Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тое, што ўбачыў бы Янка Купала, ці вытрымала б яго душа?!"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 9 ліпеня, панядзелак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Спадарыня, Магілёў: “На сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам у Магілёве я пераканалася ў тым, што не павінна зь ім быць тых, хто зь ім ня згодны. Слухала я яго і спрабавала зачапіцца хаця б за адзін аргумэнт, каб не пагадзіцца зь ім. У мяне нічога не атрымалася, хаця я таксама магу паспрачацца, калі ў гэтым ёсьць неабходнасьць.

Анатоль Лябедзька сьцьвярджае, што ёсьць палітычная воля мець адзінства. Тое, што ў Мілінкевіча ёсьць воля да адзінства, я пераканалася. І да расколу яго воля не вядзе. Спрачацца, канечне, можна, але не да такой жа ступені, што адзін на захад, а другі на ўсход цягне.

З Расеяй Беларусь жыла шмат гадоў з працягнутай рукой. І цяпер просіць. А Эўропа ці Эўразьвяз сам прапануе дапамогу, то бок, Беларусь усё ж такі ў Эўропе. Мілінкевіч – ня вораг Расеі, а хутчэй сябра. З-за чаго тут спрачацца, паважаны Анатоль Лябедзька?”

“Пазбавіўшы льготаў малазабясьпечаных дзяцей і пэнсіянэраў, Лукашэнка адабраў у іх і без таго бедны рацыён прысмакаў і садавіны. У інвалідаў і ліквідатараў, донараў, можна сказаць, выцягнуў з роту кавалак белага пшанічнага хлеба. У той жа час, не задумваючыся, выкінуў за борт 400 мільёнаў даляраў, якія заставаліся ў бюджэце Беларусі, дзякуючы гандлёвым прэфэрэнцыям. Вось яго клопат аб простых беларусах, пра росквіт Беларусі, аб якім Лукашэнка казаў 3-га ліпеня”.

Зіноўеў: “Пакуль ня будзе лібэралізацыі імпарту з Эўразьвязу, думаю, карупцыя на мытні не закончыцца, каго б там ведамства Сухарэнкі не “засухарыла”.

Спадарыня: “У нас толькі тады будзе разьвівацца беларуская мова, калі прыйдуць да ўлады Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч. Яны возьмуць да сябе ўсіх дэпутатаў, якія былі і па-беларуску гаварылі”.

Спадар: “Ёсьць такая вёска Альшаны ў Берасьцейскай вобласьці Столінскага раёна. Яна вялікая. Жыве тут больш за 8 тысяч насельніцтва. На яе ніякія ўлады ніякай увагі не зьвяртаюць. Ні на людзкія патрэбы, ні на звароты людзей да ўладаў. Ніхто ні на што не адказвае. Мы хочам, каб Вы прыехалі, паглядзелі, сфатаграфавалі нашы вуліцы. Дзеці ў школу 5 кілямэтраў дабіраюцца пешшу. Стан вуліцаў жудасны”.

Нарачанскі селянін: “Паслухаеш Вашы камэнтары на лісты на “Свабоду,” на званкі. Увесь час чую адны і тыя ж сіпатыя галасы. Яны ўжо прыеліся. Я нават зазначыў, што быў камэнтар на ліст ці тэлефанаваньне, якое ўжо прагучала месяц таму ці больш. А тэлефанаваньні аднаго там гучаць, нібы чалавек на гарышчы прасядзеў недзе ці ў склепе, а вылез цяпер і пачынае расказваць пра свае думкі, якія засталіся на ўзроўні пяцідзесяці год таму”.

Белькевіч, Салігорск: “У Беларусі няма пагрозаў ні з боку НАТО, ні з боку Расеі. Найгоршыя ворагі беларускай нацыі – цемната і беднасьць розуму прыхільнікаў злога недзеяздольнага рэжыму”.

Спадарыня: “У пасланьні да юбілею Янкі Купалы беларускі прэзыдэнт і такое цьвердзіў, што “Янка Купала быў бы задаволены цяпер, калі б убачыў эканамічна моцную і квітнеючую Беларусь”.

Тое, што ўбачыў бы вялікі беларускі паэт, ці вытрымала б яго душа?! Разагнаная беларуская школа, нахабная русыфікацыя. Нацыянальна сьвядомыя беларускія паэты і пісьменьнікі, беларускія музыкі амаль у падпольлі.

Руйнуюцца гістарычныя забудовы ў Менску, каб расейскі бізнэсмэн змог адмыць тут свае грошы. І ня толькі ў Менску. Упарта вытоптваецца гістарычная памяць народа. Падман, як атрутны туман, паўсюль, асабліва ўпарта калечацца маладыя душы.

А самая высокая памяць пра Янку Купалу – гэта чытаць яго прыгожую, далікатную, глыбока нацыянальную паэзію, яго творы. Ды нават на сьвяткаваньні ў Вязынцы 7-га ліпеня нельга было набыць кнігу паэта. А была ж прынята дзяржаўная праграма сьвяткаваньня юбілею Янкі Купалы”.

Яцкевіч Аляксандр, Віцебск: “Колькі б гэты “Базар” не праходзіў, я штораз прыніжаны. Кожны раз я не магу сустрэцца з артыстамі. Ніхто мяне нікуды не прапускае. Пішаш мэлёдыі, пішаш вершы – ніхто не прапускае. Наш “бацька” хваліўся, што аналягаў няма, што такі добры дах збудавалі. Але ж гэты дах цячэ, на кожным крэсьле ёсьць лужына, калі паглядзець”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG