Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз у Беларусі пачала прадстаўляць Славаччына


Уладзімер Глод, Менск З гэтай нагоды сёньня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя часовага паверанага ў справах Славаччыны ў Беларусі Любаміра Рэгака. Ён патлумачыў, чаму менавіта Славаччына будзе выконваць функцыі мясцовага прадстаўніцтва. Дыплямат паведаміў, што ў штаце дыпмісіі чакаюць новага супрацоўніка, які будзе займацца выключна эўрапейскімі справамі. Любамір Рэгак выказаў спадзяваньне, што ў наступныя месяцы ў Менску нарэшце адкрыюць офіс Эўракамісіі.

У Эўрапейскім Зьвязе з 1 ліпеня старшынюе Партугалія. Але ў Беларусі дыпляматычнага прадстаўніцтва гэтай краіны няма. Ня мае яго ў Менску і Славенія, якія пачне ачольваць Эўразьвяз з 2008 году.

Што робяць у такіх выпадках, тлумачыць часовы павераны Славаччыны. Спадар Рэгак на пытаньне нашага радыё адказвае па-беларуску:

“Ёсьць пэўны мэханізм — калі ў краіне няма адпаведнай амбасады, за яе кіруе наступнае старшынёўства. Калі ж няма дзьвюх амбасадаў, Рада Эўразьвязу прызначае аднаго з прысутных амбасадараў. Так, ад імя Партугаліі ў Менску будзе выступаць мая амбасада.

У калектыўным кіраўніцтве Эўразьвязу, так званай тройцы, ёсьць і наступнае старшынёўства. Ад імя Славеніі гэта будзе амбасада Францыі. І трэцім павінен быць амбасадар Эўракамісіі. Я спадзяюся, што празь некалькі месяцаў дэлегацыя будзе працаваць у Менску, а не кіраваць з Кіева, як сёньня”.

Яшчэ на адно пытаньне Радыё Свабода — у чым можа праявіцца своеасаблівасьць славацкага мясцовага кіраўніцтва ў Беларусі? — спадар Рэгак адказаў, што тут ня трэба шукаць нейкай спэцыфікі. Маўляў, замежную палітыку Эўразьвязу вызначаюць усе краіны, што ўваходзяць у гэтую міжнародную арганізацыю.

Любамір Рэгак: “Эўразьвяз не зацікаўлены ў тым, каб караць беларусаў”
Гэты погляд падзяляе і сустаршыня Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Вінцук Вячорка. Ён упэўнены, што з боку Эўразьвязу і надалей захаваецца пераемнасьць у пытаньні падтрымкі беларускай дэмакратыі:

“Увогуле вонкавая палітыка Эўрапейскага Зьвязу ёсьць суцэльная. Ня можа быць аднаасобнай, а тым больш супярэчнай вонкавай палітыкі нейкай адной асобнай краіны. І гэта пацьвярджаюць рашэньні апошняга саміту Эўразьвязу, які, як вядома, вяла Нямеччына”.

Журналісты пацікавіліся ў спадара Рэгака: ці можа Эўразьвяз вярнуць Беларусі нядаўна адмененыя прэфэрэнцыі?

Славацкі дыплямат нагадаў, што адмена льготаў зьвязаная з тым, што “ўзровень правоў працоўных у Беларусі не адпавядае нормам Міжнароднай арганізацыі працы”:

“Калі будуць зрухі ў гэтым кірунку, Эўракамісія адразу ж пачне адваротны адлік. Эўразьвяз не зацікаўлены ў тым, каб караць беларусаў. Па-людзку гэта можна зразумець. Калі вы кіруецеся пэўнымі правіламі, тады вам належаць выгады. Калі не кіруецеся, тады і выгады не належаць”.

• А.Вайтовіч: “Рэжыму Лукашэнкі ня выгадны дамоўленасьці ЗША і Расеі” , 03.07.2007 • Беларусь — Вялікабрытанія: агляд дачыненьняў, 27.06.2007 • “Праскі акцэнт”: Беларусь і Эўропа без прэфэрэнцыяў, 26.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG