Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Вялейкай знайшлі старажытны могільнік


Юлія Шарова, Менск Агляд недзяржаўнай прэсы.

На Берасьцейшчыне ў выніку моцнага ветру й працяглых дажджоў сапсавана больш за палову пасеваў збожжа, піша «Брестская газета». Яшчэ прыкладна пятая частка ад агульных пасяўных плошчаў падтопленая. Больш за ўсіх пацярпелі Лунінецкі, Столінскі, Ганцавіцкі, Пінскі ды Івацэвіцкі раёны. Кіраўніцтва вобласьці прыняло рашэньне тэрмінова распачаць жніво.

Цэнтральны матэрыял сьвежага нумару “Мясцовага часу” мае назву “Што пакінем нашчадкам?” Паводле газэты, гарадзкія ўлады задумалі зьнесьці частку дамоў на вуліцы Першамайскай у Пінску – адной з галоўных вуліцаў у горадзе. Будынкі знаходзяцца ў гістарычнай частцы гораду. За кошт іхнага зносу пашыраць праезную частку вуліцы.

Мясцовыя ўлады цьвердзяць, што гэта неабходна зрабіць, каб спрасьціць праезд на мост праз раку Піну, аднак простыя пінчукі з гэтай ідэяй не пагаджаюцца. На іхнюю думку, Пінск закранае агульная для Беларусі палітыка зьнішчэньня ўсяго гістарычнага.

Дасьледаваньне былога могільніку XV-XVI стагодзьдзя ля вёскі Кульшыно Любанскага сельсавету павінны распачаць напрыканцы ліпеня археолягі з Акадэміі навук, паведамляе “Рэгіянальная газета”.

Могільнік знайшлі 27 чэрвеня, калі работнікі дарожна-транспартнага прадпрыемства бралі пясок у кар’еры. Разам зь пяском у грузавікі траплялі косьці й чарапы. Пра гэта мясцовыя жыхары паведамілі краязнаўцам зь Вялейкі. Дзякуючы ім, працы спынілі і было прынятае рашэньне распачаць навуковае дасьледаваньне.

“Вольнае Глыбокае” публікуе краязнаўчы артыкул пра стан дарог у Віленскай губэрні ў 1861 годзе – тады Глыбокае належала да гэтай губэрні. У артыкуле цытуецца справаздача высокага чыноўніка, які інспэктаваў рэгіён:

“Праведзеныя работы амаль нікім не правяраюцца, хіба ў тых месцах, дзе мяркуецца праезд вышэйшага начальства. Азнаёміўшыся з дарогамі Віленскай губэрні, я пераканаўся, што кепскі іх стан паходзіць ад неахайнасьці й нядбайнасьці бліжэйшага мясцовага начальства. У часе праезду значных асобаў і праходу войскаў, калі адказнасьць пагражае земскім ўладам, прызначаюцца экстраныя работы”.

Як заўважае галоўны рэдактар газэты Ўладзімер Скрабатун, за паўтара стагодзьдзя на Глыбоччыне практычна нічога не зьмянілася. І старая справаздача гучыць надзіва актуальна.

У «Брестском курьере» зьмешчаны матэрыял пра крымінальнае здарэньне ў ноч пасьля сьвяткаваньня афіцыйнага Дня незалежнасьці ў Берасьці. Нецьвярозы юнак пасварыўся са сваёй дзяўчынай і скінуў яе з Кобрынскага мосту на чыгуначныя рэйкі. Дзяўчыне ўдалося ў момант падзеньня пазьбегнуць моцных траўмаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG