Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>“Ва ўсім гэтым ёсьць інтрыга, імя якой – "Белтрансгаз"</B>


Юры Дракахруст, Прага Што азначаюць сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт дачыненьняў з Расеяй, у прыватнасьці, па газавым пытаньні? Чаму трэба было даводзіць крызіс да крытычнай кропкі? Свае адказы на гэтыя пытаньні прапануюць у “Экспэртызе Свабоды” аглядальнік нашага радыё Валер Карбалевіч і расейскі незалежны журналіст Вадзім Дубноў.

Дракахруст: “Чаму трэба было даводзіць крызіс з газавай запазычанасьцю да такой крытычнай кропкі – да пагрозы скарачэньня паставак газу? Як бы Вы наагул ахарактарызавалі сёньняшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі? Валер Карбалевіч, Вам слова”.

Валер Карбалевіч: “...гэта страх перад дэфолтам, жаданьне мець грашовы запас, каб не абрынулася ў канцы году банкаўская сыстэма”
Карбалевіч: “Крызіс ўзьнік нечакана. Летась перад крызісам ішла гарматная падрыхтоўка ў выглядзе жорсткіх заяваў прэсавых службаў "Газпрому" і беларускіх ведамстваў, былі ўзаемныя пагрозы, у тым ліку і праз мэдыі. Гэтым разам нічога такога не было, жорсткія перамовы ішлі патаемна, за кулісамі, афіцыйныя пазыцыі бакоў практычна не агучваліся і невядомыя дагэтуль. Беларускія ўлады дагэтуль хаваюць інфармацыю і пра тое, што Беларусь 7 месяцаў плаціць 55 даляраў за тысячу кубамэтраў замест 100 (і пры гэтым хваляцца, што вытрымалі цэнавы ўдар), хаваюць тое, тое, што просяць у Расеі велізарны крэдыт у 1.5 мільярды даляраў, і нават інфармацыю пра тое, што "Газпром" пагражае скараціць амаль удвая пастаўкі газу. Гэта толькі сёньня было публічна абнародавана. Мне падаецца, што разьлік беларускіх уладаў палягаў на некалькіх чыньніках. Па-першае, гэта страх перад дэфолтам, жаданьне мець грашовы запас, каб не абрынулася ў канцы году банкаўская сыстэма, калі будзе падаць курс. Па-другое, быў разьлік на расейскую выбарчую кампанію і на тое, што Расеі нічога не каштавала пайсьці на саступкі. Калі для Беларусі 460 мільёнаў – гэта грошы сапраўды вялікія, то для Расеі, якая купаецца ў нафтадалярах, гэтыя 460 мільёнаў запазычанасьці ці 1.5 мільярда крэдыту – гэта наагул капейкі. Ну а расейскі бок вырашыў давесьці да канца заданьне Пуціна перавесьці адносіны з Беларусьсю на рынкавыя рэйкі. І таму ў Маскве на гэты раз вырашылі Беларусі не патураць, бо дазволь не плаціць адзін раз, потым Беларусь ня будзе плаціць наагул”.

Дракахруст: “Вадзім Дубноў, падчас тых перамоваў, пра якія казаў Валер, беларускі бок упарта пераконваў партнэраў, што Беларусі няма чым плаціць. Сёньня Лукашэнка прыадчыніў таямніцу, сказаўшы, што Беларусь і не зьбіралася плаціць поўную цану за газ. Пра гэта, паводле яго, ён сказаў Пуціну яшчэ напачатку году. Дык чаму ж давялі да самага крытычнага моманту, у які высьветлілася, што грошы ўсё ж ёсьць?"

Вадзім Дубноў: “Мне здаецца, што маем справу з доўгатэрміновай інтрыгай, імя якой "Белтрансгаз" і наагул прыватызацыйныя амбіцыі Масквы ў Беларусі”
Дубноў: "Я згодны з Валерам. Я б нават не назваў гэта крызісам, настолькі тут няма нічога нечаканага. Гэта каляндарная прадказальная праблема. Пытаньне ў іншым – у тым, што мы ня ведаем, пра што насамрэч дамаўляліся Лукашэнка з Пуціным. Магчыма, пазыцыі і тады не былі ўзгодненыя, і ўсе чакалі лягічнага фіналу, калі можна будзе выступіць са сваімі варыянтамі разьвязкі. 460 мільёнаў – гэта на мой погляд, не сьмяротная сума для Беларусі і, у прынцыпе, пры жаданьні Лукашэнка мог бы яе сабраць, калі б вельмі хацеў расплаціцца. Ён сьвядома ішоў на гэта. Мне здаецца, што маем справу з доўгатэрміновай інтрыгай, імя якой "Белтрансгаз" і наагул прыватызацыйныя амбіцыі Масквы ў Беларусі. Спадзяваньні аптымістаў пры падпісаньні газавай дамовы напрыканцы 2006 году, што Расея атрымае палову акцый "Белтрансгазу", я мяркую, што зараз гэтыя спадзяваньні будуць цалкам разьвеяныя. Валер абсалютна мае рацыю, калі гаворыць, што адзін раз не заплацілі – можна і потым не плаціць. Але я б дадаў, што Лукашэнка мае падставы разьлічваць на посьпех такой тактыкі. Мяркую, што пасьля сёньняшняга дэмаршу ён усё ж знойдзе нейкія грошы, будзе па кавалках расплачвацца, але крызіс будзе набіраць абароты далей”.

Дракахруст: “Вадзім, вось Вы сказалі пра нейкую інтрыгу ў двухбаковых адносінах. На Ваш погляд, якое дачыненьне да гэтай інтрыгі маюць словы Лукашэнкі, які ня проста холадна канстатаваў, што мы заплацім 460 мільёнаў даляраў, а казаў і пра тое, што "Расея хоча прыватызаваць Беларусь", і пра тое, што Пуцін парушыў абяцаньне даць крэдыт, што той крэдыт, які прапаноўвае Расея, Беларусь не задавальняе. Нарэшце, там была даволі яскравая тырада наконт таго, што апошні візыт прэм’ер-міністра Сідорскага ў Маскву быў прыніжэньнем, і што Лукашэнка загадаў прэм’еру "наагул больш ня езьдзіць у Маскву".

Вадзім Дубноў: “Захад занепакоены газавай сытуацыяй, ён навучаны досьведам двух апошніх гадоў. Наўрад ці гэтая занепакоенасьць прыме форму рэальнай дапамогі Беларусі”
Дубноў: “Магчыма, Масква крыху пераацаніла значнасьць унутрыбеларускай інтрыгі з хуткай адстаўкай Сідорскага, залежнасьць яго лёсу ад візыту ў Маскву і дамоўленасьці наконт крэдыту. Магчыма, былі разьлікі на тое, што Сідорскага звольняць, а паставяць некага больш згаворлівага. На мой погляд, гэта неразуменьне беларускай сытуацыі наагул. Але гэта не навіна. На самой справе навіной у гэтай інтрызе не зьяўляецца нічога. Усе словы, усе адказы Лукашэнкі сьпісаныя, як пад капірку, з тых дэклярацый, якія апошнія гады гучалі кожнае паўгодзьдзе. Адзінае, што тут цікавае – гэта пагроза ўзяць крэдыты ў заходніх банках. Я ня думаю, што на Захадзе Лукашэнка знойдзе крэдыты таньней, чым у Маскве, я ня думаю, што больш выгадныя крэдыты дадуць яму Чавэс (што зусім сумніўна), ці Іран, ці Кітай, але тым ня менш цікавая сама пастаноўка пытаньня ў сюжэце з шантажом. Лукашэнка ўзбагачае свой арсэнал, але, па-сутнасьці, сытуацыя працуе на Лукашэнку. Захад занепакоены газавай сытуацыяй, ён навучаны досьведам двух апошніх гадоў. Наўрад ці гэтая занепакоенасьць прыме форму рэальнай дапамогі Беларусі, у тым ліку і танных крэдытаў, але пэўную падтрымку, па меншай меры большую, чым паўгода таму, я мяркую, што ён атрымае”.

Валер Карбалевіч: “Мне падаецца, што Масква пераацаніла ступень эканамічнага крызісу ў Беларусі і гатоўнасьць беларускага кіраўніка да сур''ёзных саступак у пытаньні прыватызацыі”
Карбалевіч: "Аляксандар Рыгоравіч, як заўсёды, згуляў сваю ролю, як добры актор. Зразумела, што калі пачалася вайна, то яна павінна весьціся паводле ўсіх правілаў ваеннага мастацтва. Таму тут і абвінавачаньні на адрас Масквы, як звычайна, якая вельмі каварная і мае злавесныя пляны ў дачыненьні да Беларусі. Увесь набор інструмэнтаў, якія Лукашэнка выкарыстоўвае падчас крызісу, ён і цяпер скарыстаў. Магчыма, за кулісамі сапраўды ішла гаворка наконт прыватызацыі найбольш прыбытковых беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта казалі і мэдыі, і экспэрты, цяпер пра гэта кажа і Лукашэнка, маўляў, Расея хоча прыватызаваць усю Беларусь. Пытаньні пра запазычанасьць і пра крэдыты відавочна былі ўвязаныя з пытаньнем прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў расейскімі кампаніямі. Мне падаецца, што Масква пераацаніла ступень эканамічнага крызісу ў Беларусі і гатоўнасьць беларускага кіраўніка да сур''ёзных саступак у пытаньні прыватызацыі. Гэта, магчыма, галоўная прычына цяперашняга крызісу”.

• Скарачэньня паставак газу ў Беларусь яшчэ можна пазьбегчы, 1.08.2007 • На расейскі газ Лукашэнка пазычыць у Чавэса, 1.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG