Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Злотнікаў: “Чым большае імпартазамяшчэньне, тым бяднейшая краіна”


Віталь Цыганкоў, Менск Памяншэньне імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі, вырошчваньне на тэрыторыі Беларусі нетрадыцыйных культураў — пра гэта гаварылася на сэлектарнай нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Як імпартазамяшчэньне можа адбіцца на дабрабыце беларусаў? На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

“Я як эканаміст заўважыў наступныя адметныя месцы ў выступах Лукашэнкі на сэлектарнай нарадзе.

Па-першае, прэзыдэнт сказаў, што павінна разьвівацца імпартазамяшчэньне. Нават у тым выпадку, калі гэта яўна неэфэктыўна і нявыгадна Беларусі. Лукашэнка казаў: “Вось, навукоўцы лічаць, што вырошчваньне зерня кукурузы для Беларусі нерэнтабэльнае. Але ўсё роўна трэба займацца гэтым”.

Аднак калі будзе павялічвацца імпартазамяшчэньне, то краіна, якая ня ўдзельнічае ў міжнародным падзеле працы, становіцца бяднейшай. Калі ўсё сваё — гэта шлях да беднасьці. Людзі, замест таго, каб купляць танныя імпартныя прадукты, будуць вымушаныя купляць дарагія свае.

Бо ёсьць галіны вытворчасьці, дзе мы трацім значна больш рэсурсаў, чым іншыя. Беларусь добра вырабляе, напрыклад, трактары, аўтамабілі, і на выручаныя за іх грошы мы павінны за мяжой купляць тое, што вырабляць у нас неэфэктыўна.

Напрыклад, калі ўзяць кіляграм мяса, то ў Беларусі на яго трэба затраціць у восем-дзесяць разоў болей энэрганосьбітаў, чым у Францыі альбо Бэльгіі. Ураджайнасьць у нас нізкая, і наш трактар павінен узараць у два-тры разы больш плошчы, чым там. І гэтак далей.

Сельская гаспадарка — найменш эфэктыўная і найменш рэфармаваная галіна ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG