Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта амбасадарам вучоба на прадпрыемствах?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Менску скончылася штогадовае навучаньне кіраўнікоў замежных установаў Беларусі. Найперш зьвярталі іхную ўвагу на прасоўваньне беларускіх тавараў на замежныя рынкі. Для дыпляматаў за дзесяць дзён арганізавалі шэраг сэмінараў і паездак на буйныя прадпрыемствы краіны, у тым ліку сельскагаспадарчыя.

Дзейны амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка ў эксклюзіўным інтэрвію нашаму радыё назваў вучобу карыснай:

“Правядзеньне такіх нарадаў дапамагае атрымаць новую інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны, якая патрэбная пры рэалізацыі нашых нацыянальных інтарэсаў — прынамсі, і ў Польшчы. Прыкладам, у рэчышчы беларуска-польскіх дачыненьняў мяне цікавілі сустрэчы ў Міністэрстве энэргетыкі, у Беларускай калійнай кампаніі, у гандлёвых прадпрыемствах Беларусі”.

Амбасада Беларусі ў Варшаве адзначаюць, што дынаміка росту беларускага экспарту тут па-ранейшаму захоўваецца. Сёлета яна складае 11%. Але, як гаворыць амбасадар Латушка, для гэтага спатрэбілася прыкласьці намаганьні:

“Так, у апошнія месяцы адчынены гандлёвы дом “Белнафтахім-Польшча” ў Варшаве. Мы плянуем разьвіваць далей тавараправадную сетку беларускіх прадпрыемстваў у Польшчы. Добрымі прыкладамі тут можа быць набыцьцё шасьці крамаў акцыянэрным таварыствам “Мілавіца” ў Варшаве, Кракаве, Гданьску ды іншых гарадах”.

А вось былы амбасадар Беларусі ў Чэхіі, Латвіі й Фінляндыі Міхаіл Марыніч называе такія нарады “марнаваньнем часу, якія толькі задавальняюць адсутнасьць доўгага асабістага камунікаваньня амбасадараў”:

“У існасьці, няма прадмету размоваў. Усё трымаецца на нейкіх устаноўках, указаньнях, дэкрэтах, а не на заканадаўстве, якое дыпляматы маглі б ужыць у сваёй практычнай дзейнасьці. А пакуль кожны аглядаецца з адной мэтай — спакойна пражыць сёньня і заўтра. Таму што няма сыстэмнай працы, няма заканадаўства, якое б дазваляла праводзіць рынкавыя рэформы. І сёньня чыноўнікі, урад — яны працуюць як пажарная каманда”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае, што далёка не ўсё ў замежным гандлі залежыць ад дыпляматаў:

“Яшчэ шмат што вызначаецца агульным станам справаў і тым, што гэтыя амбасадары могуць прапанаваць замежнаму пакупніку. Калі няма якаснай прадукцыі, дык як іх ні вучы, яны нічога ня зробяць.

Гэта выглядае як прыхарошваньне рэчаіснасьці. Трэба радыкальна мяняць беларускую эканоміку — уводзіць новыя тэхналёгіі, атрымліваць новую прадукцыю, якая будзе канкурэнтаздольнай”.

Сёлета ў Беларусі адмоўнае сальда ў гандлі дасягнула амаль паўтара мільярда даляраў.

• Лічба дня: 1 мільярд 450 мільёнаў даляраў, 5.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG