, ці маюць права гэтыя “ўбопаўцы” ўжываць такія захады. А то – што атрымліваецца? Мала таго, што мы плацім падатак і за наш кошт гэтае ўпраўленьне існуе, дык яны яшчэ прымушаюць нас рабіць іх работу! Прынялі рашэньне зьвярнуцца да прадпрымальнікаў краіны і правесьці ў верасьні страйк зь нявыплатай падаткаў. Таму што такая сытуацыя цяпер фактычна ва ўсіх гарадах”.

• Прадпрымальнікі рыхтуюцца да акцыяў пратэсту , 5.03.2007 • Прадпрымальнікі сфармулявалі ўмовы, пры якіх гатовы адмовіцца ад страйку” , 24.02.2006 • Вынікі году для беларускіх прадпрымальнікаў , 29.12.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG