Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мая Беларусь”: “У адлюстраваньнях Радзімы ўсё больш ды больш Сьвятла ідзе ад жанчыны з фатакамэрай”


Радыё Свабода З аглядам 10-га фататыдня – вядучы Валер Дранчук. Ад серады да серады: 19 – 25 ліпеня.

УДЗЕЛЬНІКІ:

Тацяна Аляксеева Віталь Бразоўскі Тацяна Мірановіч Раман Лаеўскі Алена Лютко Арсень Пахомаў Сяргей Пялеса Алеся Сідлярэвіч Ганна Сырэль Кастусь Сырэль Яна Паўлюкавец Slava Zorna


ПЕРАМОЖЦЫ ПАПЯРЭДНІХ 9 ТЫДНЯЎ

1 тыдзень: Кася Штырліц, Алесь Асіпенка, Аляксандар Кушнер 2 тыдзень: Аляксей Ажынскі, Людміла Пракопава, InSomnia 3 тыдзень: Юры Калбасіч, Сяржук Гудзілін, Уладзімер Урбановіч, Людміла Вітушкава 4 тыдзень: Кася Шумская, Slava, Аксана Лунінец 5 тыдзень: Вадзім Цітоў, Дзяніс Федарэнка, Валеры Казюмінскі 6 тыдзень: Дзьмітры Зяньковіч, Алеся Сідлярэвіч, Тацяна Мірановіч 7 тыдзень: Віталь Бразоўскі, Паліна Грынчанка, Вадзім Гайдалёнак 8 тыдзень: Ева Гілевіч, Minka, Сяргей Міхальчук 9 тыдзень: Уладзімер Ткачэнка, Сяргей Пялеса, Валярына (Валерыя Кустава)

Да ўвагі пераможцаў і ўдзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”

Хто не даслаў свае паштовыя адрасы, просім даслаць або скантактавацца з прыёмнай Менскага бюро “Свабоды” для ўдакладненьня стасункаў, тэлефон 280 35 24 (Юлія Цімафеева). Дзякуй за клопат.

Сёньняшнія рубрыкі:

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ ЗДЫМАК ТЫДНЯ ЛІСТАВАНЬНЕ

АГЛЯД ФАТАСКРЫНІ

Маю прыемнае назіраньне: дыгітальную фатаздымку ўпэўнена і эфэктыўна асвойвае цудоўная палавіна. Пра гэта яскрава сьведчыць і склад удзельнікаў фатаконкурсу “Мая Беларусь”, ня менш яскрава – сьпіс пераможцаў. Ці ёсьць фэномэнам жаночая фатаграфія, як, скажам, жаночая паэзія ці літаратура? Мяркую, што так. “Вышыўка крыжыкам” досыць імкліва саступае лічбавай фатаздымцы з мноствам асаблівасьцяў, блізкіх да індывідуальнай творчасьці з характэрнымі тэмамі і сюжэтамі. Вось некалькі імёнаў з нашых старонак, якія, спадзяюся, запомніліся наведнікам сайту: Кася Шумская, Ева Гілевіч, Валерыя Кустава, InSomnia, Zorna, Паліна Грынчанка. А сёньня, пасьля дэбюту на мінулым тыдні (бел-чырвона-белы сьцяг на будынку праспэкта Скарыны), – Тацяна Аляксеева з пошукам свайго кадру на вуліцах Менску, Ганна Сырэль з бліскавічнай галінкай над Віцебскам, Алена Лютко з высьненымі краявідамі роднай Нясьвіжчыны, “вайдалётка Лошыцкага парку” Тацяна Мірановіч ды іншыя, хто ўжо стартаваў на нашых старонках.

Нас чакае таксама фотавандроўка да чароўнай рачулкі ў Чавускім раёне, дзе вёска Доўгі Мох і поплаў Дзедаў Беражок, – вэрнісаж Рамана Лаеўскага; спатканьне з пчоламі – чарговы фатаўзятак нястомнага Славы; краязнаўчая экспэдыцыя ў Кобрыньскі раён – з дасланага Сяргеям Пялесам ды ранішні мікрасьвет на ўшацкай лугавіне – здымаў звычайнай, але добра накляпанай касой Кастусь Сырэль.

Жаночая фатаграфія? Варта глядзець!

(с) Тацяна Аляксеева Вуліца Леніна, адлюстраваная ў сонечных акулярах. Менск

(с) Тацяна Аляксеева Аляксандраўскі сквэр, фантан “Хлопчык зь лебедзем”.

“Адно з улюбёных месцаў моладзі, – камэнтуе Тацяна. – І да ўладаў блізка, і да БРСМ, калі раптам захочацца, і Купалаўскі тэатар са спэктаклем “Сымон-музыка”. Словам, выгодны цэнтар. Вось толькі бібліятэка цяпер далёка. Затое грамадзкая прыбіральня ў выглядзе міні-сядзібы па-ранейшаму побач, там, дзе й была”.

(с) Тацяна Аляксеева Фантан і скульптурная кампазыцыя ў сквэры Янкі Купалы, Менск

(с) Тацяна Аляксеева Ода

(с) Тацяна Аляксеева Брама ў Цэнтральны дзіцячы парк, Менск

“Пяціканцовыя зоркі ў Менску паўсюль...”

(с) Тацяна Аляксеева Зялёная арфа ля філярмоніі, Менск

(с) Тацяна Аляксеева Горад новага пакаленьня. Парастак скрозь асфальт

Чарговы ліст ад Ганны Сырэль з Ушачаў. Два здымкі і спроба паяднаць іх радком Натальлі Арсеньневай зь верша “Магутны Божа”: “Праменьні Яго хвалы...” і гневу. Нагадаю, што Ганна дэбютавала здымкамі беларускага палявога цуду – кветак лёну ў палетках Аршаншчыны.

(с) Ганна Сырэль “Праменьні Яго хвалы...”, Ушацкі раён

(с) Ганна Сырэль ...і гневу. Маланка над мікрараёнам у Віцебску

Алена Лютко, аўтарка публікацыі “Сэрца дажджоў” (восьмы тыдзень), сёньня прапануе невялікую падборку зь нясьвіскіх улоньняў.

Характэрна (і ня менш актуальна), што гэта ня горад зь вежамі замка ды Слуцкай брамай, а ягоныя ваколіцы зь летапісам травы, дрэў, хутароў і пагоркаў, якія трэба захаваць з той жа стараннасьцю, што і астатнюю архітэктурна-сядзібную спадчыну Радзівілаў.

(с) Алена Лютко Мой зь дзяцінства ўлюбёны краявід

(с) Алена Лютко Студня

“Незвычайна глыбокі калодзеж (болей за 20 мэтраў) зь незвычайна халоднай і смачнай вадой”, – сьведчыць Алена.

(с) Алена Лютко Духмяны пагорак

"На гэтым пагорку растуць самыя духмяныя травы і кветкі. Асабліва добра яны пахнуць увечары. Якраз на зьмярканьні і зьняты гэты кадр”.

(с) Алена Лютко Хутар Асмолава. Хата

“Хата на хутары Асмолава – адным з апошніх "жывых" хутароў”.

(с) Алена Лютко Прасёлак, шлях, пуцявіна...

“Дарога ў палёх зьвязала вёскі і хутары. Шмат каго яна вывела ў шырокі сьвет”.

Фатасэрыя ад Тацяны Мірановіч пачынаецца зь незвычайнага сямейнага здымка.

(с) Тацяна Мірановіч Сам-насам з Богам. Мая маладая матуля

Чытаем ліст:

“Свабода ад пачатку цікавілася старымі фота, магчыма, з прыватных архіваў. Я паглядзела наш сямейны альбом. Мяркую, вось такі здымак, поўны веры і пачуцьця, – гэта мая матуля 30 гадоў таму. Маладая, чыстая, сьветлая, пяшчотная, сьціплая, адкрытая жыцьцю... На жаль, якасьць здымка далёкая ад сучасных стандартаў, затое сьвятло ў ім незвычайнае. Калі б Беларусь мела вобраз чалавека, яна выглядала б прыкладна так, як мая маладая матуля на гэтым здымку.

Астатняе – мае апошнія здымкі”.

(с) Тацяна Мірановіч О Беларусь – мая шыпшына...

(с) Тацяна Мірановіч Напамінак аб продках

“Цікавы фэномэн: каля Маскоўскага аўтавакзалу, ля абсэрваторыі (бачна на здымку) стаіць самотны надмагільны помнік, у добрым стане, і больш нічога, што нагадвала б там пра могілкі...”

(с) Тацяна Мірановіч Пачатак сьвету

“Здымак з археалягічнай экспэдыцыі, – камэнтуе Тацяна. Яна студэнтка, будучы гісторык. – Гэта за Менскам, ля вёскі Жукаўка. Вялікі камень-валун, амаль зь мяне памерам, ля групы курганоў. Напэўна, з такіх валуноў – каменных яек – нараджаліся мітычныя веліканы-асілкі”.

(с) Тацяна Мірановіч Далей -- няма куды

“А гэта, – піша Тацяна, – вынік нашай сьвядомасьці, арганізацыі грамадзтва: жудаснае запусьценьне і занядбаньне ваколіцаў. Далей – куды ж? Прыехалі...”

Сьвет вакол нас

Пачну з “Басовішча”: удалы – вясёлкава яркі, поўны сьвятла і духу – здымак ад Ганны Сырэль.

(с) Ганна Сырэль Акорды “Басовішча”

(с) Алеся Сідлярэвіч “Выходжу замуж...” Вянчаньне ў Полацкай царкве (на жаль, не Сафійцы, бо яна была занятая пад мерапрыемствы на Дзень горада)

“Маю ўвагу, – камэнтуе далей Алеся, – прыцягнуў засяроджаны, трошкі сумны і нават дзесьці прагны позірк маладой (дарэчы, маёй сяброўкі), зь якім яна глядзіць на свой шлюбны пярсьцёнак. Магчыма, так бывае заўсёды, але ў гэтым позірку я бачу сэнс здымка, які я назвала б спробай псыхалягічнага партрэта”.

Нагадаем, дэбют Алесі – здымак “Мой гаротны стомлены дзед” – прынёс ёй посьпех і перамогу на 6-ым конкурсным тыдні.

(с) Арсень Пахомаў Каля Петрапаўлаўскай царквы ў Менску

(с) Арсень Пахомаў Агністая гарэзьніца. У гарадзкім сквэры

Фатаўзяткам сьвятла на пчаліную тэму дзеліцца Слава – наш нястомны аўтар з Магілеву. Тэма пчалы на гэтым ня скончыцца, калі нашы ўдзельнікі захочуць яе прадоўжыць. Дашліце цікавыя здымкі пчальнікоў, асабліва борцяў (калодаў), дзе яны захаваліся, бортнага інвэнтару, людзей, аддадзеных справе самабытнага культурнага пчалярства, і г.д.

(с) Slava На пасецы. Пад гудзеньне пчалінага рою

(с) Slava На пасецы. Пчаліны рой

(с) Slava На пасецы. Свой вулей. Каля лятка

Два здымкі ад Яны Паўлюкавец, якая зь першага тыдня глядзіць наш конкурс, але ўзяць удзел наважылася толькі зараз. “Мае сюжэты, – піша яна, – дзеля жарту і ўсьмешкі. Вясёлка магла б нарадзіцца над касьцёлам, як на здымку ў аднаго з удзельнікаў конкурсу, а яна нарадзілася над непрыгожым спальным раёнам – радзіму не выбіраюць. Фантан у летніку: дзе яшчэ адзін хлопчык? Кажуць, зьбег ад сораму”.

(с) Яна Паўлюкавец Вясёлка над “спальным” раёнам

(с) Яна Паўлюкавец Фантан у летніку

Прывітаньне ад Zorny, сталай удзельніцы фатаконкурсу, якая гэтым разам дзеліцца цікавым фактам.

(с) Sorna Дзяўчынка Карынхен выхоўваецца на беларускай і нямецкай мовах. Маці Марына працуе выкладчыцай нямецкай. Менск

Іншая – мінорная – нота ў наступным, “дзіцячым” і зусім не дзіцячым, сюжэце Віталя Бразоўскага.

(с) Віталь Бразоўскі Дзіцячы садок у Варапаеве Віцебскай вобласьці

“Пабудаваны ў 1980-я, калісьці ён быў гонарам мястэчка, – прыгадвае аўтар здымка, ён жа колішні тутэйшы выхаванец. – Пяць вялізных карпусоў, два паверхі. Дзеці й бацькі маглі толькі радавацца. Але настаў час, калі ў падшэфных арганізацый скончыліся ці то грошы, ці то дровы, ці то энтузіязм, і новы дзіцячы сад зачынілі. Са сьценаў будынка крышыцца цэгла, наўкол пануе запусьценьне, па цагляным друзе блукаюць дзеці”.

І Доўгі Мох, і Дзедаў Беражок

Цікавы ліст і добрая заяўка на ўдзел у фатаконкурсе ад Рамана Лаеўскага з Магілеву.

“Дасылаю колькі сваіх фота, прысьвечаных вёсцы Доўгі Мох з ракой Рэстай, што ў Чавускім раёне, – піша Раман. – Там жыла мая бабуля й адтуль родам мая маці. Дужа прыгожыя мясьціны – трапляеш нібы ў іншы сьвет, не зыначаны й не пакалечаны дарэшты “цывілізацыяй”. Мясьціна мае і надзвычай багатую мікратапаніміку. Назвы паплавоў, узгоркаў, урочышчаў, лясоў, балотаў – выразныя й самабытныя: Плаў, Лука, Панскі Падол, Рынак, Пляценьніца, Жадно (балота), Дзедаў Беражок ды шмат іншых. На жаль, носьбітаў гэтай мясцовай беларускай культуры апошнім часам засталося зусім няшмат, бадай што ўжо й не засталося... Памятаю калярытную гаворку сваёй бабулі, яе цікавыя расповеды, геніяльную памяць і добры гумар. Зараз пазастала такое "савецка-калхознае" пакаленьне, якое звыкла сьпіваецца, размаўляе на "веліком і могучем" расейскім маце і пераважна ў гэткім жа духу выхоўвае сваіх дзяцей. Ці захавае тапанімічную спадчыну пакаленьне, што сёньня тут падрастае або нараджаецца? Ёсьць вялікае сумненьне. Таму ў мяне ўзьнікла ідэя зрабіць фотаальбом, прысьвечаны вёсцы з назовамі адлюстраваных мясьцінаў”.

Шаноўны Раман! Ідэя Ваша цудоўная. І самае галоўнае, што Вы ўжо пачалі яе ажыцьцяўляць, трымаючыся маляўнічых берагоў неглыбокай знаёмай рачулкі. Праўда, тапанімічны вузельчык завязаўся ўжо тут, Вы называеце рэчку Рэстай. А Беларуская энцыкляпэдыя (1971) падае чамусьці Раста (Гута). Яшчэ адна крыніца – Блакітная кніга Беларусі (1994) – называе Вашу рачулку Рэктай. Паспрабуйце, Раман, спраўдзіць імя, прыгадаць, якой назвай карысталася Ваша бабуля. Дзякуй за здымкі, чакаем новых.

(с) Раман Лаеўскі Рэчка Рэста (Раста, Рэкта? – В.Д.) каля вёскі Доўгі Мох, Чавускі раён

(с) Раман Лаеўскі Поплаў каля вёскі Доўгі Мох, Чавускі раён

(с) Раман Лаеўскі Старая дарога да вёскі Доўгі Мох

(с) Раман Лаеўскі Выйсьце на Плаў, адзін з паплавоў Рэсты. Побач, пад гарой, булькоча вада, і ад лёгкага ўскрыку разьлягаецца рэха. Вёска Доўгі Мох, Чавускі раён

(с) Раман Лаеўскі Стары забыты мост праз рэчку Рэсту. Вёска Доўгі Мох, Чавускі раён

(с) Раман Лаеўскі Непаўторная плынь рэчкі Рэсты. Вёска Доўгі Мох, Чавускі раён

Краязнаўчым маршрутам Сяргея Пялесы

Аўтар наступнай сэрыі – Сяргей Пялеса, які на мінулым тыдні атрымаў прыз за напатканую фатаўдачу – дрэва і крыж “вырасьлі” ў адзін надмагільны помнік. Сяргей гэтым разам прапануе краязнаўчы маршрут пуцявінамі Кобрынскага раёну, што на Берасьцейшчыне.

(с) Сяргей Пялеса Петрапаўлаўская царква ў Кобрыні перад сьвятам Св. Пятра і Паўла і візытам біскупа берасьцейскага й кобрынскага. Збудаваная у 1912 на месцы больш старажытнага храма. Ліпень 2007

(с) Сяргей Пялеса Міхайлаўская царква ў вёсцы Яромічы, 1784, Кобрынскі раён

“Цікава, што царкву абступае лес і няма ніякай магчымасьці зрабіць здымак-панараму”.

(с) Сяргей Пялеса Надмагільны камень на старых габрэйскіх кладах, Кобрын

“Могілкі займаюць даволі вялікую плошчу, і стан іх занядбаны. Мясцовыя жыхары пасьвяць тут козаў ды спакваля закідваюць сьмецьцем. Тым часам захавалася ня менш як 50 надмагільных камянёў”.

(с) Сяргей Пялеса Відок на раку Мухавец

“Ад Берасьця Мухавец зьяўляецца судаходным і праз Дняпроўска-Бугскі (Каралеўскі) канал злучаецца з воднай сыстэмай Дняпра. На другім пляне відаць царква эвангельскіх хрысціян-баптыстаў”.

(с) Сяргей Пялеса Былы аэрадром пакінутай авіябазы пасьля захаду сонца

“Засталіся два дрэвы... – камэнтуе Сяргей. – Пасьля расфармаваньня авіябазы колькі гадоў таму – упершыню за апошнія амаль 100 гадоў – у Кобрыні няма войска”.

(с) Сяргей Пялеса Безыменнае возера, што паўстала ў даліне Мухаўца (у межах Кобрына) недалёка ад былой вайсковай базы

(с) Сяргей Пялеса Гарманістка на сьвяце 720-годзьдзя Кобрына 21 ліпеня 2007

“Сьвята горада ці – генэральная рэпэтыцыя "Дажынак"? Адна з папулярных тэмаў сярод кабрынчанаў – ці праўда, што ўлады плянуюць правесьці тут сёлетнія "Дажынкі".

Вэрнісаж на ўшацкай лугавіне (здымаў звычайнай, але добра накляпанай касой Кастусь Сырэль)

Спадар Сырэль піша, зьвяртаючыся да наведнікаў сайту і ўдзельнікаў фатаконкурсу: “Уставайце з ложку на сьвітанку!.. Падымаесься, бярэш у рукі касу ды йдзеш на луг, што мэтраў за сто ад твайго лецішча. Там... кідаеш касу ў набрынялую густой расой высокую траву, вяртаесься, бярэш свой Canon-520, зноў ідзеш на луг. І вось што атрымліваецца...”

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Сьвітанак 1

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Сьвітанак 2

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Сьвітанак 3

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Зялёныя дыямэнты

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Туман

(с) Кастусь Сырэль Ушацкая лугавінка. Трава і краскі

ЗДЫМАК ТЫДНЯ

Бліскавіца над мікрараёнам у Віцебску (прыз – радыёпрымач)

Гэта першая злоўленая маланка ў нашых конкурсных старонках. Здымак выразны, ёсьць магчымасьць прачытаць канкрэтны гарадзкі краявід, запэўніцца ў тутэйшасьці навальнічнай экзотыкі. Бадай, мы маем той выпадак, калі цікава пачуць досьвед аўтара, як, пры якіх абставінах удалося здабыць кадр, што спрыяла або замінала, урэшце, якая была матывацыя паляваньня на бліскавіцу. Спадзяёмся, Ганна, Вы распавядзеце пра гэта ў рубрыцы “Эсэ ад пераможцы” (прынагодна зьвяртаюся да ўсіх пераможцаў: дашліце і Вы колькі слоў пра сваю ўдачу).

Вага адзначанай публікацыі Ганны значна падвышана яшчэ адным яе сёньняшнім, ня менш бліскавічным здымкам – “Акорды “Басовішча”. На мой погляд, кожны зь іх варты ўзнагароды. Мае віншаваньні.

Сэрыя краявідаў Алены Лютко (прыз – радыёпрымач)

У сёньняшняй сваёй публікацыі (гл. вышэй) Алена паказала свае лепшыя краявіды. Сэрыя вызначаецца добрай падачай і спалучэньнем плянаў, выяўленчымі акцэнтамі, трапнымі актуальнымі словамі ў подпісах. У працах адчуваецца краязнаўча-мастацкі густ, калі тое, што любіш і носіш у сэрцы, набывае плястычную выразнасьць. Менавіта гэтыя якасьці кампэнсуюць пэўны тэхнічны недабор у фатаздымках Алены. Я хачу падкрэсьліць, што аўтарка выглядае лепшай менавіта ў намінацыі “Краявіды”, разам з тым актуальна і тое, што гэта краявіды Нясьвіжчыны. Я мушу паўтарыцца: так, гэта ня горад Нясьвіж зь вежамі замка ды Слуцкай брамай, а ягоныя ваколіцы зь летапісам травы, дрэў, хутароў, пахам пагоркаў. Іх трэба захаваць з той жа стараннасьцю, што і астатнюю архітэктурна-сядзібную спадчыну Радзівілаў. Посьпехаў, Тацяна!

(с) Алена Лютко Мой зь дзяцінства ўлюбёны краявід

Вызначыць трэцяга пераможцу (бліжэй, намінацыі “Падзеі, людзі, сытуацыі – сьвет навокал, актуальныя здымкі”) належала з трох прэтэндэнтаў: Тацяна Аляксеева (Вуліца, адлюстраваная ў сонечных акулярах, гл. вышэй), Арсень Пахомаў (Ля Петрапаўлаўскай царквы ў Менску, гл. вышэй), Zornа (У батанічным садзе. Выпас трактароў). Перавага аддадзена апошняму здымку як найбольш актуальнаму што да праблемы няшкоднага пражываньня чалавека ў сучасным горадзе. Дасьціпная трапная назва пад здымкам і месца ціхага “канфлікту” паміж чалавекам і тэхнічным прагрэсам надаюць сюжэту вагі й красамоўнасьці. Варта дадаць, што імя аўтаркі зьяўлялася ў нашых старонках даволі часта, кожным разам ствараючы атмасфэру творчага спаборніцтва сярод удзельнікаў конкурсу. Віншую, Zornа!

У Батанічным садзе. Выпас трактароў (прыз – радыёпрымач)

(с) Zornа Выпас трактароў. Батанічны сад, Менск

ЛІСТАВАНЬНЕ Уладзімеру Сяргееву. Атрымалі. Цудоўна. Праз тыдзень убачымся. Астатнім, хто дасылаў. Абавязкова ўбачымся.

З пажаданьнем пераможнага сьвятла ў Вашых сэрцах і камэрах, Валер Дранчук

Ад вэб-рэдактара. Просьба да ўдзельнікаў конкурсу дасылаць фатаздымкі з наступнымі парамэтрамі: гарызантальныя – шырыня 500 max 600 піксэлаў, вэртыкальныя – вышыня max 500 піксэлаў. Таксама просьба захоўваць фатаздымкі ў якасьці Medium quality, памерам ня болей за 100 кілябайт. Загадзя ўдзячныя – гэта паскорыць апрацоўку здымкаў, іх выстаўленьне і загрузку.
XS
SM
MD
LG