Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бойкі Клецк”: міліцыянты змагаюцца зь недзяржаўнай прэсай


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 9 ліпеня.

“БелГазета” сёньняшні нумар прысьвяціла масавым мерапрыемствам з нагоды афіцыйнага сьвята Дня незалежнасьці, што адзначалася на мінулым тыдні. Зьмешчаныя рэпартажы, уражаньні ўдзельнікаў падзеяў. Намесьнік рэдактара Віктар Марціновіч:

“Асьвятляючы вечаровы канцэрт, калі сотні тысяч людзей сьпявалі гімн, пэрсанальна я раблю выснову, што, мабыць, гэта ня так ужо і дрэнна. Бо, можа быць, празь некаторы час яны і ўсе мы будзем сьпяваць іншы гімн, напрыклад, “Магутны Божа”.

“Бойкі Клецк” зьвяртае ўвагу чытачоў на сацыяльна-эканамічныя працэсы ў раёне. На прыкладзе адной зь мясцовых вёсак аналізуюцца вынікі дзяржаўнай палітыкі ў аграрным сэктары. Тут старэе насельніцтва, адсюль зьяжджае моладзь.

Між тым, як зазначае выданьне, яшчэ зь дзясятак гадоў таму паселішча лічылася пэрспэктыўным. Падобныя тэндэнцыі, паводле публікацыі, уласьцівыя й для большасьці іншых клецкіх паселішчаў, у тым ліку, як падкрэсьлівае аўтар, і тутэйшых так званых аграгарадкоў.

Яшчэ адна публікацыя “Бойкага Клецку” апавядае пра змаганьне з гэтым выданьнем мясцовых міліцыянтаў.

“Запалохваюць насельніцтва, каб людзі не чыталі недзяржаўнае выданьне”, — тлумачыць аўтар, рэдактар Сяргей Панамароў. Паводле яго, ахоўнікі правапарадку замест выкананьня службовых абавязкаў цікавяцца пытаньнем распаўсюду выданьня і канфіскоўваюць асобнікі.

“Брэсцкая газэта” паведамляе пра адкрыцьцё ў абласным цэнтры мастацкай выставы. На ёй прадстаўленыя графіка й скульптура 20 мясцовых мастакоў – і прызнаных майстроў, і маладых творцаў. Якраз моладзь, паводле выданьня, дэманструе найбольшую творчую актыўнасьць. Што тычыцца графікі, то, як зазначае газэта, гэта — першая яе выстава ў Берасьці за апошнія адзінаццаць гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG