Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы “Свабоды” на мінулым тыдні.

Аб прыхільніках палітыкі Аляксандра Лукашэнкі

Анатоль Жэрдзеў, Гомель:

“У лістах на “Свабоду” і ў тэлефанаваньнях часта лаюць “лукашыстаў”. Гэткае цкаваньне не дае плёну, бо сапраўдных “лукашыстаў” насамрэч вельмі мала. Пад сапраўднымі я разумею тых, хто ведае праўду, усё разумее – і ўсё ж падтрымлівае Лукашэнку. Астатнія кіруюцца прапагандай у выглядзе локшынаў на вушах. Сярод маіх знаёмых ёсьць такія. Я падтрымліваю зь імі добрыя адносіны, бо ў жыцьці гэта працавітыя і сумленныя людзі. Іх бяда ў тым, што яны не атрымалі якаснай адукацыі і выхаваньня. Калі ж СМІ будуць казаць праўду аб падзеях, то большасьць такіх людзей адхісьнецца ад лукашызму з агідай і абурэньнем. Народ Беларусі атрымаў незалежнасьць вонкавую, а вось унутрана людзі застаюцца несвабоднымі. Каб добра зразумець гэта, трэба ўважліва прачытаць Біблію, разьдзел “Сыход”. Людзі, якія прывыклі да рабства, прывыклі і да таго, што ўсе іхныя жыцьцёвыя праблемы залежаць ад гаспадара, вырашаюцца толькі ім.

Сёньня гэта можна назіраць ня толькі сярод “лукашыстаў”: нават і ў апазыцыі шмат людзей з такім сьветапоглядам. Многія сёньня лаюць Мілінкевіча, што ён не здабыў тое, аб чым яны марылі. Але ж ніхто зь іх не задае пытаньне: “А што асабіста я зрабіў, каб дапамагчы Мілінкевічу і каб зьдзейсьніліся тыя мары?” Агідна тое, што некаторыя лідэры карыстаюцца такімі настроямі, каб падарваць імідж Мілінкевіча і заняць яго месца лідэра. Такія людзі нават больш небясьпечныя, чым сапраўдныя “лукашысты”.

Пра чэкі “Маёмасьць”

Ільля Копыл, Менск:

“Калі дзяржава папярэдзіла, што чэкі будуць дзейнічаць толькі да канца 2003-га году, я пасьпяшаўся іх укласьці туды, куды прапаноўваў “Беларусбанк”. У выніку за свае 262 чэкі мы набылі акцыі некалькіх прадпрыемстваў – “Менскпраектмэблі”, Менскага домабудаўнічага камбінату, “Спэцрадыёналадкі” і“Менскгрузаўтатрансу”.

І вось у лютым 2006-га году “Менскпраектмэбля” пералічыла нам дывідэнды: за два гады 25 акцый (100 чэкаў) прынесьлі мне аж 720 рублёў (30 амэрыканскіх цэнтаў). Такую абразьлівую суму я атрымліваць адмовіўся.

А 13-га красавіка я атрымаў яшчэ больш абразьлівую суму. Гэтым разам грашовы перавод на 340 рублёў мне даслалі зь “Менскгрузаўтатрансу”. Гэта прыбытак за тры з паловай гады за 62 мае акцыі. За такія грошы нават у трамваі не праедзеш. Атрымліваць іх я зноў адмовіўся.

На Камароўскім рынку ў мяне ёсьць знаёмы бомж. Прывітаўшыся, ён звычайна зьвяртаецца да мяне з адной і той жа просьбай: “Ільля Піліпавіч, дай тысячу”. Мне сорамна даваць адну тысячу: што за яе купіш? Таму даю ад 5-ці да 10-ці тысяч. Ведаю, гарэлку ён ня п’е, грошы пойдуць на хлеб... Мне сорамна, а вось дзяржаве чамусьці не...”

Пра змаганьне за справядлівасьць

Анатоль Сахаруша, мястэчка Малеч Бярозаўскага раёну:

“Пяць з паловай месяцаў мне не прызначалі пэнсію. Я даказаў, што гэтым быў парушаны закон. І дамогся таго, што з рахунку саўгаса мне выплацілі больш як мільён рублёў – тую суму, якую налічылі ў раёне. Вінаватыя са свайго заробку вярнулі грошы ў саўгасную касу. Гэта – толькі адзін выпадак. А колькі іх было ў жыцьці!

Фактычна, у кожнай сям’і вядуцца размовы пра тое, што людзей падманваюць, прыніжаюць, што імі пагарджаюць і нідзе няма справядлівасьці. Усё гэта чуюць дзеці. І змалку ўсьведамляюць адно: усіх начальнікаў трэба баяцца.

Мы з жонкай выхавалі дзьвюх дачок. Яны зь дзяцінства ведалі, што трэба слухаць старэйшых, добра вучыцца, быць з усімі ветлівымі, не адказваць злом на зло. Вынік: абедзьве атрымалі вышэйшую адукацыю (малодшая закончыла школу з залатым медалём). Працуюць, ходзяць у царкву (малодшая – у царкоўным хоры). Яны зь дзяцінства чулі, што гаварылася ў хаце, бачылі, як нам з жонкай даводзілася адстойваць праўду (мы гэтага не хавалі ад дзяцей). І вось зараз у дочках я бачу сябе і жонку. Яны яшчэ маладыя, але і ім ужо давялося пастаяць за сябе. І яны адстаялі сваю праўду.

Слухачам я хацеў бы параіць мець у кожнай хаце Канстытуцыю, Працоўны і Адміністрацыйны кодэксы. Памятайце таксама пра Калектыўную дамову (на практыцы яна часта парушаецца або проста не адпавядае Працоўнаму кодэксу). І тады вы заўсёды будзеце сам сабе юрыст. Паважайце сябе, сям’ю, дзяцей, родных. Трэба ж у рэшце рэшт людзьмі звацца”.

Пра гістарычныя назвы

Эдуард Тобін, Смалявічы:

“Наша Канстытуцыя павінна пачынацца так: “Мы, народ Вялікалітвы…” Мы, абсалютна беспадстаўна абазваныя Кацярынай ІІ “белымі русамі”, а край наш “Белай Русьсю”, насамрэч – ліцьвіны, Літва, літоўцы. Мэта перайменаваньня не хавалася акупантамі – “чтоб навеки привязать до России”. І “прывязалі”. Канечне, нацыя існуе па-за тым, як яе завуць. Але, калі супольнасьць пазбаўлена сваёй гістарычнай памяці, свайго этнагенетычнага імя, яна ня мае шанцаў на выжываньне, вымірае. Праз гэта ў нашых унукаў ня можа быць годнай будучыні”.

Пра будаўніцтва АЭС

Кастусь Сырэль, Вушачы:

“Калісьці чытаў у часопісе “Знание – сила“, што кошт будаўніцтва АЭС – 20-25 мільярдаў даляраў, а тэрмін эксплюатацыі – 25 год. Пасьля станцыя павінна быць зачынена і закансэрвавана, а каштуе кансэрвацыя і далейшае абслугоўваньне прыкладна столькі ж, колькі і будаўніцтва. Калі я маю рацыю, то АЭС абыйдзецца нам і нашым нашчадкам значна даражэй, чым мы думаем. Гэта – першае.

Другое. Увогуле, я ня вораг атамнай энэргетыкі. Але катэгарычна супраць таго, каб АЭС будавалі беларусы, і тым больш расейцы. Чаму? А таму, што і ў расейскіх, і ў беларускіх будаўнікоў (няхай ня крыўдзяцца) ёсьць традыцыя – па панядзелках прыходзіць на працу, прабачце, “з бадуна”.

Трэцяе. У нас непачаты край работы ў справе эканоміі энэргарэсурсаў. За тыя шалёныя грошы, якія каштуе АЭС, можна ў кожную кватэру, школу, дзіцячы садок, у кожны офіс і прадпрыемства краіны паставіць эўравокны з трайным ашкленьнем; паржавелыя трубы цеплатрас памяняць на так званыя “загадзя ізаляваныя” (па расейску – “ПИ трубы”); перавесьці асьвятленьне дзе толькі магчыма на энэргазьберагальныя электралямпы – усяго не пералічыць у кароткім лісьце. Гэта дасьць такую вялізную эканомію, якая лёгка перакрые магутнасьць АЭС. Прычым эфэкт будзем мець вельмі хутка, значна хутчэй, чым атрымаем першы кілават ад АЭС”.

Пра дачыненьні з суседзямі

Мікола Канаховіч, Пружаны:

“Узаемадачыненьні з Расеяй мы павінны будаваць так, як гэта робяць нашы суседзі – палякі, літоўцы, латышы. Жыць трэба па-суседску, выгадна гандляваць, але пры гэтым паважаць найперш сябе, свой народ, сваю гісторыю і мову.

Адметны факт. Агульная гуманітарная дапамога ЗША і эўрапейскіх краін Беларусі за ўсе гады пасьля чарнобыльскай катастрофы на 31-га сьнежня 2004-га году склала трынаццаць з паловай мільярдаў даляраў. А чым у гэтым сэнсе дапамагла нам Расея? Гэта ж яе рэактар выбухнуў у Чарнобылі ў 1986-м годзе, бо яна абвясьціла сябе ўласьніцай усёй савецкай маёмасьці? Дык чаму яна ня плаціць нам за вялізны ўрон, які нанесла сваімі недасканалымі тэхнікай і тэхналёгіямі?”

Пра кантрактную сыстэму

Васіль Валошка, Радашковічы Маладэчанскага раёну:

“Я ў свой час перажыў і вайну, і беспрацоўе. І магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць, што беспрацоўе – горш за вайну. Бо беспрацоўе нясе з сабой голад, а гэта насамрэч страшней за вайну. Скажаце, у нас з голаду ніхто не памірае? Яно так. Але страх згубіць працу робіць чалавека бязвольным, а значыць – душэўна хворым. Гэты страх пастаянна трымае ў напружаньні. А пастаянны стрэс – гэта ўжо фізычныя хваробы.

Зь бязвольным чалавекам можна рабіць што заўгодна. Напрыклад, гнаць на датэрміновае галасаваньне, на прымусовыя суботнікі, недаплачваць заробак, зьневажаць і прыніжаць, прымушаць выпісваць недарэчныя газэты…

Уводзячы кантрактную сыстэму, Лукашэнка ня мог ня ведаць, што ў краіне няма незалежных прафсаюзаў і судоў. Тым самым ён даў кіраўнікам такую дубіну для запалохваньня і ўтаймаваньня падначаленых, якой няма, бадай, ні ў адной іншай краіне.

Як правіла, у такіх кіраўнікоў яўка на датэрміновае галасаваньне – 100 працэнтаў, самыя вялікія адлічэньні на суботніках і ўсё ў такім духу. Нават уявіць немагчыма, каб работнік такога прадпрыемства запісаўся ў якую-небудзь неляяльную да ўлады партыю. Робіцца ўсё гэта не бескарысьліва. Такому кіраўніку ўлада дазваляе амаль усё. Гэта і неймаверна высокі заробак, і будаўніцтва за бесцань (альбо і ўвогуле бясплатна) шыкоўнага катэджу, і бясплатная абслуга, якая атрымлівае заробак на гэтым прадпрыемстве, і замежныя паездкі, і іншыя прыемныя моманты. Усе гэтыя свавольствы ня толькі дазваляюцца, але і вітаюцца, бо гэткім чынам лёгка любога кіраўніка трымаць на кручку. Няхай ён хоць паўкрока адыдзе ад генеральнай лініі – кручок тут жа таргануць, і ўсе гэтыя свавольствы стануць аб’ектам крымінальнай справы.

…І яшчэ хачу сказаць, што накарміць чалавека, каб ён стаў сытым, значна прасьцей, чым вылечыць душу і наладзіць ягоную псыхіку. А ў вашых перадачах часьцей можна пачуць аб нізкіх заробках, пэнсіях, цэнах і гэтак далей. Лічу, змагацца ўсімі сіламі неабходна за тое, каб чалавек быў чалавекам”.

Пра наступствы Чарнобылю

Міхаіл Кандрычын, вёска Сідаравічы Магілёўскага раёну:

“Жыцьцё цяпер такое, што на “Свабоду” можна пісаць кожны дзень. Сярод маіх сваякоў і знаёмых ад наступстваў Чарнобыля (ад анкалягічных хваробаў) штогоду паміраюць два-тры чалавекі. Мы дагэтуль ня ведаем усёй праўды пра тое, што тады адбылося і чым гэта можа скончыцца для нашага народу, для наступных пакаленьняў.

На жаль, уладу ў нас захопліваюць недасьведчаныя, малаадукаваныя людзі. А варта было б аддаць яе навукоўцам – такім, як Карпенка, Ганчар, Пазьняк… Ды толькі дзе яны цяпер?..”

Пра льготы

Спадарыня: “Пазбавіўшы льготаў малазабясьпечаных дзяцей і пэнсіянэраў, дыктатар Лукашэнка адабраў у іх і без таго бедны рацыён прысмакаў і садавіны. У інвалідаў і ліквідатараў, донараў, можна сказаць, выцягнуў з роту кавалак белага пшанічнага хлеба. У той жа час, не задумваючыся, выкінуў за борт 400 мільёнаў даляраў, якія заставаліся ў бюджэце Беларусі, дзякуючы гандлёвым прэфэрэнцыям. Вось яго клопат пра простых беларусаў, квітненьне Беларусі, пра якое дыктатар Лукашэнка крычаў да хрыпаты 3-га ліпеня”.

Спадар: “Адмяніць льготы інвалідам, пэнсіянэрам, якім за 60 гадоў, і пры гэтым павялічыць пэнсіі міліцыянтам, ваенным, якім за сорак, амаль у два разы за астатніх – гэта і ёсьць кульмінацыя сацыялізму па-лукашэнкаўску”.

Спадар: “Пасьля таго, як абраньнікі народу прынесьлі сваім выбарцам такі падарунак, што адмянілі льготы інвалідам, донарам і іншым катэгорыям грамадзянаў, то пайшлі размовы пра тое, што павялічыцца пэнсійны ўзрост для мужчынаў і жанчынаў. Ці праўда гэта? Наколькі гэтая інфармацыя рэальная? Я думаю, што яна ўсё ж такі мае пад сабою нейкую аснову, то бок, нават працоўныя пэнсіі не падвышаюцца зь лістапада мінулага году. Хацелася б даведацца больш дакладную інфармацыю пра тое, ці падвысіцца пэнсійны ўзрост для нашых грамадзянаў”.

Пра Мілінкевіча

Спадарыня, Магілёў: “На сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам у Магілёве я пераканалася ў тым, што не павінна зь ім быць тых, хто зь ім ня згодны. Слухала я яго і спрабавала зачапіцца хаця б за адзін аргумэнт, каб не пагадзіцца зь ім. У мяне нічога не атрымалася, хаця я таксама магу паспрачацца, калі ў гэтым ёсьць неабходнасьць. У газэце “Свабода” за 10-16.06.2007 году Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што ёсьць палітычная воля мець адзінства. Тое, што ў Мілінкевіча ёсьць воля да адзінства, я пераканалася. І да расколу яго воля не вядзе. Спрачацца, канечне, можна, але не да такой жа ступені, што адзін на Захад, другі на Ўсход цягне. З Расеяй Беларусь жыла шмат год з працягнутай рукой. І цяпер просіць. А Эўропа ці Эўразьвяз сам прапануе дапамогу, то бок, Беларусь усё ж такі ў Эўропе. Мілінкевіч – ня вораг Расеі, а хутчэй сябра. З-за чаго тут спрачацца, паважаны Анатоль Лябедзька?”

Пра мэдыцыну

Спадар: “ На гэтым тыдні я выпадкова на нашым прыпынку пачуў размову дзьвюх жанчынаў, адна зь якіх – маладая маці дзяўчынкі гадоў 4-х. Яна скардзілася, што ня можа сваё дзіця пакласьці ў бальніцу, бо няма наркозу, няма чым зрабіць наркоз у Пінскай дзіцячай бальніцы. Таму дзіця пакуль не кладуць у бальніцу. А яна сама езьдзіць у вёску і зьбірае чарніцы, каб неяк паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Мне здаецца, што гэтыя факты яшчэ раз сьведчаць пра тое, што ня ўсё ў нас насамрэч так добра, як мы чуем па радыё, асабліва падчас дзяржаўных сьвятаў: нібыта людзі жывуць у нас вельмі добра і клопат дзяржавы аб грамадзянах, асабліва аб дзецях, вялікі і пастаянны".

Пра ўгодкі нараджэньня Янкі Купалы

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! У пасланьні да юбілею Янкі Купалы беларускі прэзыдэнт і такое цьвердзіў, што “Янка Купала быў бы задаволены цяпер, калі б убачыў эканамічна моцную і квітнеючую Беларусь”. Прыблізна цытую. І нават тут, у пасланьні, прыляпілася палітыка, папулізм. Ад таго, што ўбачыў бы вялікі беларускі паэт, ці вытрымала б яго душа – разагнаную беларускую школу, нахабную русыфікацыю; нацыянальна сьвядомыя беларускія паэты і пісьменьнікі, беларускія музыкі амаль у падпольлі; руйнуюцца гістарычныя забудовы ў Менску, каб расейскі бізнэсмэн змог адмыць тут свае грошы, і ня толькі ў Менску; упарта вытоптваецца гістарычная памяць народа; падман, як атрутны туман, паўсюль, асабліва ўпарта калечацца маладыя душы. А самая высока памяць пра Янку Купалу – гэта чытаць яго прыгожую, далікатную, глыбока нацыянальную паэзію, яго творы. Ды нават на сьвяткаваньні ў Вязынцы 7-га ліпеня нельга было набыць, як паведаміў карэспандэнт “Свабоды,” кнігу паэта. А была ж прынята дзяржаўная праграма сьвяткаваньня юбілею Янкі Купалы. Дык што ж гэта такое робіцца?! Хто адкажа? Яшчэ пра Ігара Лучанка. Што не сказаў ён, не напомніў, што ў яго музыцы, песьнях – спадчына Янкі Купалы, паэзія Янкі Купалы? Ня дзіва, колькі год таму Ігар Лучанок паклаў на музыку такое: “Мы не сеем и не пашем, мы валяем дурака, с колокольни шапкой машем на Зенона Пазняка”. Можа і ня шапкай. Яшчэ чым, ня памятаю. Не хачу вельмі гучна сказаць: у Беларусі цяпер, як у Шэксьпіравым выслоўі – “Пір падчас чумы”.

Пра Радыё Свабода

Спадар: “Я часам слухаю Вашы перадачы. Яны не кампэтэнтныя, яны разбураюць наш беларускі народ, і Вы настолькі няслушна выкладваеце свае думкі. Насамрэч, Вы і Ваша Радыё Свабода падрываеце эканоміку, падрываеце ўсё. Так, можа быць у нас ёсьць нейкія нюансы. Але мы павінны падымацца самі, каб нам ніхто не перашкаджаў: ні Расея, ні ЗША, ні тым больш Вы. Вы ня слушна адзываецеся пра нас. Мы нармальная, разумная, здаровая нацыя. Я адзін з тых, ня вельмі маладых, я пражыў ужо сорак год, нават болей. Усё прайшоў. Каб не было перашкодаў ні адтуль, ні адтуль, нам далі б спакойна працаваць, мы б нармальна жылі. А як Вы, калі Вы сапраўдныя беларусы, можаце казаць такія рэчы па Радыё Свабода?! Пра нашу Беларусь, пра нашу родную маці Беларусь?! А Лукашэнка нармальны чалавек, які спрабуе нешта зрабіць для нашай Беларусі. Можа быць, нешта ня слушнае, некаму не падабаецца. Але асабіста я задаволены. Дзякуй, што Вы мяне, магчыма, выслухаеце”.

Пра Лукашэнку

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: “Добры вечар. У тое, што Рыгорыч дбае пра нацыянальныя інтарэсы, не паверу ніколі. А як жа бульдозэры ў Курапатах? 25 сакавіка 2006 году? Зьнішчэньне беларускай мовы і абпляваны Быкаў? Дазвол жыць у Чарнобыльскіх раёнах? Продаж расейцам нашых заводаў (у нашым раёне такіх ужо тры)? Як жа?!”

Спадар: “Генэрал-губэрнатар царскай Расейскай імпэрыі Мураўёў увайшоў у гісторыю як вешальнік змагароў паўстаньня за вольную Беларусь, Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. А кіраўнік беларускай дзяржавы Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як душыцель, зьнішчальнік усяго беларускага: мовы, літаратуры, культуры, гісторыі, сымбаляў і свабоды. Дзьве родныя душы вешальнік Мураўёў і душыцель Беларусі – Лукашэнка”.

Пра перамовы ўлады і апазыцыі

Ларыса, Менск: “Да таго часу, пакуль урад не пачне весьці перамовы з апазыцыяй, усё будзе як раней: апазыцыя будзе ўносіць нейкія прапановы наконт таго, як палепшыць становішча ў краіне, пра выбары і іншае, а ўрад сам па сабе. Народ ужо неяк прыстасаваўся і жыве сваім жыцьцём і нават не прыслухоўваецца ні да тых, ні да другіх. Большая частка насельніцтва за Лукашэнку, і так і будзе. А моладзь выступае за свае правы. Зьменаў няма і ня будзе ў бліжэйшы час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG