Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 2 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

“Беларусі прадыктавалі ўмовы для атрыманьня расейскага крэдыту”, –артыкул пад такім загалоўкам абмяркоўваюць на форумах парталу Як вядома, сума крэдыту, які просіць беларускі бок, узрасла з 1,5 мільёна да 2 мільёнаў даляраў. Расея ж настойвае на тым, каб Беларусь зьмяніла бюджэтную палітыку – гэты крэдыт павінен стаць апошнім. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Сума, якую просяць, узрасла з 1,5 да 2 мільёнаў даляраў... Выглядае на тое, што нам стала яшчэ лепей”.

“Дажылі. Ужо пабіраемся, а нам ужо нос выціраюць і вучаць жыць. Пакуль толькі Расея, але хутка, відаць, пабірацца пойдзем па сьвеце”.

“Беларусі прадыктавалі ўмовы для атрыманьня расейскага крэдыту... Шаноўныя слухачы! Толькі што вы праслухалі самую галоўную песьню заключнага галя-канцэрту пад кодавай назвай “За Незалежную Беларусь!”

“Але, дзецюкі... Інфляцыя не за гарамі”.

На форумах сайту парталу гутараць пра тое, што сёлета, як выяўляецца, Беларусь плаціць за расейскі газ па 55 даляраў за тысячу кубамэтраў. Такая лічба прагучала ў часе сустрэчы прэм’ер-міністраў Беларусі й Расеі ў пятніцу. Абмяркоўваюць і мэтазгоднасьць атрыманьня расейскага крэдыту.

“Ну дык у чым праблема? Чаго панікуем? Калі прэзыдэнт сказаў, значыць так і ёсьць. Улічыце, што Беларусь з постсавецкіх краінаў мае найменшую вонкавую завінавачанасьць. А крэдыты бяруць усе краіны, ня толькі постсавецкія, і крэдыты немаленькія”.

“Што ж нам такім чэсным ніхто не пазычае? Расея й тая пад заклад крэдыту акцыі “Белтрансгазу” патрабуе”.

“Прадаліся Расеі. Я хачу, каб мы былі самастойныя без Расеі й ЗША, але былі зь імі у сяброўскіх адносінах, а ня так як зараз – падлізваньне”.

Нехта Андрэй Грышын на казахстанскай інтэрнэт-газэце дзеліцца ўражаньнямі ад Беларускага сацыяльнага форуму, які без залішняй рэклямы праходзіў днямі ў санаторыі “Пралеска” пад Менскам. Аўтар артыкулу быў адным з замежных гасьцей, запрошаных на форум. “Каля сотні маладых людзей, якія рэпрэзэнтавалі вельмі стракаты зрэз беларускага грамадзтва – анархісты, эколягі, праваабаронцы, панкі, сэксменшасьці... ды іншыя тры дні спрабавалі хаця б папросту прымаць адзін аднаго такімі, як яны ёсьць. Арганізатары беларускага форуму, каб занадта не палітызаваць імпрэзу й не пераводзіць яе ў плоскасьць адкрытай канфрантацыі зь дзяржавай, паказалі на дзьверы афіцыйнай апазыцыі і палітычным рухам, што, магчыма, і паўплывала на тое, што дзяржава даволі млява спрабавала перашкодзіць сходу. Дробныя паскудствы ў выглядзе адмовы ў залі й візытаў міліцыянтаў наўрад ці могуць лічыцца сур’ёзным процідзеяньнем. Разам з тым, як мы ўжо казалі, арганізатары форуму вырашылі падстрахавацца: таму ўкаранілі некаторыя ноў-хаў, напрыклад афіцыйнае рэпрэзэнтаваньне імпрэзы зьездам турыстаў і прэс-рэліз, разасланы мэдыям постфактум, калі ўжо ўсё скончылася”.

У Жывым Журнале гомельскага літаратара зьмешчаная спасылка на апытаньне “Хто зь беларускіх вядомых асобаў мог бы стаць тварам краіны?” Сярод кандыдатураў – Максім Мірны, Каця Пытлева, Лявон Вольскі, Дзьмітры Калдун, Саша і Сірожа, Вікторыя Махота, Ларыса Грыбалёва й мітрапаліт Філярэт.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG