Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Бацюкоў: “Палітыка ніколі не была ў мяне сутнасьцю твору”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" – пісьменьнік Аляксей Бацюкоў, аўтар "Начной чытанкі".

Знаткевіч: “Як магілёўцу першае пытаньне: чаму такая несправядлівасьць? Пра Нёман напісалі песьню, а вось пра Дняпро – які апавяў у сваёй прозе Ўладзімер Караткевіч – а песьні няма ці верша...”

“Месца, дзе я адчуў упершыню сваю беларускасьць – гэта вёсачка Адраджэньне”

Бацюкоў: “А "нясе сухадоламу Дняпру сваю багатую даніну"? Для мяне гэтым усё сказана пра Дняпро – сухадолы, вузкі... Чаму няма? Ён ня ўвесь беларускі, таму ніколі не асацыяваўся з чымсьці родненькім, як Бярэзіна ці той жа Нёман”.

Знаткевіч: “Значыцца, таму, што большы Дняпро – там, далей, на Ўкраіне?”

Бацюкоў: “Гэтая такая нітка, якая зьнітоўвае нас, рускіх і ўкраінцаў... У маёй асабістай жыцьцёвай прасторы Дняпро не займае ніякага месца па той прычыне, што я зь яго і не сілкуюся, і ён не стварае для мяне ні шляху, ні перакрывае шлях. Для мяне шмат раднейшая Друць, рака майго дзяцінства, своеасаблівая калыска ў прыродзе. Таму я думаю, што Дняпро і не прэтэндаваў у нашай паэтычнай сфэры на такую высокую ролю, як Нёман”.

Знаткевіч: “Але дзіўна гэта чуць ад чалавека, які жыве ў горадзе на Дняпры...”

Бацюкоў: “Нічога дзіўнага. Друць мне больш блізкая, бо гэта рака каля маёй вёсачкі, якую я больш лічу сваёй радзімай, чым Магілёў. Гэта месца, дзе я адчуў упершыню сваю беларускасьць – гэта вёсачка Адраджэньне, сама назва якая, га? Магілёўскі раён, на Бялыніччыне. Дняпро нейкі халодны, імклівы, брудны ў той жа час – ён ніколі ня вабіў, каб хадзіць туды купацца альбо апавяць, узносіць яго...”

“Што хацелася – тое пісалася”

Знаткевіч: “Раней пра беларускую літаратуру казалі, што яна залішне цнатлівая, можа быць, штучна цнатлівая, аптымістычная. Ці няма ў творах новага пакаленьня літаратараў гэткай "звышкампэнсацыі" – маўляў, чым болей чорных фарбаў, шоку, сьмерці – тым лепей?”

Бацюкоў: “А чорт яго ведае... Мы ж жывем у такі час. Чалавек жа піша і сьцьвярджае пэўную лінію ў літаратуры – “цнатлівую” ці там “чорную” – ня толькі ў якасьці кампэнсацыі... Гэта проста тое, што зараз выступае ў якасьці новага адлюстраваньня, новай мэтафары часу. Тое, што жыцьцё чалавека стала для нас ня вельмі каштоўным, сымбалізуецца ў гэтым. Раней жыцьцё чалавека мела меншы кошт, было меней цэнным у грамадзтве, але ў мастацтве супраць гэтага ўздымаліся. Зараз жыцьцё чалавека ў мастацтве, наадварот, менш каштоўнае, але ў жыцьці больш каштуе”.

Знаткевіч: “Але што ў мастацтве каштоўнае, гэта вызначаюць усё ж такі мастакі – раней яны ўздымаліся, то цяпер чаму ня ўзьняцца супраць "чорнага"...”

Бацюкоў: “Я не магу адказваць за ўсіх. Калі б вы ў мяне спыталіся, чаму ў мяне шмат "чорнага", то я б не глядзеў з такога пункту гледжаньня на сваю ўласную творчасьць. Што хацелася – тое пісалася”.

Знаткевіч: “У "Мітах поўначы Магілёва" гісторыі, зьвязаныя з гарадзкімі легендамі. Увогуле, гэтыя здані, прывіды, гісторыі – наколькі яны, на вашую думку, ёсьць адлюстраваньнем, спараджэньнем цяперашняга часу?”

Бацюкоў: “Ня ведаю. Напэўна, часткова. Я сам прыадкрыю крыху таямніцу: я іх напісаў тады, калі вельмі моцна і доўга "вісеў" на літаратуры паўднёваамэрыканскіх індэйцаў. Таму іхныя міты і здані, мне здавалася, нейкім чынам сталі адгукацца ўва мне, у маёй душы, і таму я іх пасяліў там, дзе я сам жыву. У прынцыпе, што тут такога дзіўнага: міты і здані праходзяць праз нашую творчасьць, літаратуру –таго ж Баршчэўскага ўзгадайце...”

Знаткевіч: “Але ж ягоныя здані і пачвары ня елі маніоку...”

Бацюкоў: “Вось гэта мая даніна павагі той літаратуры, якая натхніла мяне на гэты твор”.

“Мы часта саромеемся, што мала памятаем сваіх продкаў, але гэта ня наша віна”

Знаткевіч: “Апавяданьне "Злодзей, забойца, кішэньнік і рабаўнік" – наколькі гэта аўтабіяграфічна?”

Бацюкоў: “Усё праўда чыстая”.

Знаткевіч: “То бок, гэта якраз пра вашых продкаў?”

Бацюкоў: “Так. І гэта зусім нядаўняя праўда, тое, што я пачуў абсалютна нечакана, калі стаў распытваць пра сваю сям''ю. У мяне былі вельмі цнатлівыя гісторыі пра маю сям''ю – дзед-танкіст, які гарэў у танку, ледзь выратаваўся... Гераічны такі вобраз. А калі я год таму пачаў распытваць пра гэта ўсё бабулю, свайго дзядзьку, яны ўсю разам гэтую праўду выклалі: на табе, злодзей, рабаўнік... Ну, ёсьць як ёсьць, што з таго”.

АПЫТАНЬНЕ: Да якога калена вы ведаеце сваіх продкаў? Кім яны былі?



Знаткевіч: “Ці навяло вас гэтае апытаньне на нейкія думкі?”

Бацюкоў: “Сьмешна было, канечне, пра бабульку-прыбіральшчыцу запомніў хлопец... Маладзец. Такое таксама трэба ведаць. Думкі простыя: мы часта трохі сябе саромеемся, што мала памятаем сваіх продкаў, але, на жаль, гэта, пэўна, ня наша віна, бо мы якраз цікавімся імі, а гэта віна нашых даволі блізкіх продкаў, якія саромеліся часам сваіх продкаў у часы Савецкага саюзу, калі саромецца продкаў стала звычаем і натуральнай зьявай. Па вельмі простай прычыне: продкі ў дарэвалюцыйным часе аўтаматычна рабіліся крыху небясьпечнымі. Таму, у прынцыпе, зьява зразумелая, што людзі мала ведаюць”.

“Калі празь цябе нейкі твор ідзе, то тады ўжо нічога ня мае значэньня”

Знаткевіч: “Наколькі для вашай тврчасьці значны асяродак, месца, у якім вы знаходзіцеся, калі пішаце?”

Бацюкоў: “Я ня ведаю... Вельмі важна, каб быў настрой, які ствараецца і асяродкам таксама... Вельмі цяжка, напрыклад, настроіцца, калі штосьці не атрымалася ў зносінах з блізкім чалавекам. Але калі празь цябе нейкі твор ідзе, то тады ўжо нічога ня мае значэньня. Няважна, што маеш пад рукой. Я адзін свой твор пісаў проста на рублёвай купюрцы тагачасных яшчэ зайчыкаў... Галоўнае – ідэю запісаць.

Вельмі доўгі час мне здавалася, што я нашмат больш і лепш пісаў бы, калі б жыў, напрыклад, у Менску і заўсёды віраваў у беларушчыне. Цяпер я думаю: можа, гэта толькі агульны міт, можа, там наадварот прытупіліся б усе адчуваньні беларускасьці?..”

Знаткевіч: “Палітыка ў вашай творчасьці наўпрост прасочваецца?”

Бацюкоў: “Баюся загадваць, але пакуль, дзякуй богу, не прасочваецца наўпрост. Калі штосьці такое і пісалася, хацелася даць нейкі дадатковы слой для свайго твору, тады зьяўлялася нейкая палітычна матываваная фраза. Але гэта ніколі не было ў мяне сутнасьцю твору. Сачыце за наступнымі тэкстамі – можа, нешта і зьявіцца...”

“Дзесьці ёсьць і сьмяротнае пакараньне за тое, што ў цябе знайшлі наркотык...”

Знаткевіч: “Пытаньне ў сувязі з нашымі начнымі досьледамі – наколькі, на вашую думку, варта мець жорсткія пакараньні для спажыўцоў наркотыкаў?”

Бацюкоў: “Я думаю што варта. Мяне клапоціць гэта па той простай прычыне, што ў мяне ёсьць дзеці. У мяне больш няма ніякіх тлумачэньняў: варта, і яшчэ больш. Я буду вельмі баяцца, калі мае дзеці пачнуць расьці ў той узрост... Наконт гэтага канкрэтнага чалавека, Маргарыты Царан – ня ведаю. Я зразумею свайго дзіцёнка, калі ён толькі пакаштуе для таго, каб адчуць новую рэальнасьць, ведаць зь яе ўсё, але я ніколі не змагу дараваць тым людзям, якія прадаюць...”

Знаткевіч: “А вы не баіцеся, што якраз вось гэтага вашага дзіцёнка, які адзін раз захоча пакаштаваць гэтую рэальнасьць, пасадзяць на чатыры гады?”

Бацюкоў: “Вось гэтага, у прынцыпе, баюся, але што зробіш... Гандляры тады гандлююць, калі попыт ёсьць... Я ня ведаю канкрэтна, што там за выпадак, я вельмі адарваны ад жыцьця апошнім часам, але ў прынцыпе ў той сытуацыі, калі гэта быў няроўны прысуд з падобнымі выпадкамі, калі іншыя мелі не такія вялікія тэрміны, то я гэта асуджаю. Калі гэта па роўнасьці з астатнімі, хто трапіўся – што зробіш, гэта закон. У такім выпадку закон ня можа быць больш жорсткім. Дзесьці ёсьць і сьмяротнае пакараньне за тое, што ў цябе знайшлі наркотык – а як ён там апынуўся, невядома...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG