Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: фабрыка сувэніраў судзіцца з Кіраўніцтвам справаў прэзыдэнта


Радыё Свабода Берасьцейскую фабрыку сувэніраў “Славянка” прымушаюць сплаціць грошы на карысьць прадпрыемства “Белая Русь”, якое прызнанае банкрутам.

У свой час фабрыку сувэніраў “Славянка” на загад кіраўніцтва краіны далучылі да прадпрыемства “Белая Русь”. Заснавальнікам “Белай Русі” зьяўляецца Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Меркавался, што такі ход выправіць складаную эканамічную сытуацыю на фабрыцы, аднак гэтага не адбылося.

Больш за тое, нават заробак супрацоўнікам фабрыкі пачалі выплачваць рыбнымі кансэрвамі вытворчасьці Браслаўскага харчовага камбінату, які таксама належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта Беларусі.

У 2004 годзе на прадпрыемстве “Белая Русь” прайшла рэарганізацыя, а яшчэ праз два гады яго прызналі банкрутам.

На судовым працэсе высьветлілася, што актываў прадпрыемства не хапае, каб разьлічыцца з крэдыторамі. Тады і спрабавалі спагнаць грошы і зь Берасьцейскай фабрыкі сувэніраў, якая пасьпела атрымаць статус самастойнай юрыдычнай асобы.

Урэшце спагнаць з фабрыкі амаль 1 мільярд 300 мільёнаў рублёў пастанавіў гаспадарчы суд Берасьцейскай вобласьці. Дырэктар Анатоль Марозаў паведаміў, што адміністрацыя прадпрыемства ня згодная з такім рашэньнем і зьбраецца абскарджваць яго ў Вышэйшым гаспадарчым судзе.

Аднак для гэтага фабрыка, якая па-ранейшаму мае дрэнныя фінансавыя паказчыкі, мусіць сплаціць пошліну 40 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG