Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці застанецца ў Беларусі першая бібліятэка імя Янкі Купалы?


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць У Слонімскім раёне цяпер 36 бібліятэк. Яшчэ ў 2000 годзе іх было 45, а да канца году закрыюць яшчэ тры. Такі ж лёс чакае й першую бібліятэку ў раёне, якая носіць імя Янкі Купалы з 1927 году, — у вёсцы Вялікая Кракотка.

У бібліятэку вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёну я прыехаў якраз на юбілей — тут адзначалі 80-годзьдзе.

Загадчыца Надзея Чабаненка распавядае, што бібліятэку стварылі ў 1927 годзе студэнты, якія вучыліся ў Вільні. Яны й надалі ёй імя Янкі Купалы, хаця Вялікая Кракотка знаходзілася тады пад Польшчай.

Спадарыня Надзея сьцьвярджае, што гэта была першая ў Беларусі ўстанова, якой надалі імя славутага клясыка. Цяпер у бібліятэцы больш за 11 тысяч кніг.

А я пытаюся: якія пэрспэктывы ў Вялікакракоцкай бібліятэкі?

“Ой, які нас лёс чакае... Бачыце, будынак які наш — дах працякае, сродкаў на рамонт няма. Усё ідзе да закрыцьця бібліятэкі. Насельніцтва ў нас мала ў вёсцы й навакольлі”, — адказвае спадарыня Чабаненка.

Сталая чытачка Раіса Міско ня верыць, што можа зьнікнуць такая вядомая ў раёне бібліятэка:

“Пераселяць яе ў хатку, дзе яна знаходзілася ў 1927 годзе. Будзе іншая, але ўсё роўна будзе. Жыхары не дазволяць, каб яна зьнікла, гэтага ня можа быць”.

Ларыса Рэпінская: “А аддаленыя вёскі будзе абслугоўваць бібліобус”
Загадчыца Слонімскай раённай цэнтралізаванай сыстэмы бібліятэк Ларыса Рэпінская не камэнтуе зьвестак пра тое, што зачыніцца бібліятэка ў Вялікай Кракотцы. Яна тлумачыць, чаму наагул зачыняюцца ў раёне бібліятэкі:

“Пэрспэктыва такая: нам давядзецца зачыняць непэрспэктыўныя бібліятэкі, якіх ня мае сэнсу ўтрымліваць. А за кошт гэтых бібліятэк будуць узбуйняцца так званыя апорныя бібліятэкі”.

Ларыса Рэпінская распавядае, што кніжкі з зачыненых бібліятэк перадаюць у раённую альбо ў бліжэйшыя сельскія бібліятэкі. Зь яе словаў, людзі ў вёсках бяз кніжак не застануцца.

“Бібліятэкар будзе выяжджаць у суседнія вёскі на ровары ці на машыне. А аддаленыя вёскі будзе абслугоўваць бібліобус”, — кажа Рэпінская.

Я зьвярнуўся да адказнага спэцыяліста Гарадзенскага аблвыканкаму Людмілы Кадзевіч, каб даведацца пра лёс вясковых бібліятэк ва ўсёй вобласьці. Вось што яна мне адказала:

“Пра які лёс казаць? Лёс у іх цудоўны. Болей нічога вам не скажу”.

А што датычыць юбілею ў Вялікай Кракотцы, то прайшоў ён цудоўна, з канцэртам, сьпявалі беларускія песьні.

Вёска Вялікая Кракотка Слонімскага раёну, 4.07.2007. Загадчыца першай у Беларусі бібліятэкі імя Янкі Купалы Надзея Чабаненка Загадчыца першай у Беларусі бібліятэкі імя Янкі Купалы Надзея Чабаненка

 Вёска Вялікая Кракотка Слонімскага раёну, 4.07.2007. Цяперашні будынак першай ў Беларусі бібліятэкі імя Янкі Купалы Цяперашні будынак бібліятэкі імя Янкі Купалы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG