Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на Свабодзе


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы Свабоды на мінулым тыдні.

Пра газавыя даўгі

Алег Ліско, Ліда: “Расея за апошнія гады атлусьцела ад нафтадаляраў, гэтыя грошы яна ўжо ня ведае куды падзець. Расейскія мільярдэры шалеюць ад нечуваных прыбыткаў, скупляюць выспы, яхты, вілы на марскіх узьбярэжжах самых дарагіх рэгіёнаў сьвету… І адначасова расейскі “Газпром” упарта намагаецца злупіць зь Беларусі няшчасныя 500 мільёнаў даляраў – доўг, які ўтварыўся пасьля нахабнага падвышэньня кошту на газ.

Вось чаго вартыя векавое сяброўства і франтавое братэрства. У сёньняшняй Расеі забылі пра братэрства славянаў, умеюць лічыць толькі даляры, а не пралітую на вайне кроў. Дык навошта нам такія сябры?

Лукашэнка праводзіць правільную палітыку. Газ у нас павінен каштаваць столькі ж, як у Расеі. Плацілі 55 даляраў – і будзем плаціць столькі ж, ні капейкі болей. І нічога яны з намі ня зробяць. Няхай лічаць даўгі, налічваюць пеню… Усё роўна гэтых грошай яны ніколі не дачакаюцца”.

Пра беларуска-расейскія дачыненьні

Вячаслаў Сухарэбскі, вёска Русіны Баранавіцкага раёну: “Расейская выведка і эканамісты-аналітыкі цудоўна адпрацавалі стратэгічныя пляны аншлюсу Беларусі, прадаючы танныя газ і нафту для прыгоннай эканамічнай сыстэмы Беларусі. Яны добра ведаюць, што несвабодная эканоміка ніколі ня будзе эфектыўнай, а таму пастаянна заахвочвалі беларуская кіраўніцтва да вядзеньня менавіта такой эканамічнай палітыкі. Адначасова некаторыя кіраўнікі на чале з Лукашэнкам спадзяваліся атрымаць высокія пасады ў Крамлі ў тым выпадку, калі здадуць Беларусь Расеі. Але ў гэтым Масква ім адмовіла. Тады беларускія манкурты пераапрануліся ў шчырых патрыётаў і пачалі нападаць на расейскае кіраўніцтва. У адказ Расея падвысіла цэны на нафту і газ, запатрабавала сабе газавыя трубы, абмежавала продаж беларускага цукру ды іншых тавараў на сваім рынку. І цяпер вядзе палітыку эканамічнага ўдушэньня Беларусі, накінуўшы нафтавую і газавую пятлю. Ды яшчэ хоча дабавіць і атамную пятлю, прапануючы пабудаваць АЭС. Вось такія расейскія пляны зрабіць “кранты” беларускай эканоміцы, а адначасова і беларускай дзяржаўнасьці”.

Пра эканамічныя санкцыі Эўразьвязу

Галіна Александровіч, Магілёў: “Улады цяпер наракаюць на тое, што ў выніку Эўразьвяз пакараў народ Беларусі, простых людзей, на якіх найперш адаб’юцца наступствы санкцыяў. Абуральна, што пры гэтым беларусам не расказваюць пра тое, чаму сталі магчымыя гэтыя санкцыі, і як доўга Эўразьвяз спрабаваў угаварыць беларускіх начальнікаў не парушаць правы незалежных прафсаюзаў.

Думаю, гэта праблема ў многім залежыць ад прэм’ера Сідорскага. Калі яго сапраўды турбуе лёс простага рабочага люду, дык ён павінен у гэтым пытаньні ўвайсьці ў канфлікт з прэзыдэнтам Лукашэнкам. Бо Лукашэнка цудоўна ведае, як можна вярнуць прэфэрэнцыі”.

Пра беларускіх палітуцекачоў

Яўген Мурашка, Нямеччына: “За чатыры гады, як мы заснавалі Зьвяз беларусаў Нямеччыны, ніводная інфармацыя, якую дасылалі на ваша радыё і на іншыя сайты, нідзе не ўзгадвалася.

Складаецца ўражаньне, што мы, палітычныя ўцекачы, якія апынуліся ў Нямеччыне, для беларускага грамадства, так бы мовіць, “бяз зьвестак” згінулі. Кожны год, калі адзначаюць дзень ўцекачоў, на вашым сайце ўзгадваюцца толькі некаторыя прозьвішчы. А ў Нямеччыне ж, акрамя сем’яў Г.Карпенкі і Ю.Захаранкі, атрымалі палітычны прытулак сем’і Яўгена Мурашкі і Галіны Арцёменкі, Зьміцера Майсеенкі і Тацяны Пінчук, Ігара Закрэўскага, якія з-за сваёй палітычнай дзейнасьці вымушаны былі пакінуць Беларусь. І шмат яшчэ нашых суайчыньнікаў тут чакаюць вырашэньня свайго лёсу. Мы былі сябрамі БНФ, аднак наш лідэр В.Вячорка кіруючыся ў Брусель ці Страсбург, заўсёды транзытам мінае Нямеччыну. Канешне, сёньня мы яму ўжо не цікавыя.

У свой час мы былі запатрабаваныя ў Беларусі, калі нашым партыйным “лідарам” патрэбна было выконваць нейкую руцінную працу. І тым ня менш, мы і тут робім і будзем рабіць, можа, і непрыкметную, аднак усё ж працу на карысьць нашай Бацькаўшчыны”.

Пра русыфікацыю грамадзкага жыцьця

Юрась Навіцкі, Менск: “Выявілася, што выдаць мне, беларусу, пасьведчаньне на мове тытульнай нацыі, ды што там – на першай дзяржаўнай мове! --... “НЕЛЬЗЯ”. Дарэчы, роднай мовы я ў ДАІ ўвогуле не пачуў: баяцца яны яе, як чорт ладана. Ветліва пацікавіўся, які ж гэта дакумэнт дазваляе парушаць Асноўны закон – Канстытуцыю? Спаслаліся на пастанову Міністэрства ўнутраных спраў ад 15 чэрвеня мінулага году. Што гэта? Альбо сувораўскія нашчадкі абселі ня толькі Міністэрства абароны, але і МУС?

Давялося адмовіцца ад непрымальнага варыянту і зьвярнуцца да кіраўніка ДАІ, зь якім, да ягонага гонару, пашэнціла маланкава паразумецца наконт літары Закону. Праўда, каб атрымаць дакумэнт на роднай мове, давялося ахвяраваць яшчэ адным працоўным днём... За свае ж грошы яшчэ і пацягайся! Калі ўжо гэтае бязглузьдзе скончыцца? І ці пазбавяцца калі нашыя міністэрствы непісьменных дармаедаў?”.

Мікалай Куксо, Івянец Валожынскага раёну: “Улада на Беларусі сёньня нагадвае адміністрацыю Расейскай імпэрыі, якая кіравала калёніяй, што называлася “Северо-Западным краем”, дзе забаранялася ўсё беларускае, і нават назва нашай краіны. Цяпер у нас, напэўна, 99 працэнтаў чыноўнікаў размаўляе на мове былой метраполіі, а наша беларуская мова вынішчаецца самым дзікунскім чынам. Тых, хто размаўляе па-беларуску, лічаць не лаяльнымі да ўлады, ледзь ня ворагамі. Каланіяльны характар улады пацьвярджае і тое, што яна скасавала Дзень Незалежнасьці, які адзначаўся 27 ліпеня ў гонар абвяшчэньня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, і замяніла яго днём вызваленьня Менску ад нацыстаў.

Вельмі прыкра і сумна, што практычна мы маем статус калёніі, дзе вынішчаецца ўсё беларускае”.

Пра дзяржаўныя мэдыі

Віктар Баранаў, Рагачоў: “Доўга глядзець наша тэлебачаньне немагчыма: праз хвіліну ці дзьве даводзіцца выключаць тэлевізар. Суцэльная прапаганда ды ідэалягічная прамыўка мазгоў. Як ў савецкі час, калі рэчаіснасьць падавалася ў моцна прыхарошаным выглядзе. Бясконцыя ўслаўленьні рэжыму і ягоных дасягненьняў раздражняюць і злуюць.

Дзіўна, што ў наш час, на пачатку дваццаць першага стагодзьдзя, стала магчыма такое, калі адзін чалавек захапіў уладу ў краіне на нявызначана доўгі тэрмін. І прэса ніколі ня скажа ў голас, што кароль – голы. Яна аднагалосна падтрымлівае гаспадара. І ўжо больш за дзесяць год мы пакутуем з прычыны ўласнага глупства і недальнабачнасьці.

Калісьці Хрушчоў абяцаў за дваццаць год пабудаваць камунізм. Адчуваю, што ня менш за дваццаць год будзе заставацца пры ўладзе і Лукашэнка. Але камунізму мы не дачакаемся і ад яго. Як жылі ў галечы, так і будзем жыць”.

Пра Менск вачыма жыхара правінцыі

Кастусь Сырэль, Вушачы: “...Двор за крамай “Акіян”, што на перакрыжаваньні вуліцы Казлова і Прасьпекту. Лічы, самы цэнтр сталіцы – зусім побач плошча Перамогі. Між высокіх дрэў – вартае жалю падабенства дзіцячай пляцоўкі. Я гуляю з унукамі, адначасова назіраючы, што адбываецца навокал. У адной з пясочніц сядзяць... не, ня дзеці – двое мужчын. Паміж імі відаць бутэлька, нейкая закусь. Крыху далей – яшчэ адна кампанія: маладыя хлопец і дзяўчына; гэтыя нясьпешна п’юць піва, паляць. Неўзабаве двое мужчын падымаюцца і сыходзяць. Падыходжу да пясочніцы, у ёй – дзьве бутэлькі з-пад нейкага беспароднага пойла, якое жартаўнікі-вытворцы нахабна назвалі віном. Побач – два пустыя пакеты з пад чыпсаў, некалькі недакуркаў. Хутка пясочніцу займае яшчэ адна кампанія.

Мэтраў за трыццаць ад пясочніцы – з дзесятак кантэйнераў для сьмецьця. Да кантэйнераў падыходзіць бамжаватага выгляду мужчына, пачынае корпацца ў іх, выкідваючы з кантэйнераў непатрэбнае сабе пад ногі. Неўзабаве ён сыходзіць, а хвілін праз дзесяць ягонае месца заўмае такога ж выгляду жанчына. Сьмецьця вакол кантэйнераў большае.

Сталіца наша, ты ў гэтых недакурках выглядаеш, быццам Мона Ліза з цыгарэтай у вуснах!

Адкажыце мне, менчукі – хто так засьмечвае горад? Іншапланецяне? Ці, можа, крыважэрныя імпэрыялісты прысылаюць мяхі з недакуркамі ды іншым сьмецьцем, а апазыцыя начамі рассыпае іх па вуліцах і прасьпектах?

Няўжо гэта робіце вы, менчукі? Тады не забывайцеся: гэта – ня толькі ваша сталіца. Гэта – і мая сталіца, сталіца маіх дзяцей, маіх унукаў. Усе гэтыя сталінскія ампіры і сучасныя мадэрны, шыкоўныя лядовыя палацы і пампезныя нацыянальныя бібліятэкі вы маеце коштам занядбаньня маленькіх гарадоў ды мястэчкаў накшталт таго, у якім жыву я. Вы маеце ўсё – мы нічога. У нас нават тратуары жабрацкія: яны зроблены з рэшткаў разабраных сянажных вежаў.

Зьвяртаюся да цябе, ветэран, жыхар Менску. Магчыма, ты гніў у франтавым шпіталі побач з маім цяжкапараненым бацькам, выкалупваючы з-пад акрываўленых бінтоў тлустых белых чарвей. Магчыма, ты ваяваў разам з маім дзядзькам Федзем – адзіным маім родным дзядзькам, адзіным братам маёй нябожчыцы-маці, які зьнік бязь зьвестак у сорак пятым. Ты не баяўся фашысцкіх “Тыграў” ды “Пантэр” – дык прымусь зьесьці недакурак вунь таго бамбізу, які кінуў гэты недакурак на тратуар. Надзень усе свае ўзнагароды, ды разам з аднапалчанамі выйдзі, ды падмяці кавалак таго тратуару на вачах усёй сталіцы – няхай той бамбіза ды такія як ён ад сораму згараць, калі ў іх яшчэ ёсьць хоць кропля сораму.

Зьвяртаюся да цябе, малады мой сябра маладафронтавец. Арганізуй са сваімі сябрамі акцыю “Чысты горад”. Прыбярыце свой двор, сваю вуліцу, свой галоўны Прасьпект – хоць яго часьцінку. Можа, гледзячы на цябе, усе, хто засьмечвае тваю і маю сталіцу, задумаюцца”.

Пра працу Радыё Свабода

Спадарыня: “Вы распавядаеце пра нашы беларускія вёскі. Наша вёска жыве ў 18-19 стагодзьдзі, на жаль. І людзі нашы думаюць, што так і павінна: калодзежы брудныя, карова, 90-гадовая бабуля вымушана трымаць карову… А Вы раскажыце пра вёскі цывілізаваных краінаў – Нямеччыны, Францыі, Нарвэгіі, Ангельшчыны, Фінляндыі, Швэцыі, Даніі, каб бачылі нашы людзі, як можна жыць цывілізавана ў вёсцы”.

Віталь Аляксандравіч, Менск: “Я хацеў бы, каб ў Вашым эфіры была рубрыка “Калі б я быў прэзыдэнтам…”. Няхай бы людзі выказаліся на гэты конт, асабліва па кардынальных пытаньнях, як энэргетычная праблема, зьнешняя, унутраная палітыка. Асабліва хацелася б пачуць сустаршыняў апазыцыі: Мілінкевіча. Лябедзькі, Вячоркі. Ці ёсьць у іх што сказаць на гэты конт кардынальна? Менш крытыкі, а больш рэальных прапановаў, як бы яны выйшлі з такога становішча”.

Спадар: “Я часам слухаю Радыё Свабода, але тое, што кажуць пра Беларусь, пра прэзыдэнта і пра агульную сытуацыю ў краіне, – гэта нейкая дзіцячае лепятаньне. Хацелася б, каб у Вашых праграмах была такая рубрыка “Калі б я быў прэзыдэнтам”. Няхай бы апазыцыянэры, іх там 5-6 сустаршыняў, выступілі б з праграмай і расказалі б, што б яны зрабілі, калі б былі прэзыдэнтам ці прэм’ерам”.

Спадар: “Толькі праслухаў гурт… Нават не зразумеў. Як ён там называецца. І нават у сьпевах толькі два-тры словы зразумеў, а астатняе ўсё нейкае скавытаньне. Што гэта за музыка? Хто яму даў нейкае першае месца? Напэўна, толькі Ваша радыёстанцыя магла Вашаму гурту даць першае месца. Хіба гэта сьпевы і музыка? Адно скавытаньне”.

Спадарыня: “Занадта шмат праграмаў на Радыё Свабода прысьвячаюцца асобе дыктатара Беларусі. Ад такой вялікай увагі да сябе беларускі дыктатар толькі жыве і радуецца. Ён не пераймаецца, што пра яго кажуць дрэнна ці добра, для дыктатара галоўнае, што пра яго не забываюць, “кіраўніком дзяржавы,” “прэзыдэнтам” называюць. Такое ўражаньне, што Радыё Свабода таксама працуе на беларускага дыктатара.

Пра Лукашэнку

Спадар: “Хочацца зьвярнуцца да тых, хто галасаваў за кандыдата, які перамог на выбарах’94. Таварышы, чаму б Вам не выступіць зь ініцыятывай і не ўзнагародзіць свайго ўлюбёнца “Героем Рэспублікі”. Бо 13 год чаго толькі добрага ён не зрабіў, а яму за гэта забаронены ўезд у Эўропу і ЗША. Вы яго выбаршчыкі, дык вядзіце, куды захочаце. Моладзевыя і вэтэранскія, грамадзкія аб’яднаньні, падтрымайце галоўнага кіраўніка маральна. Ён неяк сьціпла сказаў, што лічба 13 для яго шчасьлівая. Але з 13-годзьдзем на высокай пасадзе ўжо спазьніліся ўзнагародзіць. А вось праз месяц, як раз да Дня нараджэньня, ўзнагарода будзе сама тое. Можна яшчэ папрасіць, каб аўстрыйскі банкір, якому далі ў нас узнагароду, таксама з аўстрыйскага боку чым-небудзь узнагародзіў нашага кіраўніка, напрыклад, далі б званьне “ганаровы гарналыжнік Аўстрыі”.

Пра кадраваыя зьмены

Уладзіслаў Доўжык, Менск: “А як старанна генерал Сухарэнка ганяў апазыцыю, колькі вынаходлівасьці выявіў, шукаючы пацукоў у атручанай вадзе, як пільна сачыў за апазыцыйнымі актывістамі. А тут аказваецца, што адначасова ў КДБ адбывалася немаведама што: на працу ўладкоўвалі не прафэсіяналаў, а сваякоў; інфармацыю пра карупцыянэраў хавалі; палкоўнікі і маёры былі ў цесных сувязях з сумнеўнымі камэрсантамі…

Нават добра, што гэтак усё скончылася. Можа, цяпер да кіраўнікоў КДБ дойдзе, што ніякая вернападданасьць ня ёсьць для іх індульгенцыяй, і што займацца трэба рэальнай абаронай бясьпекі сваёй дзяржавы, а не перасьледам апазыцыйных лідэраў, якія жадаюць дабра нашай радзіме”.

Спадарыня: “Добры дзень! Ніякія “ператрахіваніі” наверсе ніяк не адаб’юцца на нашай эканоміцы, таму што прынцып яе існаваньня вызначае толькі адзін чалавек. А сваіх поглядаў ён пакуль яшчэ не зьмяніў. Да пабачэньня”.

Спадарыня: “Добры дзень! Крызiс “беларускага цуду” грукаецца ў дзьверы. Лукашэнка ня можа не разумець гэтага. Але колькі б ён не тусаваў сваю сілавую калоду нічога ня зьменіцца – выпеставаная ім сыстэма выключае натуральны адбор, аснову захаваньня ўсяго жывога. Сілавік у першую чаргу павінен быць стваральнікам, а не наглядчык, ахова інтарэсаў асобных высокапастаўленых целаў ня ёсьць аховай інтарэсаў дзяржавы ў цэлым. Да пабачэньня”.

Барысаўчанін: “Як памяркоўны беларус хачу выказаць свой погляд на зьмену ўлады ў беларускім КДБ. Калісьці правадыр усіх часоў і народаў Іосіф Сталін таксама мяняў сваіх чэкістаў Ягоду на Яжова, потым Яжова на Ляўрэнція Бэрыю. А потым іх расстрэльваў, каб усе грахі скінуць на іх як на ворагаў народа. Наш “бацька” Аляксандр Рыгоравіч, відаць, таксама баіцца за сваю ўладу. Ды ён, відаць, больш хітрэйшы, і праводзіць зьмену сваіх паплечнікаў ад улады часьцей. І яшчэ. Я ня буду дзівіцца, калі ў крэсьле старшыні КДБ убачу яго старэйшага сына, Віктара Лукашэнку. Пажывем – пабачым”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Магчыма, кіраўніцтва беларускага КДБ памянялася з такіх прычын. Па-першае. Былы супрацоўнік унутраных спраў Беларусі адкрыта заявіў, папрасіўшы палітычны прытулак, што Захаранка і іншыя зьніклыя палітыкі, тэлеапэратар Завадзкі загінулі ад цяперашняй улады і што вядома, калі і хто гэта зрабіў. Па-другое, магчыма, Масква амаль падрыхтавала замену Лукашэнку, але ён змог папярэдзіць гэта. Колькі год таму косаўскія албанцы выйшлі на грандыёзны Марш пратэсту а папярод мужныя людзі несьлі вялізную расьцяжку “Амэрыка, дапамажы!” Вось цяпер і нам трэба гэта просьба. Ангэла Мэркель не дапаможа. Важней разам з Масквой падтрымаць курс эўра адносна даляра. Можа, крыху і сьмешныя гэтыя мае жаночыя палітычныя развагі, але ніколі яшчэ Беларусь не была так блізка да страты незалежнасьці, як цяпер. Наш прэзыдэнт, каб не ўцякаць у Іран, можа пагадзіцца і на стварэньне нейкай там Саюзнай дзяржавы на ўмовах Масквы. Мы ўсе назіраем, якую магутную прафэсійную рэкляму расейскія мэдыі, тэлевізія і радыё, даюць Пуціну. Яму патрэбен трэці тэрмін. Застаецца толькі далучыць Беларусь. Няхай жа гэта нават у страшным сьне нам, беларусам, не прысьніцца. Дык досыць жа гуляць у абыякавасьць да лёсу нашай Радзімы. Дзякуй, “Свабода,” што выслухала. Усяго найлепшага ў працы”.

Туравец Віктар: “Надоечы адзін лукашыст вельмі ўсхваляў людзей, якія працуюць у КДБ: маўляў, самыя разумныя, усё ведаюць, які ў нас мудры і сьмелы Лукашэнка, што замяніў верхавіну КДБ. Але гэта мужнасьць ад страху за тое, што было зроблена, ад страху за расплату. Ну а КДБ, як вядома, ніколі ў сваёй гісторыі не абараняў народ, а заўсёды быў яго карнікам, прыслужваў толькі ўладзе. Вось і сёньня “самыя разумныя, які ўсё ведаюць” змагаюцца з самай лепшай часткай беларускай моладзі і толькі за тое, што яны любяць Беларусь нашу і Бога. Тут вялікага розуму і не патрэбна. Орган дзяржаўнай бясьпекі змагаецца супраць нашай будучыні. Не стыкоўка атрымліваецца, таварыш лукашыст. Вы б лепей пра сумленьне пагаварылі. Але разумею, як можна гаварыць аб тым, чаго ня маюць Вашы куміры”.

Пра эканоміку

Яцкевіч Аляксандр Анатольевіч, Віцебск: “Цкавая атрымліваецца карціна. Цікава, як наша доблеснае КДБ спрацуе на сёньняшні дзень. Калі разваліўся Саюз, яны яшчэ маглі спрацавацца, але чаму яны нічога не зрабілі тады і цяпер? Мне падаецца так. Ня тыя маштабы, па вушы ў карупцыі. А часы Штырліцаў даўно закончыліся. А па новай працаваць людзі ня могуць, хаця людзі разумныя, адукаваныя і прафэсіяналы. А ці зробяць пераварот у далейшым, цікава паглядзець”.

Пра Дзень незалежнасьці 27 ліпеня 2007

Уладзімер, Полацк: “Набліжаецца 27-га ліпеня, сапраўдны Дзень незалежнасьці Беларусі. Менавіта ў гэты дзень у 1990-м годзе Вярхоўны Савет, у якім, дарэчы, і Аляксандр Рыгоравіч сядзеў, прыняў Дэклярацыю аб незалежнасьці. Калі Аляксандр Рыгоравіч стаў прэзыдэнтам, дата 27 ліпеня яму нечым не спадабалася. Ён арганізаваў ганебны рэфэрэндум і перанёс Дзень незалежнасьці на 3-га ліпеня, то бок аб’яднаў яго зь Днём вызваленьня Менску. І цяпер у таварышаў лукашыстаў ёсьць козыр: маўляў, чаго вы крычыце, у нас быў рэфэрэндум і мы перанесьлі Дзень незалежнасьці на 3-га ліпеня. А я хачу ім запярэчыць, то бок у мяне ёсьць свой козыр, яшчэ лепшы, чым іхні. Пачну з таго, што ў любой гістарычнай падзеі ёсьць канкрэтная дата: чысло, месяц, год… Гэта, калі хочаце, адбыўшыся гістарычны факт. А факты, як вядома, рэч упартая. Супраць гісторыі і фактаў нічога ня зробіш. Падабаецца гэта некаму ці не, але гэта гісторыя і з гэтым трэба лічыцца ўсім, у тым ліку і Аляксандру Рыгоравічу. У гісторыі нешта зьмяніць ці перанесьці ні адзін рэфэрэндум ня можа. Вось вам мой козыр, таварышы лукашысты. Кіруючыся Вашай лёгікай, давайце перанясем Дзень перамогі з 9-га траўня, на 29. Давайце перанясем Дзень вызваленьня Менску з 3-га на 23-га ліпеня. Як вам гэта да спадобы? Таму напрыканцы хачу сказаць: таварышы лукашысты, перад тым, як галасаваць, трэба добра падумаць галавой. І менавіта галавой, а ня нейкім іншым месцам”.

Пра моладзевых актывістаў

Ільля Копыл, Менск: “У кінатэатры паглядзеў кінастужку “Гары Потэр і Ордэн Фенікса”. Такое ўражаньне, што пісьменьніца і стваральнікі кінастужкі – жыхары Беларусі, і ўсе эпізоды сьпісаныя з нашай рэчаіснасьці: тыя цёмныя сілы, тыя ж сачэньніі, затрыманьні, прадузятыя допыты, забароны, пастановы, указаньні, дэкрэты, указы, якімі ўвешаная велізарная сьцяна да самай столі. Але надышоў час, і сьцяна рухнула. І Гары Потэр і яго сябры вельмі нагадваюць Паўла Севярынца, Зьмітрука Дашкевіча, Барыса Гарэцкага, Насту Палажанку, Дранчука, Шыдлоўскага і многа іншых. Вось з такімі ўражаньнямі я выйшаў з кінатэатру”.

Спадар: “Пытаньне. За што арыштоўваюць і садзяць на 15 сутак юнакоў, якія лічаць сьвятам сапраўдны Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня. 27 ліпеня – Дзень незалежнасьці Рэспублікі Беларусь ад Расеі, панаваньне якой на Беларусі цягнулася аж два стагодзьдзі. Усе былыя рэспублікі, што ўваходзілі ў склад СССР, пасьля распаду імпэрыі адзначаюць сьвята незалежнасьці, аб’яўленьне сувэрэнітэту, акрамя Беларусі. У нас афіцыйным Днём незалежнасьці лічыцца 3-га ліпеня, дата вызваленьня Менску ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Хаця на палове тэрыторыі рэспублікі, на Захад ад Менску, яшчэ амаль тры тыдні грымела вайна, лілася кроў. Гэта зьдзек над памяцьцю тых, хто загінуў у тыя дні. Напрыклад, Гародня была вызвалена толькі 24 ліпеня, гарады Высокае, Берасьце – 28 ліпеня. Дзіўна і агідна, што прэзыдэнт-гісторык ня можа разабрацца ў гісторыі краіны, якою ён кіруе, і прыдумаў сьвята незалежнасьці 3 ліпеня. Прабачце, ад каго? Ад немцаў? Дык ёсьць сьвята 9 траўня як Дзень перамогі над фашыстоўскай Германіяй, усе яго сьвяткуюць. Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце нашай краіны, што зацьверджана ў Канстытуцыі 1994 года”.

Мікалай: “Апошнім часам удала літаральна палюе на чальцоў “Маладога Фронту,” узбуджае крымінальныя справы, арыштоўвае маладзёнаў. Але імкненьне маладога пакаленьня да свабоды не спыніць, не стрымаць! Маладыя пабудуюць маладую, новую, свабодную Беларусь. Іх не запалохаць! Яны перамогуць, бо вера мацней за страх! Улада хоча зламаць Паўла Севярынца, але яго не зламала ссылка, ня зломяць і 15 сутак арышту. Ён мацней сталі!”

Спадар: “Я хачу даць бясплатную параду нашаму ўсенароднаму фюрэру. Няхай зробіць кароткую паўзу ў сваім жарсьлівым кругласутачным каханьні да беларускага народу і перачытае, а, хутчэй за ўсё, упершыню прачытае кнігу Аляксандр Фадзеева “Маладая гвардыя”. Можа, джойдзе да яго на шостым дзесятку гадоў, што, жывучы ў цэнтры Эўропы, у 21 стагодзьдзі неймаверна дзіка і невытлумачальна бязглузда поўнасьцю сур’ёзна і на роўных ваяваць з усёй моцай Паўлючэнкаўскага Гестапа з 15-18 гадовымі дзяўчатамі і хлопцамі, лавіць іх, судзіць, садзіць у турмы, а таксама аб’яўляць іх тэрарыстамі і пагражаць ім вышэйшай мерай, як гэта рабіў летась Сухарэнка, і пры гэтым абсалютна сур’ёзна, як на роўных сабе палітычных апанэнтаў, траціць усю моц дзяржаўнага прапагандысцкага апарату, каб аб’явіць іх галоўнай ударнай сілай міжнароднай антыславянскай закулісы. Тут ужо і ўрач ня трэба. Дыягназ паставіць любая больш-менш дасьведчаная мэдсястра”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG