Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турма за віншавальныя паштоўкі


Любоў Лунёва, Менск У Менску працягваюцца арышты моладзевых актывістаў. Суд Ленінскага раёну Менску арыштаваў актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яраслава Грышчэню на 15 сутак. Яраслава затрымалі 27 ліпеня на падыходах да плошчы Незалежнасьці. Хлопца абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы. Моладзевага актывіста партыі БНФ Франака Вячорку пакаралі арыштам на 7 сутак у судзе Заводзкага раёну Менску. Франака абвінавацілі ў распаўсюдзе ўлётак.

Першым у суд Ленінскага раёну Менску міліцыянты прывезьлі актывіста “Маладога фронту” Яраслава Грышчэню. Яраслаў, кіраўнік Баранавіцкай філіі “Маладога фронту”, абвінавачаны ў крымінальнай справе, распачатай КДБ, за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Яраслава затрымалі 27 ліпеня. У судзе ён распавёў пра абставіны затрыманьня:

“Падышоў да шапіка. Вырашыў набыць квасу, бо было сьпякотна. Але было толькі піва, і я вырашыў нічога ня браць. Тут да мяне падыходзяць двое такіх... моцных ілбоў. Кажуць: ідзі адсюль, а то мы цябе зараз паб’ем. Ну, я й пайшоў. Яны – за мной. Потым чую зь іхных рацый: “Давайце бярыце яго. Гэта той яшчэ адмарозак!” Яны мяне схапілі і зацягнулі ў аўтобус”.
”Умовы, у якіх там трымаюць людзей, немагчымыя.”
Яраслаў упершыню патрапіў у турму на вуліцу Акрэсьціна. Сваімі ўражаньнямі ён падзяліўся з Радыё Свабода:

“Умовы, у якіх там трымаюць людзей, немагчымыя. Камэра на трэцім паверсе, дзе я сядзеў... Увесь час скразьняк, вакна фактычна няма, паўсюль краты. І дзірка ў дзьвярах, адкуль дзьме і дзьме паветра. Што такое санітарныя нормы, там ніхто ня ведае”. Яраслаў Грышчэня, 30.07.2007. Яраслаў Грышчэня Яраслаў Грышчэня

Суд арыштаваў Яраслава Грышчэню на 15 сутак.

Тым часам у судзе Заводзкага раёну пачалі судзіць Франака Вячорку. Судзьдзя Кацярына Раманава папрасіла яго паведаміць, дзе ён узяў 10 віншавальных улётак зь Днём Незалежнасьці. Яна асобна выказала абурэньне адной паштоўкай з надпісам: “Далі памёр, а сюр працягваецца”. Судзьдзя дакарала хлопца: маўляў, ня кожны малады чалавек мае ў заплечніку тое, што знайшлі ў Франака. І пералічыла пры гэтым кніжкі, сшытак, газэту “Вольная думка”, віншавальныя ўлёткі ды паштоўку.

Франак Вячорка, як і Ярак Грышчэня, упершыню будзе адбываць арышт у турме. Франак Вячорка, 30.07.2007. Франак Вячорка Франак Вячорка

Ён пасьпеў сказаць некалькі слоў “Свабодзе”:

“Я думаю, што, спрабуючы задушыць пратэстны настрой, яны выклікаюць яшчэ большую нянавісьць. На гэта ўплывае й стаўленьне з боку міліцыянтаў, хлусьня тых амонаўцаў ці міліцыянтаў, якія складаюць і перарабляюць пратаколы, згодна з рашэньнем зьверху. Усё гэта, наадварот, правакуе мяне на яшчэ большую нянавісьць і жаданьне працаваць яшчэ больш і яшчэ лепш”.

На судзе прысутнічалі бацькі Франака. Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка так пракамэнтаваў штодзённыя арышты:
“Спрабуючы задушыць пратэстны настрой, яны выклікаюць яшчэ большую нянавісьць.”
“На абсалютна бяскрыўдную і ня масавую акцыю робіцца зьверская мабілізацыя. Па-першае, гэта жаданьне выслужыцца любога старога ці новага сілавога начальства. Другое, гэта сьведчыць пра панічны страх Лукашэнкі страціць кантроль хоць над калівам, хоць над мілімэтрам беларускай тэрыторыі. Па-трэцяе, хаця можа быць гэта й не апошняе, нежаданьне дзяліцца манаполіяй на тлумачэньне слова “сувэрэнітэт”. Яго мае права тлумачыць толькі Лукашэнка праз генералісімускія мундзіры, праз савецкае сьвяткаваньне 3 ліпеня, праз выпустошваньне сапраўднага зьместу паняцьця незалежнасьць”. Вінцук Вячорка, 30.07.2007. Вінцук Вячорка Вінцук Вячорка

Франак Вячорка і Яраслаў Грышчэня папоўнілі сьпіс арыштаваных моладзевых актывістаў. Разам зь імі ў турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца Павал Севярынец, Аляксей Шэін, Аляксандар Чарнышоў, Валянцін Сакалоўскі ды іншыя.

Амбасадары ЗША і краінаў Эўразьвязу назвалі арышты прэвэнтыўнымі, кваліфікуючы адбыванае як парушэньне правоў чалавека.

• Сёньня судзяць актывістаў моладзевага руху, 30.07.2007 • Актывіст трапіў у шпіталь праз атручэньне турэмнай ежай на Акрэсьціна, 28.07.2007 • Дзень незалежнасьці ў Менску: хроніка падзеяў, 27.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG