Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея чакае больш прарасейскага прэм’ера ў Беларусі?


Алесь Дашчынскі, Менск Учорашнія перамовы паміж кіраўнікамі ўрадаў Беларусі і Расеі Сяргеем Сідорскім і Міхаілам Фрадковым скончыліся нічым. Афіцыйны Менск ня здолеў дамагчыся ад Расеі льготнага крэдыту на 1,5 мільярда даляраў.

На мінулым тыдні бакам не ўдалося дамовіцца з “Газпромам” пра рэструктурызацыю запазычанасьці на карпаратыўным узроўні. Паводле газэты “КоммерсантЪ”, “Аляксандар Лукашэнка яўна расцаніў прапанову “Газпрому” выдаць камэрцыйны крэдыт на аплату запазык за газ праз “Газпромбанк” і “Белгазпрамбанк” пад 12 працэнтаў гадавых як занадта дарагую”.

Можна атрымаць больш танны крэдыт – з расейскага бюджэту. Аднак і тут ніякіх ільготаў ня будзе. Паводле расейскай газэты, кіраўніцтва Расеі паказала, што хоча весьці перамовы з іншым прэм’ерам Беларусі, больш прарасейскім.

Ці пагражае ў такіх варунках Сяргею Сідорскаму адстаўка?

Расейскі дэпутат Канстанцін Затулін кажа, што палітычныя разьмежаваньні эліт Беларусі і Расеі ды іх кіраўнікоў захоўваюцца. А лёс Сідорскага ў руках Аляксандра Лукашэнкі:

“Мяркуючы з усяго, ён – прыхільнік такіх мэтадаў, каб пэрыядычна, наагул незалежна ні ад якіх вынікаў, але неадкладна знаходзіць “стрэлачнікаў” і ўчыняць ператрасаньне ўраду. Таму зусім магчыма, што Сідорскі можа тут патрапіць пад раздачу. А можа й не патрапіць. Гэта залежыць ад таго, якія пляны адносна Сідорскага ёсьць у Лукашэнкі: каго ён сёньня прымае за ахвярнае ягнё”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка сказаў:

“Наагул для Расеі, зь ейным патэнцыялам, выбіраць, які прэм’ер будзе гаварыць ад 10-мільённай краіны – гэта, канечне, цікава. Я думаю, праблема, у пэўнай ступені, можа быць, віртуальная ці ня надта сур’ёзная. Хаця, канечне, фэйс-кантроль нашы прэм’ер і віцэ-прэм’еры не праходзяць. І яны далёка адрозьніваюцца па ай-кью ад расейскіх міністраў. Пытаньне не ў асобах. Сідорскага паслалі, як у казцы, – зімой па сьвежыя клубніцы. Уласна кажучы, Сідорскі ці Мандорскі – ад гэтага ў Беларусі нічога не мяняецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG