Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гулак: “Суды і праваабаронцы гавораць на розных мовах”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Вене прадстаўнікі афіцыйнага Менску і беларускія праваабаронцы ўдзельнічаюць у нарадзе “Абарона і ўмацаваньне правоў чалавека: адказнасьць і эфэктыўнасьць”. Нарада праводзіцца ў рамках АБСЭ. Падчас яе абмяркуюць пытаньні аб ролі нацыянальных судоў, праваабаронцаў і незалежных нацыянальных інстытутаў ва ўмацаваньні і абароне правоў чалавека.

Афіцыйную дэлегацыю, якая бярэ ўдзел у сустрэчы ў Вене, узначальвае намесьнік старшыні Вярхоўнага Суду, старшыня судовай калегіі ў крымінальных справах Валеры Калінковіч.

Як паведамілі ў прэсавай службе Вярхоўнага Суду, ён мае намер выступіць з дакладам пра ролю судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь у забесьпячэньні абароны законных правоў і інтарэсаў грамадзянаў.

На гэтую ж тэму падчас нарады будуць выказвацца і беларускія праваабаронцы. У Вене знаходзяцца сябра рады Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла, прадстаўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч ды іншыя.

Сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак заявіў:

“Калі б суды ў нас былі рэальным мэханізмам абароны правоў, то наша краіна называлася б сёньня цывілізаванай, дэмакратычнай краінай, ня так, як яе называюць на міжнародным узроўні. Не было б той колькасьці рэзалюцыяў адносна парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Складваецца такая сытуацыя, што беларускім судам, беларускай судовай сыстэме проста ня хочацца размаўляць на тыя тэмы, якія хвалююць грамадзтва і якія падымаюць праваабаронцы.

Таму, на жаль, мы ня можам сёньня ўдзельнічаць разам у канфэрэнцыях, сэмінарах, дзе абмяркоўваюцца гэтыя праблемы. Адзіная пляцоўка — гэта пляцоўка міжнародных арганізацыяў: розныя форумы АБСЭ перш за ўсё. Але там мы гаворым на розных мовах: мы гаворым аб праблемах, а яны кажуць пра тое, як усё добра”.

9 ліпеня Парлямэнцкая асамблея АБСЭ прыняла рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. Дакумэнт заклікае беларускія ўлады вызваліць палітвязьняў, правесьці незалежнае расьсьледаваньне справаў зьніклых апанэнтаў рэжыму, забясьпечыць свабоду СМІ і няўрадавых арганізацыяў, а таксама ўнесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства.
• Беларусь – аб’ект жорсткай крытыкі “Кіеўскай дэклярацыі”, 09.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG