Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым сакрэт папулярнасьці сэрыялу "Не родись красивой"?


Радыё Свабода Папулярнасьць сэрыялу "Не родись красивой", які ідзе па тэлеканале ОНТ, можна параўнаць хіба што з “Рабыняй Ізаўрай”. Прыгоды расейскай сакратаркі Каці Пушкаровай, разумнейшай за ўласнага шэфа, прымушаюць тысячы беларускіх гледачоў сьпяшацца дахаты ўвечары, каб нараніцу абмеркаваць з калегамі новыя хітраспляценьні лёсу ўлюбёных герояў.

Кіркораў адпачывае...

Запэўніцца ў маштабе папулярнасьці сэрыялу давялося калектыву газэты “Камсамольская праўда ў Беларусі”. 2 месяцы таму Нэлі Ўварава, выканаўца галоўнай гераіні сэрыялу, была госьцяй “наўпроставай лініі” газэты. Такой колькасьці званкоў не чакалі ані актрыса, ані супрацоўнікі газэты. Распавядае журналістка Ірына Козьлік:

Ірына Козьлік: “Звычайна наўпроставую лінію паводзіць адзін журналіст. У гэтым выпадку прыйшлося працаваць упяцёх. Занятыя былі ўсе 4 лініі. У Нэльлі Ўваравай не было магчымасьці ні перадыхнуць, ні глынуць гарбаты ці соку. Пакуль яна адказвала на адно пытаньне, іншыя тэлефоны альбо званілі, альбо са зьнятымі слухаўкамі па чарзе чакалі адказу – і гэтак 2 гадзіны. За 2 тыдні да гэтага у нас на гэткай жа наўпроставай лініі быў Філіп Кіркораў. Здавалася б, ягоная папулярнасьць таксама “зашкальвае”. Але нам неяк аж няёмка перад ім было – званкі былі, але пытаньні былі аднатыпныя, ня вельмі цікавыя, і праз 20 хвілінаў амаль скончыліся”.

Сярод пастаянных гледачоў сэрыялу – і мужчыны, і жанчыны, і кандыдаты навук, і пэнсіянэркі. Ірыне Рымашэўскай – 82 гады. Яна шмат гадоў працавала ў школе настаўніцай малодшых клясаў. Маючы на пэнсіі шмат вольнага часу, шмат чытае. Апошнія кнігі – “Дзёньнік Ларысы Геніюш” ды знакамітае “Нашэсьце”. А з тэлесэрыялаў глядзіць менавіта гісторыю Каці Пушкаровай. На ейны погляд, галоўныя якасьці кінастужкі – дабрыня сюжэту ды шчырасьць пэрсанажаў.

Ірына Рымашэўская: “Вельмі мне падабаецца гэты сэрыял, вельмі. Падабаюцца ўсе гэтыя пэрсанажы. Настолькі яны шчырыя, настолькі яны праўдзівыя... Вось вазьмі Жданава – ён вельмі шчыры ў сваіх адносінах, у сваім каханьні да Каці. Але ж ён не хоча і пакрыўдзіць Кіру... І ён апраўдвае свае стасункі з Кацяй, хоць яна часам і праяўляе недавер да ягоных пачуцьцяў, але ён на гэта ўсё не зьвяртае ўвагу, таму што шчыра яе любіць. Вельмі ён мне падабаецца, гэты фільм... І чакаю канца, бо вельмі цікава, які ж там будзе фінал...”

Лідэр беларускага гурту “Жыгімонт Ваза”, дызайнэр Сяргей Скрыпнічэнка глядзіць тэлевізар вельмі зрэдку і да аматараў сэрыялаў наагул ставіцца скептычна. Але фільм “Не родись красивой” стаўся выключэньнем. На погляд музыкі, сакрэт посьпеху стужкі – у вынайдзеным стваральнікамі ды акторамі новым кінажанры – драмэды. Гэткім кактэйлі з мэлядрамы, камэдыі і драмы.

Сяргей Скрыпнічэнка: “Большасьць сэрыялаў расейскіх вельмі абмежаваныя тэматычна – альбо мянты, альбо бандзюганы – усё завязана на крымінале. І трэцяя яшчэ тэма – гэта нейкая абстрактная вайна на Каўказе. А “Не родись красивой” вылучаецца з гэтага шэрагу вельмі цікавай гумарыстычнасьцю. Нагадвае мальераўшчыну. Плюс акторы вельмі добра адчуваюць свае ролі і граюць папросту выдатна – нешта накшталт актораў у батлейцы”.

Вялікі і жахлівы маркетынг

Псыхолягі ацэньваюць папулярнасьць сэрыялаў з пункту гледжаньня прафэсіі. І тлумачаць посьпех мыльных опэраў эфэктам адпачынку. Маўляў, чалавек глядзіць у экран пасьля цяжкага працоўнага дня – і здымае стрэс.

Сярод пацыентаў псыхоляга Марыны Конаш – і студэнты, і мамы ў дэкрэтным адпачынку, і кандыдаты навук. Яна лічыць, што папулярнасьць сэрыялу “Не родись красивой” дапамагае людзям спраўляцца з шмат якімі комплексамі.

Конаш: “Безумоўна, тое, што выкарыстоўвае зараз сучаснае тэлебачаньне – гэта сыстэма “reality show”. Калі кожны чалавек рэалізуе сваю жарсьць вуаярыста, проста гледзячы ў экран, не выкарыстоўваючы бінокаль ці шчыліну ў дзьвярох, каб пабачыць, што адбываецца ў кагосьці, а папросту гледзячы ў экран свайго тэлевізара”.

Наўрад ці кінаіндустрыя ставіла сабе на мэце дапамагчы чалавецтву ў лекаваньні комплексаў ці яшчэ якіх хібаў існаваньня, – лічыць маркетоляг Кацярына Кузьняцова. Шоў-бізнэс, як і Масква, сьлязам ня верыць, – кажа яна. Але верыць у бізнэс-пляны і спраўны разьлік. На погляд спадарыні Кузьняцовай, посьпех сэрыялу “Не родись красивой” – вынік прафэсійнай працы маркетолягаў ды рэклямістаў.

Кузьняцова: “Выдатны паводле ўсіх крытэраў прадукт. Які ня толькі знайшоў сваю шматгранную рэклямную аўдыторыю, але і значна пашырыў выкарыстаньне гэткіх рэклямных тэхналёгіяў, як “product placement”, якія раней выкарыстоўваліся ў расейскіх сэрыялах значна меней. Па сутнасьці гэта – вельмі добры камэрцыйны праект, цудоўна сплянаваны, цудоўна выкананы, цудоўна зьняты. І дзякуючы гэтаму знайшоў сваю мэтавую аўдыторыю”.

Самыя нецярплівыя з прыхільнікаў сэрыялу ўжо ведаюць, які фінал чакае герояў сэрыялу “Не родись красивой”: DVD з поўнай вэрсіяй фільма маюць устойлівую папулярнасьць сярод пакупнікоў. А стваральнікі сэрыялу тым часам рыхтуюць мэтавую аўдыторыю на будучыню, – інтрыгуючы час ад часу абяцаньнем працягу прыгожай гісторыі пра непрыгожую Кацю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG