Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірляндзкі пэдафіл мог рабіць здымкі і ў Беларусі


Радыё Свабода Днямі 52-гадовы жыхар графства Ўотэрфорд Джон Пэпард быў асуджаны на 18 месяцаў турмы за парнаграфічныя здымкі беларускіх дзяцей з заражаных радыяцыяй раёнаў. Акрамя таго, акружны суд Ўотэрфорду на 10 гадоў занёс Пэпарда ў сьпіс асобаў, якія мусяць рэгулярна назірацца ў псыхолягаў-крыміналістаў. Яму забаранілі прымаць у сваім доме непаўналетніх дзяцей.

Як піша ірляндзкі друк (“Irish Times”, “Irish Іndependent”), судзьдзя Эліс Дойл прызнала дзеяньні 52-гадовага ўладальніка цукеркавай крамы ў мястэчку Маўнт-Мэлэрэй і актывіста ірляндзкага чарнобыльскага руху “брутальнымі”.

Дойл заявіла: “Каб такое здарылася з ірляндзкімі, а не беларускімі дзецьмі, гэта выклікала б шырокі грамадзкі пратэст”.

Судзьдзя таксама заявіла, што ў часе прыняцьця вэрдыкту ўлічыла раскаяньне Пэпарда — ён папрасіў прабачэньня ў беларускіх дзяцей і іхных бацькоў. Паводле прэсы, у судовых матэрыялах фігуруюць хойніцкія дзеці ад 10 да 14 гадоў.

Гэтых дзяцей ад 1995 году Джон Пэпард прымаў у сваім доме на летніх вакацыях. У гэты час і рабіліся здымкі парнаграфічнага зьместу.

Аднак, мяркуе сьледзтва, Пэпард таксама мог здымаць падобнае і ў Беларусі. Ад сярэдзіны 1990-х ён рэгулярна, прыкладна тры разы на год, наведваў Беларусь у рамках чарнобыльскага праекту.

Як доказы злачынства пракуратура падала знойдзеныя ў доме Пэпарда 143 фатаздымкі й дзесяць відэазапісаў парнаграфічнага зьместу з удзелам хлопчыкаў ад 10 да 14 гадоў.

Сёньня заяву наконт скандалу зрабілі прадстаўнікі Ірляндзкага таварыства прадухіленьня жорсткага абыходжаньня зь дзецьмі (ISPCC).

Яны лічаць, што трэба размаўляць з усімі чарнобыльскімі аб’яднаньнямі ў Ірляндыі, зь якімі мог супрацоўнічаць Джон Пэпард. Сябры таварыства настойваюць на тым, каб здарэньне ўважліва расьсьледавалі.

Якая рэакцыя ў Беларусі?

Тым часам у Беларусі падобны факт не атрымаў шырокага розгаласу. Праўда, некаторыя актывісты чарнобыльскага руху на Гомельшчыне штосьці чулі пра інцыдэнт.

Гаворыць намесьніца старшыні Буда-Кашалёўскай арганізацыі “Дапаможам дзецям Чарнобылю”, дзіцячая лекарка Валянціна Смольнікава:

“Штосьці чулі, падаецца, па тэлебачаньні. Партнэры непасрэдна нашай арганізацыі, на шчасьце, немцы, італьянцы ды японцы. Гэта вельмі прыстойныя людзі. Мы бывалі ва ўсіх гэтых дамах, якія прымаюць нашых дзяцей”.

Паводле Валянціны Смольнікавай, цяжка гарантаваць на ўсе сто адсоткаў, што людзі, якія працуюць зь дзецьмі, маральныя.

Людзі, якія займаюцца дзіцячай парнаграфіяй, ёсьць і ў Беларусі. А таму менавіта сем’і ды непасрэдна беларускія чарнобыльскія арганізацыі павінны тлумачыць дзецям, чаго трэба асьцярагацца на адпачынку. Мае быць цесны кантакт паміж дзецьмі, беларускімі чарнобыльскімі арганізацыямі ды іхнымі партнэрамі.

“Што да нашых замежных партнэраў, дык там дакладна ведаюць людзей, якія прымаюць у сябе нашых дзяцей. Нейкае злоўжываньне ў дачыненьні да нашых непаўналетніх там немагчымае”, — кажа Валянціна Смольнікава.

• 52-гадовы ірляндзец асуджаны за парнаграфічныя здымкі беларускіх дзяцей , 30.07.2007 • Беларускія дзеці маглі быць ахвярамі нямецкіх чыноўнікаў-пэдафілаў, 11.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG