Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ўсясьветны банк лічыць, што беларуская ўлада найменш эфэктыўная ў рэгіёне


Юры Дракахруст, Прага Сёньня Ўсясьветны банк абнародаваў справаздачу аб якасьці дзяржаўнага кіраваньня ў разных краінах сьвету ў 2006 годзе. Аналізу падлягалі 212 незалежных дзяржаваў і самакіраваных тэрыторый. Якасьць дзяржаўнага кіраваньня ў Беларусі ацэньваецца ў справаздачы даволі нізка.

Ацэнкі таго, як працуе дзяржава ў розных краінаў сьвету, Усясьветны банк рабіў на падставе ацэнак мноства міжнародных інстытуцыяў, камэрцыйных і фінансавых досьледных цэнтраў і грамадзкіх арганізацыяў. Справаздачы аб эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня ў сьвеце Ўсясьветны банк пачаў рабіць 11 гадоў таму.

У справаздачы разглядаюцца 6 індыкатараў: удзел насельніцтва ў кіраваньні, палітычная стабільнасьць, якасьць ўрадавай палітыкі, здольнасьць ураду рэалізоўваць свае рашэньні, вяршэнства закону і пасьпяховасьць барацьбы з карупцыяй.

Беларускія ўлады заўсёды падкрэсьліваюць, што перавагай беларускай мадэлі з’яўляецца моцная і эфэктыўная дзяржава. Аднак высновы справаздачы Ўсясьветнага банку гэтай тэзе хутчэй супярэчаць. Скажам, Беларусь атрымала надзвычай нізкі паказчык удзелу народу ў кіраваньні дзяржавай – мінус 1.71. Гэта, зразумела, лепш, чым у Паўночнай Карэі, дзе гэты паказчык складае -2.19, але Расея паводле гэтага індыкатара мае ацэнку -0.87, Украіна – +0.11, Латвія – +0.83, Літва – +0.93, Польшча – +0.95.

З усіх паказчыкаў найлепшае становішча ў Беларусі паводле палітычнай стабільнасьці, гэты паказчыку вымярае імавернасьць гвалтоўнай зьмены ўлады. Тут паказчык Беларусі – +0.16. Для параўнаньня : у Аўганістане ён складае -2.29, у Расеі – -0.74, ва Ўкраіне – -027, у Польшчы – +0.22, у Латвіі – +0.81, у Літве – +0.89.

Такім чынам , Беларусь палітычна больш стабільная, чым Украіна і Расея, але менш, чым іншыя суседзі.

Што да эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня, то тут паказчык Беларусі – -1.24. Расея атрымала адзнаку – -0.43, Украіна – -0.57, Польшча – +0.49, Латвія - +0.73, Літва – +0.73. Такім чынам, паводле Ўсясьветнага банку беларуская ўлада найменш эфэктыўная на фоне суседзяў.

Паводле крытэру здольнасьці ўладаў праводзіць свае рашэньні ў жыцьцё Беларусь таксама ня лідэр у сваім рэгіёне. Адзнака Беларусі – -1.60, Расеі – -0.45, Украіны – -0.47, Польшчы – +0.64, Літвы – +1.02, Латвіі – +1.06.

Падобная ж сытуацыя адносна вяршэнства закону: Беларусь – -1.16, Расея – -0.91, Украіна – -0.72, Польшча –+0.25, Літва – +0.45, Латвія – +0.52.

Нарэшце, і ў фірмовай тэме беларускіх уладаў – змаганьні з карупцыяй, Усясьветны банк ацаніў іх высілкі даволі стрымана: ацэнка Беларусі – -0.84, Расеі – -0.76, Украіны – -0.67, Польшчы – +0.14, Літвы – +0.11, Латвіі – +0.38.

Падводзячы вынікі, можна сказаць, што паводле справаздачы Ўсясьветнага банку Беларусь саступае ўсім суседзям па ўсіх паказчыках якасьці дзяржаўнага кіраваньня, акрамя палітычнай стабільнасьці, саступаючы і па гэтым паказчыкам Літве, Латвіі і Польшчы. У тройцы ўсходнеславянскіх дзяржаваў найлепшыя паказчыкі – ва Ўкраіны. Усясьветны банк называе Ўкраіну ў ліку дзяржаваў, якія за апошнія 10 гадоў істотна палепшылі якасьць кіраваньня. Таксама цікава адзначыць, што амаль па ўсіх паказчыках Польшча саступае балтыйскім суседзям Беларусі. Што да дынамікі ў часе, то ў прэсавым рэлізе Усясьветнага банку Беларусь адзначаецца як адна з тых краінаў, паказчыкі якой па ўсіх індыкатарах якасьці дзяржаўнага кіраваньня за апошнія 10 гадоў пагоршыліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG