Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларус перастаў быць “саўком”, якога цікавіць толькі каўбаса”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Сёлета ўпершыню за апошнія паўтара дзясятка гадоў слова “прыватызацыя” перастала гучаць у вуснах афіцыйных беларускіх лідэраў як лаянка. Улада прызнала непазьбежнасьць хуткага разьдзяржаўленьня буйных прадпрыемстваў і нават ужо распачала гэты працэс.

Наколькі небясьпечнай можа быць прыватызацыя буйной дзяржаўнай уласнасьці для ўлады Аляксандра Лукашэнкі?

На гэтае пытаньне спрабуе адказаць у сваім лісьце наш слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў:

“Калі Лукашэнка і дапусьціць прыватызацыю, дык толькі ў такой форме, у якой магчыма прадухіліць небясьпечныя для сваёй улады сацыяльныя наступствы. А што да вонкавых крэдытаў, то для такой краіны, як Беларусь, зусім дапушчальная пазыка на ўзроўні 4—5 мільярдаў даляраў.

Году з 2003-га ў Беларусі адбываецца няўхільнае маёмаснае расслаеньне насельніцтва. За пятнаццаць гадоў доля непатрэбных працоўных месцаў моцна скарацілася, штат на большасьці прадпрыемстваў заўважна “ўсох”.

Таму я нават блізка не чакаю паўтору ў Менску падзеяў зь іншай эры — траўня-чэрвеня 1991 году.

На пачатку 1990-х гадоў у беларускім грамадзтве працэнтаў на дзевяноста пераважаў шкурна-каўбасны дыскурс мэнталітэту (інакш не было б фэномэну Лукашэнкі для нашага рэгіёну Ўсходняй Эўропы). Тады беларус быў яшчэ сацыялістычным саўком.

У 2007-м усё інакш: беларус зрабіўся постсаўком выродлівай рынкавай сыстэмы з правіцелем лацінаамэрыканскага тыпу. Гэткая сумесь Парагваю Стрэснэра, Вэнэсуэлы Чавэса і Кубы Кастра. Праўда, усё гэта згладжваецца генэтыкай паўночнага тэмпэраменту.

Так ці інакш, лёс няўхільна цягне беларусаў у рынак. І беларус за апошнія пятнаццаць гадоў непрыкметна перастаў быць саўком, які патрабуе ад улады толькі каўбасы, і прыстасаваўся да своеасаблівай рынкавай эканомікі. У гэтай новай якасьці насельніцтва не такое небясьпечнае для Лукашэнкі, якім яно было для Малафеева, Кебіча і Дземянцея ў 1991 годзе.

Так што Лукашэнка правядзе прыватызацыю ў форме выгаднага продажу прадпрыемстваў вонкавым кампаніям за тры-чатыры гады. Усё адбудзецца пад ягоным кантролем. Гэта будзе не стыхія эпохі (як у іншых краінах у сярэдзіне 1990-х), а звычайная руціна.

І я ня бачу ніякай магчымасьці наступстваў прыватызацыі кшталту стотысячных натоўпаў у Менску з так званых “абаронцаў маёмасьці Радзімы”.

А пра магчымасьць такіх наступстваў, спадар Марціновіч, у Беларусі, здаецца, ніхто і не гаворыць. Лібэральная апазыцыя сама ўжо пятнаццаць гадоў настойвае на неабходнасьці прыватызацыі дзяржаўнай эканомікі.

Апазыцыйныя камуністы паволі, але няўхільна дрэйфуюць у затоку сацыял-дэмакратыі, і ўжо зусім не настойваюць на непарушнасьці дзяржаўнай уласнасьці. Дык каму абараняць дзяржаўную манаполію? Артадаксальнай КПБ?

Але калі яе кіраўніцтву выпадзе выбіраць паміж марксісцка-ленінскімі прынцыпамі і новай буржуазнай палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, наўрад ці яно спыніць свой выбар на ідэйных прынцыпах.

Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў працягвае размову пра адметнасьці беларускай тапанімікі. У сваім электронным лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Наагул, тапаніміка — рэч тонкая і далікатная. Можна так назваць вуліцу ці вёску, што нашчадкі рагатаць і плявацца будуць. У наш час мала хто з жыхароў Берасьцейшчыны памятае, што ў іх вобласьці некалі быў — хочаце верце, хочаце не — калгас “Имени шести условий товарища Сталина” (знарок не перакладаў на беларускую мову, бо нейкая нягегліца атрымліваецца).

Разумею, што час быў такі, калі давалі назву: паспрабуй, прагаласуй супраць — на лесапавал загрыміш. Ну, якія пачуцьці можа выклікаць гэтая назва і той, хто яе даваў, сёньня?

Але вернемся ў сталіцу. Што тычыцца яе галоўнай вуліцы, то, акрамя ўсяго астатняга, яна адметная яшчэ і тым, што, бадай, пераназывалася рэкордную колькасьць разоў.

Мяркуйце самі — Захар’еўская, Савецкая, імя Адама Міцкевіча, Гаўптштрасэ, праспэкт імя Сталіна, Ленінскі праспэкт, праспэкт імя Францішка Скарыны — гэта ўсё сёньняшні праспэкт Незалежнасьці, або яго частка. Не выключаю, што гэтым сьпіс перанайменьняў яшчэ ня скончыўся.

Асабіста мне неяк больш даспадобы быў наш Францішак Скарына, а ня размножаная ў шматлікіх постсавецкіх гарадах даніна незалежнасьці. На мой розум, дык хапіла б Менску і плошчы Незалежнасьці”.

Такі ўжо, напэўна, лёс у галоўнага менскага праспэкту: мінае некалькі дзесяцігодзьдзяў, мяняецца ў дзяржаве палітычны рэжым — і чарговаму валадару здаецца, што ня тое і ня так ушанавалі ў назьве галоўнай вуліцы ягоныя папярэднікі.

Дарэчы, многія жыхары Менску, заблытаўшыся ў частых перайменаваньнях, увогуле пазьбягаюць назвы галоўнага праспэкту. Так і кажуць: “Пайшоў на праспэкт”, “Была на праспэкце…” — не ўдакладняючы поўнай назвы.

Наш даўні сябар Мікола Канаховіч з Пружанаў лічыць значнай зьявай тое, што некаторыя беларускія палітыкі апошнім часам усё больш гучна гавораць пра магчымасьць скасаваньня незалежнасьці Беларусі і ўваходжаньня ў склад Расеі.

Слухач мае на ўвазе так званы маніфэст Парфяновіча — Сініцына, які зьявіўся некалькі месяцаў таму. У сваім лісьце Мікола Канаховіч з гэтай нагоды піша:

“Пераконваць такіх людзей у палітычнай амаральнасьці ня бачу ніякага сэнсу, бо яны ўжо ніколі, да самага скону не зразумеюць, што такое Радзіма, воля, чалавечыя гонар і годнасьць, матчына мова, запаветы продкаў...

Асабіста я ведаю шмат выхадцаў з Расеі, якія ня толькі інтэграваліся ў наша беларускае грамадзтва, але і сталі сапраўднымі патрыётамі-адраджэнцамі, за што ім найвялікшы дзякуй. Але нямала і такіх сініцыных, якім наша краіна дала бацькоўскі прытулак, працу, кар’еру, а яны замест ўдзячнасьці паводзяць сябе, у пэўным сэнсе, як акупанты.

Я як чалавек з выразнай грамадзянскай пазыцыяй магу толькі параіць ненавісьнікам беларушчыны. Хлопцы, сядайце на цягнік альбо ў байдарку — і самі, бяз нас, беларусаў, вяслуйце на Ўсход. Магчыма, дзе-небудзь у Сібіры вам і знойдзецца месца, бо ў Маскве хапае і сваіх паслугачоў.

Калі ж вы ня спыніцеся і будзеце сваімі “маніфэстамі” парушаць Канстытуцыю, дык рана ці позна атрымаеце позву ў генэральную пракуратуру. Бо ў вашых дзеяньнях праглядаюцца прыкметы дзяржаўнай здрады”.

Зьвярніце ўвагу, спадар Канаховіч: хоць маніфэст Парфяновіча — Сініцына выклікаў у Беларусі заўважны розгалас, але ніводзін з колькі-небудзь значных беларускіх палітыкаў (як апазыцыйных, так і афіцыйных) аб’яднальных памкненьняў гэтых двух “маніфэстантаў” не падтрымаў.

І з гэтага спадары Парфяновіч і Сініцын могуць зрабіць сумную для сябе выснову: палітычны капітал і шчодрае маскоўскае фінансаваньне яны на гэтай ніве ўжо наўрад ці здабудуць. І час ужо ня той, і грамадзкія настроі зусім іншыя...

На заканчэньне ліст ад даўняга слухача “Свабоды” Анатоля Жэрдзева з Гомелю — пра тое, да чаго можа прывесьці так званая “хуткасная” рэстаўрацыя старажытных будынкаў, якую часам практыкуюць у Беларусі:

“Гадоў зь дзесяць таму мне давялося пабываць ва ўкраінскім горадзе Каневе. Ёсьць там храм ХІІ стагодзьдзя. За восем стагодзьдзяў чаго толькі ён ні вытрымаў.

Але найбольш пацярпеў ад сучасных гора-рэстаўратараў, якія вырашылі правесьці воднае ацяпленьне. Ды паводле савецкага праекту, ды рукамі савецкіх жа п’янтосаў-будаўнікоў. Урэшце тое ацяпленьне аднойчы пацякло, падмыла падмурак — і храм пачаў расколвацца на часткі. Сумна было глядзець на той цуд старажытнага дойлідзтва, абцягнуты мэталёвым бандажом.

Вось чаму мяне вельмі хвалюе тая хуткасная рэстаўрацыя полацкага храму з падводам ацяпленьня і электрычнасьці, пра якую распавядала “Свабода”. І мне вельмі зразумелы ўчынак галоўнага рэстаўратара, які падаў у адстаўку з-за ўмяшальніцтва чыноўнікаў зь іхнай бязладнай мітусьнёй.

Камандзіроўка у горад Канеў — ня вельмі дарагая. Няхай бы яны паехалі туды і паглядзелі на вынікі такой “рэстаўрацыі”.

Трохі даражэйшай была б камандзіроўка ў Італію, дзе збудаваньні стаяць не адно тысячагодзьдзе й дзе ёсьць адмыслоўцы, якія дасканала ведаюць, як трэба зьберагаць такія будынкі. Але ж накіроўваць туды трэба не абмежаваных чыноўнікаў, а адмыслоўцаў, якія змаглі б здабыць там неабходныя веды”.

Зусім слушныя назіраньні й высновы, спадар Жэрдзеў. І ня проста службовыя паездкі й навучаньне адзінкавых адмыслоўцаў патрэбныя. Беларусі востра неабходныя ўласная школа рэстаўрацыі й спэцыялізаваныя будаўнічыя трэсты, якія б прафэсійна гэтым займаліся. У Беларусі багатая архітэктурная спадчына, але зьберажэньнем яе на працягу амаль усяго мінулага стагодзьдзя фактычна ніхто не займаўся.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG