Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 07.07.2007 – 13.07.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садку”.

Сьвятлана Алексіевіч, пісьменьніца – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Ніхто не выключае, што Беларусь праз пэўны час можа быць у Эўразьвязе”.

Павал Якубовіч, рэдактар газэты “Советская Белоруссия – Беларусь сегодня” – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Ці магчыма такое, што, напрыклад, у ЗША Буш пасадзіў Гора на 15 гадоў толькі за тое, што той быў ягоным супернікам на выбарах? Ці магчыма такое, што Сарказі, які нядаўна перамог на выбарах у Францыі, пасадзіў у турму мадам Руаяль на 10 ці 20 гадоў?”

Сяргей Скрабец, былы палітвязень – у размове з пасламі краінаў Эўразьвязу пра лёс А. Казуліна.

“Значная частка кіраўнікоў здолеюць працаваць і пры новай уладзе. Але ня ўсе. Там ёсьць людзі, якім ня толькі кваліфікацыі не хапае, але і разуменьня, што адбываецца ў краіне. Гэта тыя, каго прывялі ва ўладу сам Лукашэнка альбо яго паплечнікі. Ад такіх людзей трэба будзе пазбаўляцца.

Але гэта будзе вельмі цяжка. Бо менавіта такія людзі будуць у першых шэрагах тых, хто будзе казаць, што яны галоўныя змагары з рэжымам і што іх трэба пакінуць на пасадах альбо нават падвысіць”.


Аляксандар Сасноў, былы міністар працы – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.

“У апазіцыі два выйсьця - або выводзіць дзесяткі тысяч на вуліцы (але гэта не атрымліваецца, паколькі людзі нікуды выходзіць не хочуць), або прасіцца на дыялёг з уладай (каб потым паказаць сваім спонсарам – паглядзіце, улада з намі мае справу, значыць, мы - сіла...)".

Алег Праляскоўскі, памочнік прэзыдэнта Беларусі, начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта.

“Што да беларусаў, дык яны дзіўным чынам толькі адзін радок у падручніку прысьвяцілі таму, што іхны жа ж Шушкевіч, уласна, у іхнай жа ж Белавескай пушчы разам зь Ельцыным і Краўчуком падпісаў... Прычым яны відавочна імкнуцца абыйсьці... “Ну, непрыемна, і мы пра гэта гаварыць ня будзем”. Вось, ім не падабаецца. Наагул, беларускі падручнік гісторыі больш за ўсё падобны на кароткі курс гісторыі ВКП(б), бо 90 працэнтаў тэксту – гэта пералічэньне прозьвішчаў супрацоўнікаў абкамаў, райкамаў, гаркамаў, з усімі рэгаліямі, з усімі подзьвігамі і гэтак далей”.

Ірына Ясіна, расейская журналістка – параўноўваючы падручнікі гісторыі ў постсавецкіх краінах.

“Ня памятаю. Калі цьвярозы — не. А калі нецьвярозы, тады можа быць, але я ня памятаю”.

Мянчук – у адказ на пытаньне Свабоды “Ці абражалі й зьневажалі Вас міліцыянты?”.

“Яны, цяперашнія ўладары, выцягнулі са спарахнелых спратаў сталінскі сьцяг, сталінскі герб, перайначылі сталінскі гімн. Цяпер яны хочуць прымусіць усіх нас карыстацца сталінскім правапісам. А тое, што яны гавораць пра наўмыснае скажэньне назваў пасадаў, дык гэта зразумела. Відаць, будуць саджаць на 15 сутак тых, хто слова “прэзыдэнт” напіша з малой літары”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – пра законапраект “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі”.

“Прыкладна зь пяці год я ўжо пачаў думаць пра сваю жонку. Я хацеў ажаніцца і я імкнуўся да гэтага ў сваіх дзіцячых думках. Мы, беларусы - нацыя сямейная … І проста неверагодна: побач - Расея, і там наадварот - галоўныя героі самых клясычных твораў, якія мы вывучалі ў школе - яны нежанатыя. Яны ня хочуць жаніцца. …Гэта – галоўная адрознасьць нас, беларусаў, ад расейцаў: мы хочам, а яны – не”.

Леанід Дранько-Майсюк, пісьменьнік – у перадачы «Начная Свабода».

“Хацеў бы зьвярнуць увагу на сёньняшні дзяржаўны сьцяг. У эстэтычным пляне ён мне глыбока антыпатычны. Разам з тым, у сацыялягічнай праекцыі ён проста містычна дакладны. Чырвоная частка — гэта савецкія людзі. Зялёная частка — гэта тутэйшыя беларусы. І вузенькая стужка бел-чырвона-белага арнамэнту — гэта нацыянальна сьвядомыя беларусы. І палітык, які імкнецца заваяваць уладу і ўтрымаць яе, мусіць у сацыялягічным сэнсе абапірацца на чырвоныя і зялёны колеры. Што і зрабіў Лукашэнка”.

Валянцін Акудовіч , філёзаф – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG