Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “Гэта яшчэ адзін крок, каб ліквідаваць актыўнасьць моладзі”


Алесь Дашчынскі, Менск Грамадзкія арганізацыі, якія заўважаць у атрыманьні фінансаваньня з-за мяжы, неадкладна зачыняць. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію журналістам у Жлобіне.

Гэтак Лукашэнка адрэагаваў на просьбу журналістаў пракамэнтаваць заяву прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша пра тое, што Злучаныя Штаты павялічаць падтрымку няўрадавых арганізацыяў у некаторых краінах — у тым ліку ў Беларусі. Як гэтую заяву камэнтуюць прадстаўнікі апазыцыі?

Былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі, лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што дзяржава ня хоча, каб існавала грамадзянская супольнасьць:

“Усе фонды, якія фінансавалі калісьці грамадзкія арганізацыі, былі выкінутыя зь Беларусі. Усё зроблена, каб мясцовы бізнэс не падтрымліваў разьвіцьця грамадзкіх арганізацыяў пад страхам кары. Гэта яшчэ адзін крок да таго, каб ліквідаваць актыўнасьць моладзі.

Звычайна пасьля такіх словаў трэба ж шукаць тых, пра каго ён кажа. І пачнуцца ліквідацыі арганізацыяў. Хаця ў нас трэці сэктар — як мінімум на дзьве траціны арганізацыяў, якія ня маюць легальнага статусу. Іх загналі ў падпольле. Яны хацелі б быць легальнымі, але ня маюць такога шанцu. Таму чарговы раз у падпольле будуць заганяць актыўных людзей”.

Паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяны Процькі, кіраўнік Беларусі сам паспрыяў узьнікненьню такога парадку фінансаваньня з-за мяжы, які пазбаўляе яго кантролю:

“Рэч у тым, што атрымаць грошы з-за мяжы — гэта парушэньне дэкрэту прэзыдэнта. Але крымінальнай адказнасьці за гэта цяжка знайсьці. Але вось іншыя рэчы, якія будуць вынікаць з гэтага, — вельмі і вельмі непрыемныя, зыходзячы зь беларускага заканадаўства.

Дзяржава парушае права людзей працаваць у грамадзкіх аб’яднаньнях, задавальняць свае духоўныя патрабаваньні і не выконвае палажэньняў Канстытуцыі. З другога боку, самі арганізацыі, якія парушаюць дзейнае заканадаўства.

Ну, а тое, што дзяржава ўзмацняе рэпрэсіўныя захады, — гэта, на жаль, ня першая і не апошняя нападка дзяржавы на грамадзянскія свабоды. Гэта дастаткова жорсткія рэпрэсіўныя меры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG