Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты ўзяліся за беларускую арфаграфію і пунктуацыю


Севярын Квяткоўскі, Менск Рабочая група пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе на чале з Уладзімерам Здановічам правяла паседжаньне ў справе падрыхтоўкі праекту закону “Аб беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” да першага чытаньня. Справа вядзецца ня першы месяц. Мяркуецца, што законапраект будзе разгледжаны ўвосень у часе чарговай сэсіі. Якія новыя зьмены ў арфаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы прапанавала рабочая група і як зьмены адаб’юцца на працы беларускіх СМІ?

Уладзімер Здановіч распавядае пра зьмены, якія прынята прапанаваць на зацьвярджэньне дэпутатаў:

“Два новыя моманты. Мы прапаноўвалі ўсе пасады пісаць зь вялікай літары. І ўсё-ткі вырашылі так падаваць назвы пасад вышэйшых асоб, назвы вышэйшых устаноў дзяржавы, прапісаныя ў Канстытуцыі. Паступіла прапанова, і яна падтрымана большасьцю ўдзельнікаў працоўнай групы, пісаць “дзяржаўны герб, “дзяржаўны сьцяг” і “дзяржаўны гімн” Рэспублікі Беларусь зь вялікай літары.”

Апроч кіраўніка дзяржавы, да вышэйшых службовых пасад краіны адносяцца такія, як старшыня рады міністраў, вярхоўны судзьдзя, старшыня Палаты прадстаўнікоў.

Некаторыя прадстаўнікі грамадзкасьці выказваюць засьцярогу, што прыняцьце закону “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” закране выданьні, якія выходзяць клясычным правапісам -- “тарашкевіцай”. Гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

“Яны хочуць узяцца за перасьлед людзей, якія карыстаюца клясычным правапісам. Не выпадкова яны зьбіраюцца праз гэты дакумэнт узаконіць штрафы. Мяркую, яны могуць узяцца ня толькі за друкаваную прадукцыю, але за інтэрнэт”.

Уладзімер Здановіч запэўнівае, што гаворкі пра перасьлед няма:

“Гэта ж не закон аб пакараньні за парушэньні правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Гэта закон пра беларускі правапіс. У ім не фігуруюць ані захады пакараньня, ані штрафныя санкцыі ці зьмяшчэньне за краты -- крый Божа. Гэта закон пра беларускі правапіс”.

Карэспандэнт: “Нейкая газэта сёньня выходзіць тарашкевіцай. Прымаецца закон. Што зьмяняецца ў працы гэтай газэты?”

Здановіч: “Калі яна будзе друкаваць пастанову ўраду, цытаваць пастанову ўраду, друкаваць найменьні пасад вышэйшых службовых асоб і г.д., яна павінна карыстацца правіламі, якія будуць прынятыя ў форме закону. Калі газэта друкуе свае артыкулы, -- то й калі ласка. На мой погляд, ніхто аніякіх перашкод чыніць ня будзе”.

31 ліпеня было прынята рашэньне разьмясьціць законапраект для грамадзкага абмеркаваньня на сайце Міністэрства адукацыі.

Прыняцьцё законапраекту аб правілах беларускай арфаграфіі не павінна быць паспешным

Абмеркаваць з грамадзкасьцю праект закону аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG