Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка:” Гэта не вайна. Гэта не 41-шы, не 45-ты”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на ўрачыстым сходзе з нагоды дня незалежнасьці 3 ліпеня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка выступіў з прамовай. Ён гаварыў на расейскай мове. Падчас выступу не было аплядысмэнтаў.

Аляксандар Лукашэнка заявіў: “За кароткі гістарычны тэрмін незалежнага разьвіцьця мы сумелі зрабіць нашу краіну стабільнай, цывілізаванай, пасьпяховай. Выпрацавана і пасьпяхова рэалізуецца нацыянальная мадэль сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, заснаваная на актыўнай, рэгуляцыйнай ролі дзяржавы і ўзважаных, прадуманых эвалюцыйных пераўтварэньнях”. Паводле Лукашэнкі, унутраны валавы прадукт у Эўропе прырастае на 1,5-2 працэнты, тое ж самае ў ЗША. А Беларусь каторы год прырастае амаль на 10 працэнтаў.

“Усё гэта вынік розуму і рук рэальнага сэктару эканомікі. Гэта значна цяжэй, чым прырастаць за кошт нафты і газу, прыродных рэсурсаў”, – сказаў кіраўнік Беларусі.

Таксам А.Лукашэнка заявіў, што сацыяльная сфэра ў Беларусі разьвіваецца стабільна. А дзяржава як ніколі наблізілася да чалавека.

“Сыстэма сацыяльнай дзяржаўнай падтрымкі грунтуецца на прынцыпе адраснай накіраванасьці. Таму мы наводзім элемэнтарны парадак у дачы льготаў розным катэгорыям насельніцтва. Зэканомленыя грошы, калі яны будуць, пойдуць менавіта ў сацыяльную сфэру. І менавіта канкрэтна дзецям”, – заявіў А.Лукашэнка.

Энэргетычную бясьпеку ён назваў найважнейшай задачай у эканоміцы.

“Калі б мы сёньня былі незалежныя і ў пляне энэргетыкі, можна было б канчаткова і беспаваротна сказаць, што нашу краіну ніхто і ніколі не паверне назад. Але мы вельмі залежныя па гэтым найважнейшым для эканомікі паказчыку – энэргазабесьпячэньне. І мы залежныя толькі ад адной краіны. І дывэрсыфікацыя гэтай залежнасьці выйшла для нас сёньня на першае месца. І мы вымушаныя шукаць сваё шчасьце за трыдзевяць зямель і дамаўляцца зь іншымі што да здабычы нафты, іншых вуглевадародаў і такой неабходнай для нашай эканомікі сыравіны. І будзьце ўпэўненыя, мы гэта зробім у найбліжэйшы час. Як бы гэта камусьці ні хацелася”, – заявіў кіраўнік Беларусі.

“Пасьля таго, як пачаўся вядомы крызіс у стасунках з Расеяй па пастаўках энэргарэсурсаў у нашу краіну, па шалёным павелічэньні цаны на энэргарэсурсы (дарэчы, такога прэцэдэнту гісторыя ня памятае), у нашым грамадзтве зьявіліся размовы, што прэзыдэнту давядзецца згарнуць сацыяльныя праграмы. Вось мы пражылі ўжо паўгоду. Ну і што мы згарнулі? Мы нічога ня згортвалі і нічога згортваць ня маем намеру. Як бы нам ні было цяжка. Гэта не вайна. Гэта не 41-ы, не 45-ы. Мы павінны выстаяць і дасягнуць тых парамэтраў і мэтаў, якія мы паставілі перад сабой. Няма ніякага страху і катастрофы ў тым, што адбылося, хаця гэта было ня проста пераадолець. І я не кажу, што заўтра будзе проста. Гэта не катастофа. Па вялікім рахунку гэтага наша насельніцтва і не заўважыла”, – сказаў А.Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі заявіў пра зацікаўленасьць у нармальных, узаемавыгадных стасунках з Эўразьвязам і ЗША.

“Але для гэтага трэба весьці паўнацэнны, узаемапаважлівы дыялёг на парытэтных пачатках, без зьневажальных папярэдніх умоваў і масіраванага ціску. Апошнім часам нас пужалі, а нехта ўводзіў супраць нас нейкія гандлёвыя санкцыі. Супакойцеся. Мы ня рухнулі пад прэсам шалёнага падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты і не памрэм ад 20-30 мільёнаў даляраў, якія мы можам страціць па тых санкцыях Эўразьвязу. Яны паказалі сваё аблічча. Яны сёньня садзяцца за стол з намі і патрабуюць ад нас, а мы па гэтых пытаньнях вядзем перамовы. А другой рукой спрабуюць нас задушыць. Не Лукашэнку, апошняга дыктатара Эўропы. Яны спрабуюць задушыць беларускі народ і нашу дзяржаву. І не таму, што ў нас мала дэмакратыі, як яны кажуць. Яны няхай сваёй дэмакратыяй зоймуцца…

Я ўжо чую галасы з ЗША, што мы тут супраць вас нешта зробім эканамічна. Калі толькі такія рэчы хоць найменшым спосабам будуць з боку ЗША, мы зробім самыя жорсткія захады адносна тых прадпрыемстваў і калектываў, якія сёньня працуюць на тэрыторыі Беларусі з боку ЗША. Мы ня будзм проста глядзець, што сёньня нас спрабуюць ня тое што вучыць, а ўжо і нахіляць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG