Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Вайтовіч: “Рэжыму Лукашэнкі ня выгадны дамоўленасьці ЗША і Расеі”


Уладзімер Глод, Менск Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на працягу двух дзён гасьцяваў у прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Яны ў нефармальных абставінах у маёнтку Бушаў “Ўокер Поінт” на беразе Атлянтычнага акіяну адпачывалі й абмяркоўвалі найважнейшыя праблемы сучаснасьці.

Многія мэдыі ўжо назвалі сустрэчу Буша і Пуціна “найбольш удалай рыбалкаю году”. А вось дзяржаўнае Беларускае тэлебачаньне ў сваіх паведамленьнях называе гэтыя кантакты “сустрэчай дзьвюх “кульгавых качак”. Як рэагуюць у Беларусі на сустрэчу двух прэзыдэнтаў, высьвятляў наш карэспандэнт.

Былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч зьвяртае ўвагу на тое, што на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці Аляксандар Лукашэнка крытычна казаў і пра Амэрыку, і пра Расею.

Асабістыя кантакты двух прэзыдэнтаў ня могуць падабацца беларускаму кіраўніку, лічыць Вайтовіч:

“Нашаму рэжыму гэта вельмі не падабаецца. Таму што дамоўленасьці (незалежна, у якіх пытаньнях) паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі — гэта перадусім павышэньне ўзаемнага даверу адной краіны да другой. А калі давер падвышаецца, дык затым гэта нясе свой станоўчы адбітак і на іншыя пытаньні, якія абмяркоўваюцца.

Таму беларускай уладзе і не падабаюцца любыя дамоўленасьці, нават у тых пытаньнях, якія ніяк асабліва зь Беларусьсю і не зьвязаныя. Гэта ёй стратэгічна нявыгадна”.

Анатоль Лябедзька: “Беларускі рэжым застаўся без свайго тылу”
Анатоль Лябедзька, сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў, лічыць, што перамовы прэзыдэнтаў Буша і Пуціна выклікаюць у афіцыйнага Менску адчуваньне небясьпекі:

“Беларускі рэжым застаўся без свайго тылу. Раней змагаліся на Першым Беларускім фронце ўнутры краіны. Другі Беларусі фронт быў скіраваны супраць ЗША й Эўропы. А Расея выглядала як тыл, дзе можна было заўжды мець падтрымку — і палітычную, і фінансавую. Цяпер тылу няма. І складаецца ўражаньне, што зьяўляюцца прыкметы Трэцяга Беларускага фронту, які скіраваны на Ўсход.

У гэтай сытуацыі любыя камунікацыі лідэраў, якія насамрэч уплываюць на міжнародную палітыку, выклікаюць у рэжыму адчуваньне небясьпекі, адчуваньне таго, што там можа абсалютна рэальна разглядацца ў тым ці іншым кантэксьце і беларускае пытаньне.

Рыбалка — гэта нефармальнае палітычнае дзеяньне. І, улічваючы тое, што Буш неаднаразова называў Беларусь сярод краінаў, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасьць, гэта не выключаецца”.

Анатоль Красуцкі: “Беларускае пытаньне калі і прамільгне, дык з боку Штатаў на адрас Расеі”
Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што на сустрэчы двух прэзыдэнтаў беларуская тэма альбо наагул ня згадвалася, альбо толькі прамільгнула:

“На гэтым узроўні ім хопіць пра што пагаварыць. Гэта і праблемы, якія існуюць паміж ЗША і Расеяй, паміж Расеяй і Эўразьвязам, дый наагул шматлікія глябальныя праблемы. А беларускае пытаньне калі і прамільгне, дык з боку Штатаў на адрас Расеі, каб пачуць расейскі погляд на саюзныя дачыненьні Масквы і Менску.

Ніхто — ні Расея, ні ЗША — ня будзе ўздымаць пытаньня пра прэфэрэнцыі, якіх Эўразьвяз пазбавіў Беларусь. Ня думаю, што ЗША будуць гаварыць з Пуціным пра гандлёвыя абмежаваньні зь Беларусьсю. Гэтая тэма — за межамі тых праблемаў, што ўзьніклі паміж Расеяй і Амэрыкай, і за межамі тых праблемаў, што ў глябальным маштабе існуюць”.

• Лукашэнка: Беларусі пагражае НАТО і амэрыканская сыстэма ПРА, 03.07.2007 • А.Лукашэнка:” Гэта не вайна. Гэта не 41-шы, не 45-ты”, 02.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG