Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Аляксандрам Казуліным у калёніі сустрэліся дочкі Вольга і Юлія


Алег Грузьдзіловіч, Менск Спатканьне Казуліна з дочкамі прыпала на гадавіну прысуду. Артуру Фінькевічу зноў пагражаюць турмой. Сябры Зьмітра Дашкевіча рыхтуюцца адзначыць яго дзень народзінаў велапрабегам. Рыхтуецца акцыя ў падтрымку Андрэя Клімава.

Сёньня – другі дзень доўгатэрміновага спатканьня Аляксандра Казуліна са сваякамі. Праведаць палітвязьня ў віцебскую калёнію прыехалі ягоныя дочкі Вольга і Юля. Напярэдадні дзяўчыны непакоіліся, што ад таты даўно не было лістоў са зьвесткамі пра здароўе і пажаданьнямі адносна будучай сустрэчы. Але якраз некалькі дзён таму прыйшоў доўгачаканы ліст з калёніі. Юля Казуліна распавяла пра тое, як яны рыхтаваліся да сустрэчы.

“Вось пяку піражкі з капустай, усякія тарты. Прыгатавала галубцы, фаршыраваную рыбу... Насамрэч, усяго шмат. Крыху пабалуем тату”.

Нагадаем, учора быў год, як Аляксандр Казулін быў асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Прэзыдыюм БСДП, старшынёй якой зьяўляецца Аляксандр Казулін, прыняў заяву з нагоды гадавіны асуджэньня свайго лідэра.

“Улада адпомсьціла Аляксандру Казуліну за словы праўды аб цяперашнім рэжыме, якія прагучалі з экранаў тэлевізараў і па радыё, а таксама на сустрэчах з выбарцамі”, – гаворыцца ў заяве. – “Улада помсьціць вязьню сумленьня Аляксандру Казуліну і цяпер, калі ён знаходзіцца ў турме, рознымі прыдзіркамі, жорсткім абыходжаньнем, недастатковай мэдычнай дапамогай”.

Дагэтуль няма дакладных зьвестак пра стан здароўя Аляксандра Казуліна, які летась цягам 53 дзён трымаў палітычную галадоўку. Зьвесткі пра здароўе Казуліна стануць вядомыя пасьля сустрэчы вязьня са сваякамі.

Парушэньне рэжыму – артыкул у газэце?

Актывіст “Маладога фронту” Артур Фінькевіч, які адбывае пакараньне “хіміяй” ў Магілёве, зноў зьведаў ціск з боку адміністрацыі ўстановы. Стала вядома, што яму пагражалі адпраўкай у турму за парушэньне рэжыму. Чарговае парушэньне міліцыянты ўбачылі ў тым, што Артур надрукаваў артыкул у газэце.

Тэрмін пакараньня Фінькевіча заканчваецца ў сьнежні. Юнака асудзілі на два гады “хіміі” за палітычныя графіці.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, які адбывае пакараньне ў Шклоўскай калёніі, 20-га ліпеня адзначыць дзень народзінаў – яму споўніцца 26 гадоў. Сябры вырашылі адзначыць гэты дзень спартовым мерапрыемствам. Маладыя людзі прыедуць на роварах да калёніі , дзе будуць вітаць Дашкевіча гукавымі сыгналамі і сьвятлом ліхтароў.

А бацькі актывіста спадзяюцца на доўгатэрміновае спатканьне з сынам, якое ім абяцалі супрацоўнікі адміністрацыі. Нагадаю, Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Чаму маўчыць Андрэй Клімаў?

Акцыя ў падтрымку Адрэя Клімава прымеркаваная на панядзелак, 16-га ліпеня. Аднадумцы з Аб’яднанай грамадзянскай парыі плянуюць правесьці ланцуг неабыякавых людзей у Менску, на Кастрычніцкай плошчы. Я спытаў актывіста АГП Ігара Шынкарыка, што чуваць пра Андрэя Клімава, які чацьверты месяц знаходзіцца ў сьледчым ізалятары.

“Нічога не чуваць, і ў гэтым уся справа. Мы ладзім акцыю ў ягоную падтрымку, бо ад яго ніякіх зьвестак. Некалькі дзён таму заходзіла да нас жонка Клімава Тацяна і казала, што ад яго таксама нічога няма, ані зьвестак, ані лістоў. Казала, што яны езьдзілі да турмы, пыталіся, ім адказалі, што зь ім усё нармальна, але ўсё роўна, вельмі непакояцца”.

Андрэя Клімава падазраюць у распаўсюджваньні заклікаў супраць дзейнай улады. Супраць Клімава вядзецца крымінальная справа. Палітык паведамляў у лістах, што ня ўдзельнічае ў сьледчых дзеяньнях, а чым займаюцца сьледчыя, яму невядома. Сьледчыя ў справе Андрэя Клімава размаўляць з журналістамі адмаўляюцца.

Таксама нагадаю, што пасьля двух месяцаў знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Андрэй Клімаў патрапіў у турэмны шпіталь з абвастрэньнем хваробы сэрца. Як ён пачуваецца цяпер, зьвестак няма.

Чаму З.Дашкевічу не даюць доўгатэрміновых спатканьняў?, 07.07.2007 Артур Фінькевіч: “Мядовы месяц дачыненьняў Беларусі з Эўропай скончыўся”, 24.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG