Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзясяты прызыўнік ня хоча служыць у беларускім войску


Ігар Карней, Менск У гэтую прызыўную кампанію беларускае войска папоўняць 10 тысяч салдат тэрміновай службы і 3 тысячы рэзэрвістаў. Больш за 27 тысяч атрымалі адтэрмiноўку ў зьвязку з атрыманьнем адукацыi ў беларускіх і замежных навучальных установах, асьпiранты i дактаранты ўсiх формаў навучаньня. У часе леташняй кампаніі на 300 чалавек завялі крымiнальныя справы за спробы “адкасіць” ад арміі.

Беларускае войска налічвае больш за 60 тысяч чалавек, якія служаць у супрацьпаветранай абароне, ваенна-паветраных сілах і мотапяхотных фармаваньнях. Паступова плянуецца скарачэньне колькаснага складу ўзброеных сілаў да паўсотні тысяч вайскоўцаў.

Кантрактнікаў ва ўзброеных сілах — пятая частка

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, пятая частка ўсіх вайскоўцаў у Беларусі — кантрактнікі, на канец 2006 году іх было 23%.

Як перакананы былы начальнік мэдычнай службы Галоўнага штабу ўзброеных сілаў Уладзімер Мялюшка, гэта ці не галоўнае дасягненьне абароннага ведамства ад абвяшчэньня краінай незалежнасьці, бо ад кантрактніка можна патрабаваць больш, чым ад вайскоўца тэрміновай службы.

“Калі ў армію набіралі, абы толькі любым шляхам скамплектаваць, таму што людзей не хапала, — і было так амаль увесь час. Цяпер жа колькасны склад войска зьменшыўся, больш на кантрактную службу ідзе, ужо ёсьць магчымасьць выбраць людзей здаравейшых.

І планка, цалкам зразумела, зьмянілася ў бок вышэйшых патрабаваньняў. Бо насамрэч ад кантрактніка можна запатрабаваць, каб выдатнае здароўе было, каб не было ніякіх адхіленьняў. Канечне, гледзячы куды і ў які род войскаў ён ідзе”, — кажа Ўладзімер Мялюшка.

Ад 2004 году ў Беларусі існуе служба ў рэзэрве, дзе людзі некалькі месяцаў на год занятыя перадусім на гаспадарчых працах. Сёлета прызвалі 3 тысячы рэзэрвістаў.

Апроч таго, пасьля прыняцьця зьменаў у закон “Аб вайсковым абавязку i вайсковай службе” пашырылася магчымасьць адтэрміновак ад службы тым, хто атрымлівае адукацыю. Сёлета ўпершыню на канкрэтныя ваенна-ўліковыя пасады прызвалі выпускнiкоў вайсковых катэдраў ВНУ, тэрмiн службы якіх складзе толькі шэсьць месяцаў.

Ухіляецца ад службы кожны дзясяты

Як сьведчыць статыстыка, для Міністэрства абароны па-ранейшаму актуальная праблема “ўхілістаў”. Практычна кожны дзясяты прызыўнік ня хоча служыць у беларускім войску.

Падчас папярэдняй прызыўной кампаніі 1650 чалавек не зьявiліся ў ваенкаматы цi парушылі іншыя прызыўныя мерапрыемствы. Супраць трох сотняў чалавек пачалі крымінальныя справы, каля пяцідзесяці чалавек урэшце асуджаныя.

Сёлетняя статыстыка будзе агучаная толькі пасьля таго, як навабранцы трапяць у распалажэньні частак, дзе іх канчаткова палічаць. Аднак, як кажа першы намесьнік Беларускага вайсковага пракурора Ігар Лапека, пасьля таго, як маладыя людзі ўсё ж трапляюць у войска, там зь імі праблемаў амаль няма:

“Ва ўсялякім разе, такіх праблемаў, як за савецкім часам, няма. Мірная служба, мірная баявая падрыхтоўка. Як правіла, даводзіцца сутыкацца нават не з самаволкамі, а зь нясвоечасовым вяртаньнем з адпачынкаў.

Бо ў нас цяпер самавольных часовых сыходаў, якія крымінальна караюцца, няма. У 1999-м у Крымінальным кодэксе дэкрыміналізаваны гэты артыкул. То бок, самавольны часовы сыход — гэта толькі дысцыплінарнае правапарушэньне.

А ўжо самавольнае пакіданьне часткі — гэта больш за двое сутак. Калі больш за двое сутак — гэта ўжо вайсковае злачынства, камандзір пачынае крымінальную справу, потым перадае ў пракуратуру, і — наперад”.

У мірны час па-ранейшаму гінуць

Застаецца праблема сьмяротнасьці ў беларускім войску. У бальшыні выпадкаў гэта сьмерці празь неасьцярожнасьць ці з-за парушэньня тэхнікі бясьпекі.

Статыстыку папаўняюць і розныя вучэньні, падчас якіх часта непадрыхтаваныя маладыя людзі падрываюцца на мінах ці іншых боепрыпасах.

Ніна Гаўрыльчык страціла адзінага сына ў 2000-м. Дагэтуль ня ведае дакладных прычынаў гібелі, бо сына, як колісь з Аўганістану, прывезьлі ў закрытай труне:

“Хто праўду скажа? Дакладна ніхто нічога ня ведае. Адзін так кажа, другі інакш. Можа, лепей не запытваць і ня ведаць. Ваенкам прынес справу, паперы, вайсковы білет, і, калі труну прывезьлі, кажа: “Ніна Васільеўна, ваш сын цэлы, толькі ў жывот з гранатамёту быў паранены”. Дык вы пакажыце, кажу, адкрыйце мне!

А ён усё вакол труны хадзіў: ці не адчынілі мы выпадкова? У мяне тады адзін пакой быў, шаснаццаць мэтраў, — маўляў, пакой маленькі, а сына доўга везьлі, нельга адкрываць, а то атруцімся. І ніхто і не адчыніў. Што там прывезьлі, каго прывезьлі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG