Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў мяркуе, што рыхтуецца новае абвінавачаньне Казуліну


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы начальнік менскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў, які атрымаў прыьтулак у Нямеччыне, не выключае завядзеньня новай крымінальнай справы супраць экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Пра гэта уцякач заявіў у размове з нашым карэспандэнтам.

Алег Алкаеў днямі зьмясьціў у інтэрнэце тэкст запісу размовы міністра унутраных справаў Уладзімера Навумава з былым ахоўнікам Казуліна і былым “алмазаўцам” Ігарам Макарам. Паводле Алега Алкаева, з тэксту размовы вынікае, што Уладзімер Навумаў яшчэ да арышту Казуліна ведаў, што таму не пазьбегнуць зьняволеньня. Нібыта першапачаткова “пасадка” Аляксандра Казуліна рыхтавалася з дапамогай справы супроць палкоўніка КДБ Міхалапа.

“З размовы Навумава вынікае, што Казуліну турма была накаваная. Вось зараз зьмясьцілі ў турму Міхалапа, былога супрацоўніка КДБ. А калі вы праслухаеце запіс, то ў ім, яшчэ 14-га сакавіка мінулага году, Навумаў казаў: “Вось зараз сядзе ў турму Міхалап, а потым і Казулін”. І нядаўна сапраўды Міхалапа пасадзілі. Абвінавацілі нібыта ў тым, што разам з Казуліным яны з кватэрамі ў БДУ махлявалі. Такім чынам гэта ўдар супраць Казуліна. Гэта маё меркаваньне, але я добра ведаю гэтую сыстэму. Можа атрымацца, што яны здымуць з Казуліна абвінавачаньні з палітычнай афарбоўкай, пра арганізацыю вулічных беспарадкаў, і абвінавацяць яго ў махінацыях кватэрамі з дапамогай справы Міхалапа. Вось да чаго гэта ідзе”.

Нагадаем, на пачатку чэрвеня міліцыянты сапраўды арыштавалі трох палкоўнікаў, у тым ліку былога палкоўніка КДБ Міхалапа. Гэтую справу цяпер вядзе Генэральная пракуратура.

Алег Алкаеў абверг меркаваньне, нібыта ён надрукаваў тэкст размовы міністра Уладзімера Навумава з ахоўнікам Казуліна Ігарам Макарам наўмысна, каб нашкодзіць Навумаву падчас супрацьстаяньня міліцыі і КДБ. Паводле Алкаева, ён надрукаваў тэкст з дазволу Ігара Макара, які атрымаў толькі нядаўна, хаця пра гэтую стужку ведаў даўно. А што да вэрсіі пра “вайну міліцыі з КДБ”, Алег Алкаеў у яе ня верыць:

“У таталітарнай краіне ніякай барацьбы спэцслужбаў не бывае. Усё падпарадкавана аднаму чалавеку, які для ўсіх галоўны судзьдзя. Усё робіцца паводле замовы. Каб арыштаваць палкоўніка КДБ аднаго жаданьня Навумава недастаткова”, – сказаў Алег Алкаеў.

10 ліпеня карэспандэнт “Свабоды” зноў спрабаваў ўзяць камэнтар ў міністра Уладзімера Навумава. Аднак кіраўнік прэс-цэнтру МУС Кацярына Самусенкава-Шэлегава не адказала на пытаньне, як камэнтуе міністар Навумаў абвінавачаньні на ягоны адрас з боку Алега Алкаева. 9-га ліпеня Кацярына Самусенкава-Шэлегава абяцала даведацца ў міністра пра ягонае меркаваньне.

• Былы спэцназавец запісаў размову зь міністрам Навумавым наконт Казуліна., 09.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG