Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народ на “Свабодзе”


Радыё Свабода Пра што пісалі ў лістах, тэлефанавалі, паведамлялі праз СМС слухачы "Свабоды" на мінулым тыдні.

Пра адмену льготаў

Кастусь Сырэль, Вушачы:

“Нешта я ня чуў пра якую-небудзь рэакцыю прэзыдэнта краіны на гэты конт. Гэта прывяло мяне да такой думкі: а ці не зьяўляецца аднадушнае рашэньне Палаты прадстаўнікоў у пытаньні льготаў насамрэч нямудрагелістым тактычным ходам самога Аляксандра Рыгоравіча? Прычым, ход гэты ў любым выпадку бяспройгрышны для прэзыдэнта. Калі народ абмяжуе свой пратэст толькі абмеркаваньнем на кухнях, якое да наступных прэзыдэнцкіх выбараў паступова заціхне за шэрагам іншых падзеяў, то Аляксандар Рыгоравіч нічога не губляе. Наадварот, ён атрымлівае немалую дадатковую суму для рэалізацыі сваіх амбіцыйных пражэктаў. Да выбараў далёка, і ён знойдзе магчымасьць падняць свой рэйтынг, які сёньня, мяркую, крыху пахісьнецца. На такія штукі ён, трэба аддаць яму належнае – непераўзыйдзены майстар. Да таго ж, на яго ўсе СМІ працуюць.

Калі ж усьлед за пратэстам донараў пачнуцца больш маштабныя акцыі, то Лукашэнка можа выступіць у звыклым для сябе амплуа “народнага заступніка”, часткова вярнуўшы частку льготаў. Гэты варыянт для яго, можа, нават лепшы за першы: большую частку грошай ён усё ж атрымае. Пры гэтым рэйтынг ягоны падскочыць. Будуць, безумоўна, голасныя выступы на тэлебачаньні, будуць абвінавачаньні ў адрас Палаты прадстаўнікоў (для якой гэта ня больш, чым скалананьне паветра, калі ўсё сплянавана загадзя). Ну, а электарат усё гэта праглыне, як гогалеўскі герой галушкі.

Вось такое меркаваньне. Хаця, можа, я памыляюся, як вы думаеце?”

Уладзімір Гвара, Лельчыцы:

“Улада ад адных ільготы адбірае, а другім дае. Прычым, атрымліваецца так, што адбірае ў бедных, а дае багатым. Бюракраты, якія жывуць на бясплатных датацыях, будуюць сабе палацы. А бедны чалавек ня можа дазволіць сабе нават самае неабходнае”.

Пра Беларусь пасьля Лукашэнкі

Алесь Марціновіч, Баранавічы:

“Ці такой ужо кепскай і чужой для беларускага насельніцтва будзе ўлада намэнклятурнай алігархіі? Наадварот. Канчатковыя рынкавыя рэформы павінны адбыцца на працягу гадоў дзесяці менавіта пад кіраўніцтвам намэнклятуры і зьяднанага зь ёй бізнэсу. Намэнклятурна-алігархічная рэспубліка стане для беларускага грамадства станоўчым фактарам. Яна будзе значна больш дэмакратычнай, чым брэжнеўскі СССР альбо таталітарны лукашызм. Нацыянал-дэмакраты ня справіліся б з нашым эўразійска-постсаўковым грамадствам, і толькі прывялі б да бязладзьдзя і дзікай вайны ўсіх супраць усіх.

Што рабіць цяперашнім беларускім нацыянал-дэмакратам і Захаду ў асобе ЗША і Эўразьвязу? Трэба рашуча адмовіцца ад абагаўленьня нейкай мітычнай эўрапейскасьці цяперашняга насельніцтва Беларусі. Неабходна цьвяроза паглядзець на рэчы: беларуская моладзь зусім не гатова жыць паводле ўзору Севярынца і канонаў гуманітарнага ліцэю і ўнівэрсытэту, які пераехаў у Вільню. Трэба рабіць стаўку на калектыўнае кіраваньне капіталізаванай беларускай намэнклятуры, як найлепшы з магчымых варыянтаў, які гарантуе сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, засьцеражэ яе ад югаслаўскага сцэнару.

Калі намэнклятура ўбачыць ў асобе Захаду бясьпечнага сябра, дык яна рана ці позна здолее прывіць свой пункт гледжаньня і заражанаму расейскім патрыятызмам і вэстафобіяй мясцоваму абываталю. Нельга штурхаць намэнклятуру ні да Лукашэнкі, ні ў склад Расеі. Трэба гарантаваць ёй права першай шлюбнай ночы ў прыватызацыі, права спакойна і без папрокаў Захаду і менскіх нацдэмаў кіраваць на працягу мінімум гадоў дзесяці”.

Пра амэрыканскую дапамогу СССР

Уладзімер Гардзейка, Смалявічы:

“Колькі памятаю, ні разу ніводзін наш высокі дзяржаўны чын, гаворачы пра вайну, ня ўспомніў добрым словам амэрыканскую дапамогу Савецкаму Саюзу. А вось усе мы, людзі старэйшага пакаленьня, ніколі не забудзем смак амэрыканскага яечнага парашку ў галодныя пасьляваенныя гады. Які гэта быў тады для нас ласунак!

А аўтамабіль “Студэбэкер”, на які дзівіліся, як на цуд? Роўных яму не было!

Нядаўна мне ў рукі трапіла кніга “Злучаныя Штаты Амэрыкі ў Другой усясьветнай вайне”, падрыхтаваная Інфармацыйным агенцтвам ЗША. Прыведзеная ў ёй статыстыка мяне надзвычай уразіла. Аказваецца, у пэрыяд з 7-га лістапада ’41-га па 20-га верасьня ’45-га году Злучаныя Штаты даставілі Савецкаму Саюзу ў якасьці саюзьніцкай дапамогі: больш як 4 мільёны тон харчоў, каля 400 тысяч грузавікоў, каля 15 тысяч самалётаў, больш як 7 тысяч танкаў… І яшчэ многа іншага – аўтаматы, вагоны, трактары, шыны, абутак – усё не пералічыш…

Чаму ў нас ніколі аб гэтым не ўспамінаюць – нібы гэтага і не было?”

Пра “Лінію Сталіна”

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну:

“Лінія Сталіна – гэта ня толькі мэмарыял. Гэта – і сымбаль, і палітычная лінія цяперашняга беларускага кіраўніцтва. А палітыка сёньняшніх правадыроў накіравана на адну мэту – заставацца пры ўладзе пажыцьцёва. Дзеля гэтага і кідаюць людзей у турму толькі за тое, што яны ня хочуць думаць так, як загадвае ўлада.

Паслухаеш нашых кіраўнікоў – дык яны робяць усё дзеля таго, каб народ жыў добра. І цяперашняя мадэль улады для гэтага нібыта найлепшым чынам прыстасавана. Тады давайце параўнаем заробак у Эўропе і ў Беларусі. Там – дзьве тысячы эўра і вышэй; у нас – у дзесяць разоў меней. Некаторыя скажуць: дык мы ж пацярпелі ад вайны. Але пасьля вайны мінула ўжо больш як шэсьцьдзесят год. Ды і Эўропа (тая ж Нямеччына) падчас вайны была разбурана ня менш за нас.

Словам, я прыходжу да наступнай высновы: дзе застой і адсутнічае зьмена ўлады, дзе кіраўнік дзяржавы трымаецца за сваё крэсла пажыцьцёва – там дабрабыту няма. Гістарычныя факты сьведчаць менавіта пра гэта. Няўжо гісторык Лукашэнка гэтай ісьціны, гэтых фактаў ня ведае?”

Пра пэнсіі

Віктар Макарэвіч, вёска Няровы Валожынскага раёну:

“Чуў па Свабодзе тэлефанаваньне аднаго слухача, які хваліў прэзыдэнта Лукашэнку за тое, што ў Беларусі акуратна выплочваюцца пэнсіі і што людзі сталага веку, як ён лічыць, усім забясьпечаны. Такое ўражаньне, што мы жывем з гэтым грамадзянінам у розных краінах. Можа, гэты слухач – адстаўны палкоўнік: тады, канечне, усё зразумела. Але ж ня ўсе такія. Нельга ўсё ацэньваць толькі са сваёй званіцы.

Вось я, напрыклад, з 34-гадовага узросту – інвалід другой групы. Здароўе падарвана, многае страчана… І на маю пэнсію доўга не пашыкуеш.

У ідэале кожны грамадзянін павінен мець гарантыі сваіх правоў і свабод. Але нам да гэтага далёка. У нас праўда на баку тых, у каго ўлада.

Самае кепскае тое, што многія знарок ня хочуць заўважаць нэгатыўнага ў нашым жыцьці. А бачыць і цьвяроза ацэньваць трэба ўсё, інакш ні пра якую сацыяльна арыентаваную і справядлівую дзяржаву ня можа быць ніякай размовы”.

Пра легітымнасьць улады

Галіна Аленіч, Магілёў:

“Галоўная праблема Беларусі, якая стварыла і ўсе іншыя нашы цяжкасьці – гэта адсутнасьць нармальнага легітымнага прэзыдэнта. У парлямэнце ды ўрадзе сядзяць гэткія зайчыкі з падцятымі вушкамі, якія выконваюць любыя каманды правадыра-ваўка. І варта толькі аднаму зь іх выпрастаць вушкі – як воўк імгненна хапае яго і выкідвае за борт. І яшчэ добра, калі толькі так, а можна ж і ў турму патрапіць”.

Пра заробкі

Павал Сац, вёска Асавая Маларыцкага раёну:

“Усё больш нашых людзей накіроўваюцца ў Польшчу. Там для замежнай працоўнай сілы зрабілі палёгку: можна спакойна працаваць на працягу трох месяцаў, калі маеш даведку ад працадаўцы. Калі так пойдзе і далей, дык, напэўна, нашы працоўныя мігранты пераарыентуюцца з Расеі на Польшчу. Едуць нашы людзі на заробкі і ў іншыя мясьціны – у Літву, Латвію, Заходнюю Эўропу, некаторыя нават у ЗША. Улады пра гэта маўчаць, але ж гэта факт: у калгасе за мізэрны заробак ніхто працаваць ня хоча…”

Спадарыня: “Пабывала ў горадзе Наваградку і не магу. Баліць мая душа, калі я глянула на цэны на рынку. Цяпер ужо ліпень, а памідоры па 4-7 тысяч. У крамах па 4 і вышэй. А як жа нам, людзям, нарыхтаваць на зіму? Агуркі дарагія, усё дарагое. Хлеб у няшчасны цэляфан абгарнулі і зрабілі 1080. Як пражыць людзям, калі не дадалі ні пэнсіі, ні дапамогу на дзіця?! Як можна пракарміць дзіця зь цяперашнімі нашымі цэнамі?! Як можна пражыць самому?! І сябе пракарміць, абуць і адзець! Баліць мая душа глядзець, як некаторыя стогнуць, ня ведаючы, як пражыць на 120 тысяч. Гэта немагчыма! Настолькі нізкія ў нашых людзей аклады! Аляксандр Рыгоравіч кажа: “Нараджайце дзяцей!” А як ж гэты дзяцей нараджаць у галечу. У голад, у холад і ўсё астатняе?!”

Пра лёс беларускай мовы

Мікола Канаховіч, Пружаны:

“Беларусь павінна быць у першай групе самых праблемных краінаў сьвету. Таму што самы страшны, самы дзікунскі генацыд – моўны. Што б там ні казалі, але ў нас мова тытульнай нацыі забаронена, гэта ж факт. Хіба ў тым жа Іране, ці Паўночнай Карэі, альбо ў Кампучыі часоў крывавага Пол-Пота забаранялася мова тытульнай нацыі? Не і яшчэ раз не! Крывавыя дыктатары ішлі на ўсё, але забараняць мову не адважваліся.

Я лічу, што задача нумар адзін для нашай апазыцыі – інфармаваць міжнародную супольнасьць і схіляць яе да ўвядзеньня самых жорсткіх санкцыяў супраць тых, хто гвалтуе мову беларускага народа. Калі не абаронім ад гвалтаўнікоў мову, дадзеную нам Богам, дык не маем права людзьмі звацца”.

Пра Бога і пошукі ісьціны

Тацяна Шарсьнёва, Іўе:

“З прыкрасьцю думаю пра тое, як доўгія гады блукала ў цемры, а маміны малітвы і веру лічыла за адсталасьць. І толькі цяпер памалу адыходжу ад таго няведаньня і пачынаю жыць паўнавартасным духоўным жыцьцём. Ён – ня нейкі міфічны інкогніта, а вечна жывы Бог, які хоча дапамагаць нам ва ўсім. Не заўсёды мае такую магчымасьць праз наша нявер’е. І ўсё ж любіць нас усіх незалежна ні ад чаго”.

Міхаіл Дубнікаў, Наваельня Дзятлаўскага раёну:

“Усё ў нашым агульным доме пад назвай Зямля ўзаемазьвязана і ўзаемазалежна. Назіраеш за драматычнымі падзеямі ў розных рэгіёнах сьвету – і міжволі задумваесься: чым жа можа скончыцца ўсё гэта шаленства, нястрымная пагоня за ўладай, грашыма і славай? І куды могуць зайсьці сьляпыя натоўпы, якія вядуць правадыры, асьлепленыя прагай улады і апантаныя папулізмам?”

Пра прапаганду

Спадарыня: “Па дарозе на Калодзішчы вісіць транспарант: “Маладая, моцная, незалежная Беларусь”. Калі яна моцна на чале з дыктатарам і папулістам, то чаму народ жыве бедна, асабліва ў сельскай мясцовасьці? Жабрачыя заробкі і пэнсіі. Ды яшчэ пазбаўляюць льгот. Усё наша жыцьцё пабудавана на хлусьні”.

Пра візыт Уга Чавэса

Спадарыня: “У дзіўных людзей і сяброўства дзіўнае. Уга Чавэс маячыць паміж двума дыктатарамі – беларускім і расейскім – як хлопчык на пабягушках. Пуцін маячыць паміж дыктатарам Вэнэсуэлы і Бушам. Атрымліваецца ня кола сяброў, нават не квадрат, а мудрагелістай формы інфузорыя, якая ў любую хвіліну гатовая падзяліцца, трапіўшы ў добрыя ўмовы”.

Уладзімер, Полацак: “Беларускае тэлебачаньне “пацешыла” навіной: на сваёй тэрыторыі Вэнэсуэла дазволіла нам дабываць аж 2 мільёны тон нафты ў год. Па-першае, гэтага малавата. Па-другое, ёсьць такая прымаўка: “За морам стаіць цялушка, цана ёй роўна палушка, затое рубель за перавоз”. Калі кошт бэнзіну, зробленага з расейскай нафты, у нас пераваліла даляр за літар, колькі тады будзе каштаваць бэнзін з вэнэсуэльскай нафты, улічваючы ўсе выдаткі па здабычы, транспартыроўцы і гэтак далей? Здагадваюся, гэта будзе кругленькая сума. Заправіць машыну такім бэнзінам будзе ня кожнаму па кішэні. А толькі, мабыць, Аляксандру Рыгоравічу і ўсім яго чыноўнікам”.

Ларыса, Менск: “Тое, што мы пачалі сябраваць з Чавэсам. Я лічу, вельмі станоўча. Бо Чавэс клапоціцца, перш за ўсё, каб падвысіўся дабрабыт бяднейшых слаёў насельніцтва. Можа, і наш урад зробіць нейкія высновы. І ня будзе так рупіцца, каб захаваць вялікія пэнсіі сабе. Добра, каб прыклад палітыка Чавэса перанялі і нашы кіраўнікі, бо дзяржава будзе карыстацца павагай у сьвеце, калі простыя пэнсіянэры будуць дастойна дажываць свой век”.

Пра сьвяткаваньне Дня рэспублікі

Уладзімер, Полацак: “На ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню вызваленьня Менску (назваць гэта Днём незалежнасьці язык не паварочваецца) Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Калі Злучаныя Штаты ўвядуць супраць нас эканамічныя санкцыі, то мы прымем зваротныя захады”. Адразу ўспомніўся вядомы герой зь ня менш вядомай байкі Івана Андрэевіча Крылова “Слон і Моська”. У зьвязку з гэтым хачу сказаць: Аляксандр Рыгоравіч, не сьмяшыце людзей! Якія зваротныя захады можа прымяніць Моська супраць Слана?! Гэтыя санкцыі Вы можаце прымяніць толькі што супраць Самалі. Хаця б за тое, што там бязьвінна загінулі нашы лётчыкі. Асабліва супрацьстаяць Злучаным Штатам у Вас, прабачце, яшчэ пяты кароткія. Калі Вы і надалей будзе гнуць сваю палітыку, яны яшчэ ўкароцяцца”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “У Расеі таксама ёсьць Дзень незалежнасьці. Толькі ўзьнікае пытаньне: незалежнасьці ад чаго? Ад татара-мангольскага іга? У навейшай гісторыі, здаецца, Расея не была залежнай. Можа, яны сьвяткуюць вызваленьне ад сваёй жа савецкай улады. Ну, дык Лукашэнка дайшоў да яшчэ большага маразму – зрабіў дзяржаўным сьвятам дзень захопу Менску расейска-савецкімі акупантамі. Той самай савецкай уладай, ад якой Расея сьвяткуе незалежнасьць. Увогуле, калі б расейцы не забілі столькі беларусаў, як цяпер вядома, у шматлікіх войнах, ніякія фашысты не змаглі б заваяваць нас, нават не падумалі б”.

Спадар: “Шкада, што Лукашэнка зганьбіў Дзень вызваленьня Менску. А Дзень незалежнасьці патрэбна сьвяткаваць у дзень прыняцьця камуністычным Вярхоўным саветам Дэклярацыі аб незалежнасьці. Няхай ён свой Дзень нараджэньня перанясе сваім указам на 3-е ліпеня. Сьмешна? Але ж ён так зрабіў зь Днём незалежнасьці. Дзякуй”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Яшчэ да дня 3-га ліпеня. Сваю прамову на Сьвяце незалежнасьці беларускі прэзыдэнт амаль пракрычаў. Выслухаць усё спакойна было цяжка, ды і навошта? Усё наперад вядома. А напрыканцы словы: “Няхай жыве і квітнее наша Радзіма Беларусь!” Няма ў Вас, Аляксандр Рыгоравіч, пачуцьця Радзімы, калі Вы нават такія словы пракрыкваеце па-расейску. Уладзімер Пуцін, хоць і ня любіць Вас, але Вы яму яшчэ патрэбныя. Каб ня даць спакойна жыць Грузіі, Украіне, Малдове, каб трымаць у паслухмянстве Каўказ, усходняй імпэрыі патрэбныя немалыя высілкі. Беларусь ужо ніяк не падыходзіць выпускаць з імпэрскіх абдымкаў. Але беларускі янычар, ці беларускі апрычнік новы, яшчэ ня ёсьць у Масквы. І гульня, небясьпечная гульня, працягваецца. Вам трэба неабмежаваная ўлада, Маскве – Беларусь. Ды ня трэба нам, як Вы сказалі, “працьвітанія” ў імпэрыі. Мы хочам быць народам. І дапамажы нам Божа, каб покліч “Жыве Беларусь!” быў самы дарагі для нас і сапраўды вечны. А сьвяточнае шэсьце было занадта стракатым і квяцістым, папулісцкім, як раз пад густ тых, хто стаяў на сьвяточнай трыбуне. У іх нават твары ў нечым былі аднолькавыя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG