Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 25 ліпеня


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На партале tut.by палаюць жарсьці ў сувязі з масавымі затрыманьнямі прадстаўнікоў моладзевых рухаў напярэдадні 27 ліпеня. Aleks_Fon_Lukas недаўмевае: “Учора затрымалі, сёньня суд, цікавенька. Некаторых ня могуць ня тое што судзіць, а нават прыцягнуць, а хлопцаў адразу пад суд”. Vadim.royko: “Уявіце, калі б актывісты рэальна ўлётку наклеілі на помнік? Ды опэры камітэцкія за такое адразу па зорачцы адхапілі б, па БТ кожныя 5 хвілін — маўляў, так і так, вандалы, падкупленыя ЗША і іх гнюснымі памагатымі, нічога сьвятога... Па ОНТ вечарам токшоў: расстраляць ці павесіць?” Hilda_: “Нешта я ня бачыла, каб затрымлівалі тых, хто плюе, кідае недапалкі, мочыцца на вуліцы, брыдка лаецца ў грамадзкіх месцах, п''е піва ў транспарце, а тут хуценька знайшлі парушальнікаў”.

Блог руху “Лукашэнка2008”. За подпісам “Віктар Лоўгач” там зьмешчаны артыкул “Прайграная партыя”, у якой крытыкуецца беларуская апазыцыя. У камэнтары да яе нехта пад нікам Anonymous выказаўся так: “Калі партыі не рэгіструюць, а лідэраў саджаюць, па тэлеку толькі аднабаковыя песьні, у якія ніхто ня верыць, нават найбольш дрымучыя бабусі, канешне, які народ куды пацягнецца! Баяцца ўсе. Пра якую грамадзянскую супольнасьць наогул гаворка? Саджаюць палітыкаў, міністраў, дырэктараў — усё ціхенька. Ніхто ня ведае, не абмяркоўвае. Сказалі “вораг народа” — ну і ладна. Няма інфармацыі ды прэсы — няма і праблемы...”

Музыкаў звальняюць з працы за ўдзел у “Басовішчы” — пра гэта піша сёньня сайт газэты “Наша Ніва” са спасылкай на радыё “Рацыя”. Пра гэта паведамілі двум удзельнікам гурту “Сьцяна” — вакалісту Паўлу Прохараву і бубначу Аляксею Кузьняцову. Яны працуюць гукарэжысэрамі на Берасьцейскай студыі тэлебачаньня. У той жа сытуацыі і гітарыст бярозаўскага гурту “BN” Максім Літвінец. Ён працаваў інжынэрам у калгасе “Прамень”. Прычына ў тым, што музыкі не атрымалі дазвол пакінуць працу 19-20 ліпеня, і зьехалі на фэстываль без дазволу”.

DEXTA на сайце “Тузін гітоў” гэтак пракамэнтаваў навіну: “У “НН” назвы артыкулаў ужо як у жоўтай прэсе. Прыплялі “Басовішча” да парушэньня працоўнага кодэксу”. Starboy: “Калі я прагуляю працу, мяне таксама звольняць. Можа, стаць ахвярай рэжыму? Засталося толькі прыдумаць прыгожую гісторыю”.

На сайце “Хартыі’97” зьмешчана цікавая інфармацыя. Аказваецца, кошт размоваў з Беларусьсю праз сыстэму ІТ-тэлефанаваньня з Расеі ці ня самы высокі сярод рэшты дзяржаваў сьвету. Даражэй званіць з Масквы толькі ў некаторыя краіны Афрыкі. Так, стандартнай карткі HALLO MAMA за 150 расейскіх рублёў карыстальніку з Расеі хопіць толькі на 32 хвіліны размоваў зь Беларусьсю. Прыкладна столькі хвілін можна нагаварыць з Сэнэгалам, Руандай, Анголай, Конга, Кеніяй, Пакістанам. У 6 разоў таньней будуць каштаваць размовы з Чылі, Аўстраліяй, Кітаем, Новай Зэляндыяй. Крыху даражэй за Беларусь званкі ў Аўганістан, Чад, Этыёпію, Нэпал, Катар, Аман, Самалі”.

Нехта Dima на форуме сайту КУП Менсктранс сёньня пакінуў такі запіс: “На шыльдачцы міжнароднага маршруту Менск-Рыга было па-беларуску напісана Ріга, хоць павінна быць Рыга. Добра, што латышы ня ведаюць дасканала беларускую мову, яны б дакладна пакрыўдзіліся, што назву іх сталіцы напісалі з памылкай”.

“Прыкладна год мінуў з таго часу, як нашая дзяржава зьмяніла асноўны палітыка-эканамічны вэктар адносін у бок Кітая, — адзначае сёньня блог Горадні. — Вось і Гарадзенскі аблвыканкам крочыць насустрач кітайскім таварышам, адчыніўшы кітайска-ангельскую вэрсію свайго сайта пад назваю “Grodno Oblast Executive Committee — China/English version”.

Адна з гарачых тэмаў форуму на сайце бытавой тэхнікі прысьвечана ўчорашняй залеве ў Менску. SelleR+ дзеліцца начнымі ўражаньнямі: “Лынькова плавае дагэтуль... Змушаны быў натуральна пераплыць вуліцу, каб дабрацца да стаянкі. На самой вуліцы можна было ўбачыць пару дахаў машын — рэшта ў вадзе”. Іншыя ўражаньні і меркаваньні: “Учора ўсё плавала па поўнай праграме. Усе нізіны затопленыя ўшчэнт. Зь ліўнёўкі прыгожыя фантаны. Транспарт стаіць, люкі павыбівала пачкамі, столькі народу ў іх трапіла коламі”. “Ужо цягам 5-і гадоў штогод патопы, няўжо камунальшчыкі нічога зрабіць ня могуць?” “Менскгарліўнесток” гавораць, што нашы ліўнёўкі не вымагаюць мадэрнізацыі. А тое, што адбываюцца падтопліваньні, гэта нармальная зьява. Бо здараецца гэта ня ў час кожнага дажджу, а 1-2 разы на год. А каб перарабіць камунікацыі, на гэта пойдуць гады”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG