Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт ПА АБСЭ ухваліў праект рэзалюцыі па Беларусі


Ганна Соўсь, Прага У Кіеве на летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ камітэт палітычных пытаньняў і бясьпекі ухваліў з папраўкамі праект рэзалюцыі “Выкананьне абавязаньняў АБСЭ”, якая складаецца з двух пунктаў “Сытуацыя ў Беларусі” і “Энэргетычная бясьпека”. Супраць прыняцьця рэзалюцыі галасавалі дэлегацыі Беларусі і Расеі. Рэзалюцыя мае быць канчаткова зацьверджана 9 ліпеня на кіеўскай сэсіі ПА АБСЭ.

Як паведамляе прэсавая служба Вярхоўнай Рады Украіны, прыняцьце праекту рэзалюцыі выклікала незадаволенасьць сталай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Кіраўнік дэлегацыі віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Сяргей Забалоцец заявіў сябру камітэту Крысьціяну Лорэнцэну, што прыняцьцё пректу рэзалюцыі ў такім выглядзе “абсалютна непрымальнае з пункту гледжаньня прынцыпаў ўзаемапаважлівага дыялёгу і супрацоўніцтва ў рамках АБСЭ”.

Падчас разгляду праекту рэзалюцыі сябры афіцыйнай беларускай дэлегацыі зьвярталі ўвагу на тое, што падрыхтаваныя спадаром Лорэнцэнам дакумэнты “тым больш незразумелыя і контпрадуктыўныя, паколькі апошнім часам паміж беларускай дэлегацыяй і рабочай групай ПА АБСЭ наладзілася плённае супрацоўніцтва, вынікам якога стала пасьпяховае правядзеньне сёлета ў Менску сэмінару на тэму” Вывучэньне магчымасьцяў для Рэспублікі Беларусь ў рамках эўрапейскай палітыкі суседзтва”.

На думку афіцыйнай беларускай дэлегацыі, “ўхваленая ў Кіеве нэгатыўная рэзалюцыя па Беларусі зьвядзе на нуль зробленую працу і не паспрыяе канструктыўным ўзаемадачыненьням парлямэнту Беларусі з рабочай групай ПА АБСЭ”.

Падчас галасаваньня паправак да праекту рэзалюцыі, сябры Камітэту падтрымалі 4 з 13 ўнесеных беларускай дэлегацыяй паправак. Беларуская дэлегацыя запатрабавала выключыць з тэксту рэзалюцыі пункт, у якім ПА АБСЭ прапанавана выказаць шкадаваньне з нагоды прыняцьця паправак да Выбарчага кодэксу Беларусі, ў адпаведнасьці зь якімі, сярод іншага абмяжоўваюцца правы кандыдатаў на сустрэчы з выбарнікамі на адкрытым паветры.

Сябры камітэту не падтрымалі прапанову беларускай дэлегацыі выключыць з рэзалюцыі пункт, у якім ПА АБСЭ “настойліва заклікае беларускі ўрад і парлямэнт ўнесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства і ратыфікаваць іх з тым, каб забясьпечыць выкананьне стандартаў АБСЭ”.

Яшчэ адна адхіленая папраўка беларускай дэлегацыі была супраць пункту, дзе былі заклікі АБСЭ вызваліць усіх палітычных вязьняў, а таксама правесьці незалежнае расьсьледаваньне ці перагляд справаў зьніклых.

Афіцыйная беларуская дэлегацыя праігнаравала “круглы стол” у Кіеве”, 07.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG