Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашук: “Сам Лукашэнка ня ведае, колькі людзей яго падтрымлівае”


Аляксей Знаткевіч, Прага Празаік, дырэктар Беларускай службы радыё “Свабода” Аляксандар Лукашук выступіў сёньня на фэстывалі "Месяц аўтарскага чытаньня" --> http://www.autorskecteni.cz/by/Program.aspx ў чэскім Брне – прачытаў фрагмэнты з кнігі “Ў фіялетавай ночы вугал крыла” і адказаў на пытаньні прысутных.

Пасьля выступу мы папрасілі Аляксандра Лукашука падзяліцца ўражаньнямі.

Лукашук: “Галоўнае – гэта ўражаньні слухачоў. Ім, здаецца, спадабалася. А ў мяне ўзьнікла пытаньне да самога сябе. У Чэхіі ёсьць другі па велічыні горад – Брно. А я думаю, ці ёсьць у Беларусі другі па велічыні горад, які мог бы прэтэндаваць на статус другой сталіцы, як Брно ў Чэхіі.

Тут, у Брне, напрыклад, месьціцца Канстытуцыйны суд Чэхіі, тут знаходзіцца офіс омбудсмэна і некаторыя іншыя важныя дзяржаўныя інстытуцыі.

І гэта стварае жаданьне ў такога гораду, як Брно, стаць таксама літаратурнай сталіцаю. Вось жа яны сталі беларускай літаратурнай сталіцаю на ліпень. Мне цікава, што б адказалі нашыя беларускія ўдзельнікі брненскага фэстывалю: які другі горад у Беларусі мог бы стаць супернікам Менску?”

Знаткевіч: “А вы самі што б на гэтае пытаньне адказалі?”

Лукашук: “У мяне просты адказ. Гэта, вядома ж, Берасьце”.

Знаткевіч: “Пасьля чытаньня вам задавалі пытаньні. Што вас зьдзівіла, уразіла?”

Лукашук: “Мяне зьдзівіла пытаньне, як я стаўлюся да мараўцаў, жыхароў Маравы. Што я пра іх думаю? Я адказаў, што стаўлюся гэтаксама, як і да мараўскага віна, – вельмі люблю”.

* * *

У часе выступу ў залі брненскага тэатру “Husa na provázku” слухачы задалі Аляксандру Лукашуку шмат палітычных пытаньняў. У прыватнасьці, адзін з наведнікаў імпрэзы спытаўся, наколькі вялікая падтрымка Аляксандра Лукашэнкі ў беларускім грамадзтве.

Лукашук: “Адзіныя справядлівыя і сумленныя выбары адбыліся ў Беларусі ў 1994 годзе. Тады шмат людзей падтрымлівала Лукашэнку. З таго часу не прайшло ніводных выбараў, пра якія можна было б сказаць, што яны былі адкрытыя і празрыстыя. Таму мы можам толькі здагадвацца, колькі людзей падтрымлівае Лукашэнку.

Нават ён сам ня ведае, колькі людзей яго падтрымлівае: сацыёлягі, робячы апытаньні, сутыкаюцца з фактарам страху. Проста вярнуліся савецкія часы. Колькі людзей падтрымлівала Гусака, Брэжнева?.. Насамрэч мы ня ведаем. Аказалася, што як толькі крыху свабоды, то ніхто не падтрымлівае”.

Аляксандар Лукашук у 60-х пасьвіў каровы на Берасьцейшчыне, у 70-х скончыў інстытут замежных моваў у Менску, у 80-х працаваў перакладчыкам, потым у газэтах, выдавецтвах, дакумэнтальным кіно (дзяржаўная прэмія за фільм "Дарога на Курапаты", 1994).

Быў сябрам парлямэнцкай камісіі ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў (1990-1995).

Аўтар кніг "Зьдзек", "Філістовіч: вяртаньне нацыяналіста", "За кіпучай чэкісцкай работай" (міжнародная прэмія імя Францішка Багушэвіча Беларускага Пэн-Цэнтру, 1998) , "У фіялетавай ночы вугал крыла".

З 1990 году - на Радыё Свабода, (з 1999 – дырэктар Беларускай службы).
Жывая трансьляцыя выступаў штодня ад 19-й гадзіны. Заўтра – Алесь Разанаў

Лявон Вольскі ў верасьні выдасьць сольны альбом, 2.07.2007 Уладзімер Арлоў: “Такія сустрэчы натхняюць”, 02.07.2007
XS
SM
MD
LG