Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ера Сідорскага чакае адстаўка за няздольнасьць дамовіцца з Расеяй?


Алесь Дашчынскі, Менск Перамовы паміж “Белтрансгазам” і “Газпромам” аб адтэрміноўцы выплаты доўгу Беларусі за газ перанесеныя на наступны тыдзень. Сёньня некалькі інфармацыйных агенцтваў сьледам за расейскай газэтай “Коммерсантъ” цьвердзяць, што кіраўнік Беларусі прыняў рашэньне адправіць у адстаўку прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага і найбліжэйшым часам будзе абнародаваны адмысловы ўказ.

У прэсавай службе беларускага ўраду заявілі, што прэм’ер Сяргей Сідорскі сёньня праводзіў чарговую нараду. Адносна вэрсіі расейскай газэты “Коммерсантъ” прэсавы сакратар Аляксандар Цімашэнка сказаў:

“Сяргей Сяргеевіч працуе ва ўрадзе з 2001 году. У тым ліку чатыры гады ўжо кіруе ўрадам. І калі пералічыць колькі разоў журналісты яго адпраўлялі ў адстаўку, то пальцаў ня хопіць”.

Аднак расейскае выданьне цьвердзіць, што прэм’еру Сяргею Сідорскаму не ўдаецца дамовіцца з Расеяй ні ў пытаньні аплаты газу, ні ў атрыманьні льготнага расейскага крэдыту.

Паводле пагадненьня, у першым паўгодзьдзі Беларусь плаціла за кожную тысячу кубоў газу не 100 даляраў, а толькі 55. Бакі дамовіліся, што астатнія 45 даляраў Беларусь аплаціць за кошт расейскага міжурадавага крэдыту. Аднак пакуль гэтае пытаньне ня вырашана.

Таксама “Газпром” пералічыў Беларусі 625 мільёнаў даляраў за 12,5 працэнтаў акцый “Белтрансгазу”. Але й гэтыя грошы афіцыйны Менск не пералічыў “Газпрому” за доўг. Наадварот, у Маскву накіравалася дэлегацыя для перамоваў аб адтэрміноўцы плацяжу. Аднак бакі пакуль не дамовіліся, і перамовы працягнуцца на наступным тыдні.

Паводле дэпутата расейскай Дзярждумы Канстанціна Затуліна, любая праблема паміж гаспадарчымі суб’ектамі, якія займаюцца газавым трэйдынгам, адразу выліваецца ў палітычную праблему. І цяпер стасункі паміж Расеяй і Беларусяй дастаткова складаныя:

“Беларусь сапраўды мае даўгі перад Расеяй. Пры гэтым прэзыдэнт Лукашэнка не пасаромеўся прысьвяціць даволі многа словаў выкрываньню падкопаў Расеі. Я ня думаю, што так сябе паводзяць з крэдыторам”.

Паводле дэпутата Затуліна, ідэя-фікс Аляксандра Лукашэнкі – абмежаваць прыватызацыю нацыянальнымі рамкамі:

“Наўрад ці ўсе гэтыя гісторыі з газам дапамогуць прарвацца на рынак беларускіх прадпрыемстваў. Пакуль ва ўладзе знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка – наўрад ці гэта магчыма”.

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў сказаў:

“Беларусь спрабуе адцягнуць той час, калі давядзецца расплачвацца сваімі прадпрыемствамі за сваю палітыку з Расеяй. Расея, як мы ведаем, некаторыя прадпрыемствы хоча мець. Усё астатняе было дамоўлена - і якія там акцыі будуць, і свабода гандлю, і гэтак далей. Але гэта ўвесь час тармозіцца, бо наш урад ня хоча прыцягнуць расейскія інвэстыцыі, каб яны купілі частку нашых прадпрыемстваў. Усё гэта адцягваецца да самага апошняга моманту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG