Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артаграфіі і пунктуацыі нададуць статус закону


Уладзімер Глод, Менск Законапраект “Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі” разгледзела сёньня камісія ў пытаньнях адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу Палаты прадстаўнікоў. Сёньняшняя дыскусія мела дзьве адметнасьці: па-першае, сябры камісіі пастанавілі, што такі закон патрэбны, па-другое, урад запэўнівае, што на яго рэалізацыю не спатрэбіцца дадатковых грошай, бо новыя слоўнікі будуць выдаваць “у плянавым парадку”.

Старшыня камісіі Ўладзімер Здановіч гаворыць: да сёньняшняга дня адны дэпутаты лічылі, што закон неабходны, а іншыя схіляліся да прыняцьця не закону, а пастановы ўраду:

“Мы прыйшлі да высновы, што дакумэнт патрэбны ўсё-такі ў форме закону. Дзейных правілаў можна было б і не мяняць, і не прымаць новых, калі б яны безумоўна выконваліся ўсімі суб’ектамі гаспадараньня, усімі сродкамі масавай інфармацыі — незалежна ад іх поглядаў, эканамічнага стану, каб усе працавалі, як кажуць, у адным прававым рэчышчы.

Закон устанаўляе ня толькі нормы, якія неабходна выконваць, а яшчэ і некаторую ступень адказнасьці за яго парушэньне. Таму такая форма больш прымальная для таго, каб у нас былі адзіныя правілы”.

Уладзімер Здановіч: “Дзейных правілаў можна было б і не мяняць, калі б яны выконваліся ўсімі суб’ектамі гаспадараньня”.
Цікаўлюся ў старшыні профільнай камісіі: якая адказнасьць закладаецца ў законапраекце?

“Штрафныя санкцыі. Прынамсі, за наўмыснае парушэньне правапісу, – гавораць Уладзімер Здановіч. – Ніхто тут не абмяжоўвае нашых аўтараў пісаць у рамках аўтарскага права — прыкладам, уводзіць свае новыя словы.

Ніхто, напрыклад, не зьбіраецца перайначваць “Зорка Вэнэра ўзышла над Зямлёю” Максіма Багдановіча, хоць гэта ня зорка, а плянэта. І тым ня менш мы гаворым “зорка”, і гэта ўсім падабаецца. Тут усё застаецца ў сіле.

А вось калі наўмысна скажаецца сэнс зь нейкай мэтай — палітычнай ці іншай, каб кагосьці зганьбіць, наўмысна скажаецца ягоная пасада, напісаньне пасады, ну, тады, канечне, патрэбна ўводзіць штрафныя санкцыі да парушальнікаў”.

А намесьнік міністра адукацыі Казімір Фарына заявіў, што палажэньні гэтага закону павінны стаць абавязковымі для кожнага грамадзяніна Беларусі.

Вінцук Вячорка: “Цяперашнія ўладары хочуць прымусіць усіх нас карыстацца сталінскім правапісам”.
Суаўтар зводу нормаў і правілаў беларускага клясычнага правапісу Вінцук Вячорка ацэньвае спробы ўвесьці новы закон як “жаданьне гвалтам загнаць беларускую мову ў сталінскі пракрустава ложа правапісу 1930-х гадоў”:

“Яны, цяперашнія ўладары, выцягнулі са спарахнелых спратаў сталінскі сьцяг, сталінскі герб, перайначылі сталінскі гімн. Цяпер яны хочуць прымусіць усіх нас карыстацца сталінскім правапісам.

А тое, што яны гавораць пра наўмыснае скажэньне назваў пасадаў, дык гэта зразумела. Відаць, будуць саджаць на 15 сутак тых, хто слова “прэзыдэнт” напіша з малой літары.

Як спэцыяліст-мовазнаўца хачу сказаць, што такія сур’ёзныя рэчы, як узаконеньне пэўнага зводу артаграфічных правілаў, патрабуюць сур’ёзнай дыскусіі прафэсіяналаў і ўсёй грамадзкасьці, якая мае дачыненьне да функцыянаваньня мовы.

Я думаю, што тое, што адбываецца цяпер, гэта яшчэ адна палітычная пуга для таго, каб змагацца зь незалежнымі пэрыядычнымі выданьнямі, кнігавыданьнямі, а магчыма, і з асобнымі грамадзянамі”.

Законапраект аб артаграфіі і пунктуацыі мяркуецца вынесьці на восеньскую сэсію Палаты, якая пачнецца ў кастрычніку. Афіцыйныя правілы артаграфіі і пунктуацыі не мяняліся з 1959 году.

“Тыя правілы, — гаворыць Уладзімер Здановіч, — павінны былі стаць абавязковымі для ўсіх. Аднак пакараньне за іх парушэньне прадугледжана не было, таму што існуе такі радок: “У выпадку парушэньня агульнапрынятых правілаў”. А хто прымаў гэтыя правілы? Таму цяпер прапануецца прыняць усё ў форме закону. А закон абавязковы для выкананьня”.

• Палата прадстаўнікоў зоймецца беларускай артаграфіяй, 15.06.2007 • Абітурыенты здалі тэст па беларускай мове, 12.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG