Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>С.Калінкіна: “Лукашэнку было патрэбна супакоіць сваё чынавенства”</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Сэлектарная нарада ў прэзыдэнта Беларусі, прысьвечаная жніву, прайшла адрозна ад папярэдніх падобных нарадаў спакойна. Не адбылося ніякіх гучных адставак, не было і разгромнай крытыкі. Чаму пасьля нядаўняга гучнага і скандальнага выступу ў КДБ сёньня прэзыдэнт Беларусі вырашыў зьмяніць тон?

На гэтае пытаньне адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна.

Калінкіна: “Я думаю, што кадравыя перастаноўкі ва ўрадзе ўсё ж рыхтуюцца, але яны, хутчэй за ўсё, будуць восеньню. Цяпер, летам, у людзей свае гароды, лецішчы, ураджаі, жыроўкі за кватэры не такія вялікія. Так што ня той час, і няма неабходнасьці для дэманстрацыі жорсткасьці электарату.

Наадварот, у Лукашэнкі была патрэба супакоіць сваё чынавенства. Шмат хто кажа, што праца ўраду была проста паралізаваная апошнім часам — чаканьнем перастановак, зьменаў, арыштамі, якія ідуць бясконцай плыньню. Таму Лукашэнка сёньня быў такі ціхі, лагодны, непадобны сам на сябе, асабліва калі прыпомніць ягоны апошні выступ у КДБ.

Таму ўсё сёньняшняе мерапрыемства можна патлумачыць менавіта гэтым. Бо цяпер сапраўды трэба, каб урад і вэртыкаль працавалі, а ня бегалі адзін да аднаго ў кабінэт, абмяркоўваючы, каго і за што яшчэ арыштавалі, каго здымаюць, хто каму сваяк і чаму менавіта яго прызначылі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG