Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы адвакат Рынкевіч: “Казуліну адпомсьцілі за праўду пра рэжым”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Год таму ў Маскоўскім судзе Менску зачыталі прысуд кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Казуліну. Як склаліся лёсы ўдзельнікаў працэсу?

13 ліпеня 2006 году судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску Аляксей Рыбакоў прызнаў Аляксандра Казуліна вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў і прысудзіў яму пяць з паловай гадоў зьняволеньня.

Пра прысуд Аляксандр Казулін даведаўся пазьней за ўсіх, бо быў выдалены з залі. Таксама выдалілі журналістаў і сваякоў Казуліна. На працэсе былога кандыдата на прэзыдэнта абаранялі адвакаты Ігар Рынкевіч і Зьміцер Гарачка.

Пасьля суду яны працягвалі сваю працу, накіравалі шэраг скаргаў, але спачатку гарадзкі суд Менску (а потым і Вярхоўны Суд) прысуду Казуліну не зьмянілі. Ігар Рынкевіч мяркуе, што гэтым судзьдзі прадэманстравалі залежнасьць ад выканаўчай улады, якая адпомсьціла Аляксандру Казуліну за “праўду пра рэжым, сказаную падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі”.

Паводле Ігара Рынкевіча, беларуская ўлада дагэтуль баіцца Аляксандра Казуліна:

“Казулін сваімі паводзінамі ў турме, у прыватнасьці, галадоўкай, пацьвердзіў, што ён гатовы аддаць жыцьцё за дэмакратычныя прынцыпы, што гэта барацьбіт, выключна сур’ёзны палітык, якога баіцца ўлада. Таму яго ня тое што не вызваляюць, а нават не зьмякчаюць яму пакараньня, якое відавочна незаконнае і несправядлівае”.

Чаму галадаваў Аляксандар Казулін?

Нагадаю, у канцы мінулага году ў калёніі Аляксандар Казулін 53 дні трымаў палітычную галадоўку. Палітык дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, чыёй улады ён гэтак і не прызнаў, а таксама патрабаваў разгледзець стан з правамі чалавека ў Беларусі на Радзе бясьпекі ААН.

У выніку галадоўкі Аляксандра Казуліна і сапраўды зь ініцыятывы ўраду ЗША на паседжаньні Рады бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра Беларусь.

За час галадоўкі Аляксандар Казулін схуднеў болей як на дваццаць кіляграмаў. Турэмныя мэдыкі прызнаюць, што палітык дагэтуль канчаткова не ачуняў. Але дакладных зьвестак пра стан здароўя Казуліна няма ўжо болей за месяц.

Сёньня да палітыка на доўгатэрміновае спатканьне паехалі ягоныя дочкі Вольга і Юля. Малодшая Юля распавяла пра падрыхтоўку да спатканьня і пра свае спадзяваньні:

“Ведаеце, марым убачыцца, узяць у абдымкі, паглядзець у вочы і доўга не разьвітвацца”.

На жаль, гэтым разам не давядзецца ўбачыць мужа жонцы Казуліна Ірыне — жанчына захварэла.

Судзьдзя Рыбакоў пайшоў на падвышэньне

А як склаліся лёсы іншых сьведкаў і ўдзельнікаў працэсу?

Некалькі месяцаў таму ў адваката Ігара Рынкевіча ўлады забралі адвакацкую ліцэнзію. Спадар Рынкевіч мяркуе, што яму адпомсьцілі за тое, што абараняў Казуліна. Магло паўплываць і тое, што пасьля спатканьняў з палітыкам адвакат перадаваў на волю ягоныя палітычныя заявы.

Цяпер Аляксандра Казуліна абараняе адвакат Зьміцер Гарачка. Ужо два месяцы адвакат ня бачыў свайго падабароннага.

Пракурор Сяргей Бортнік, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачаньне на працэсе над Казуліным, застаўся працаваць у Маскоўскай раённай пракуратуры. А вось судзьдзя Аляксей Рыбакоў пайшоў на павышэньне — цяпер ён працуе ў Менскім гарадзкім судзе.

Пасьля працэсу Сяргей Бортнік і Аляксей Рыбакоў трапілі ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

• Алкаеў мяркуе, што рыхтуецца новае абвінавачаньне Казуліну, 10.07.2007 • Чаму Аляксандр Казулін адмаўляецца ад шпіталізацыі , 14.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG