Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт Расея – ЗША: ці могуць пацяплець стасункі?


Кастусь Бандарук, Прага У нядзелю, 1-га ліпеня, пачынаецца двухдзённы візыт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ў ЗША. Пуцін наведае сямейны маёнтак Буша-старэйшага у Кенэбанкпорце на ўзьбярэжжы акіяну ў штаце Мэйн, сустрэнецца з усёй сям’ёй Бушаў і правядзе перамовы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам-малодшым.

У часе брыфінгу ў Вашынгтоне экспэрты і аналітыкі з маскоўскага цэнтру Карнэгі спрабавалі спрагназаваць магчымыя вынікі сустрэчы двух прэзыдэнтаў.

Усе аналітыкі згодныя ў адным: марское паветра і нефармальныя абставіны будуць спрыяць перамовам, аднак іх вынікі цяжка прадказаць.

"Саміт мае зьменшыць рызыку адчужэньня паміж дзьвюма краінамі"

Роўз Гэтэмэлер з маскоўскага цэнтру Карнэгі зьвяртае ўвагу на моцнае пахаладаньне ў адносінах Расеі і ЗША за апошні год. Плян разьмяшчэньня ў Эўропе проціракетнага шчыта, рознагалосьсі ў пытаньні Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе і вельмі рэзкія заявы Пуціна пра амэрыканскую гегемонію і “аднапалярны сьвет” не спрыяюць паразуменьню.

Аднак, кажа Гэтэмэлер, магчыма, Расея паспрабуе зьмякчыць сваю непрымірэнчую пазыцыю, тым болей што, паводле расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, саміт мае зьменшыць рызыку адчужэньня паміж дзьвюма краінамі. Гэтэмэлер спадзяецца на пасьпяховыя перамовы ў пытаньнях далейшага скарачэньня ядзерных арсэналаў, уступленьня Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, Дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе і Дамовы аб ядзерных адкідах.

"Ключавым будзе адказ Пуціна на расейскую прапанову аб станцыі ў Азэрбайджане"

У сваю чаргу сябра Расейскай акадэміі навук Аляксей Арбатаў лічыць, што саміт ня дасьць ніякіх канкрэтных вынікаў, акрамя вялікага піару. Паводле Арбатава, ключавым для ўсяго саміту будзе адказ Буша на расейскую прапанову аб сумесным выкарыстаньні радыёлякацыйнай станцыі ў Азэрбайджане замест разьмяшчэньня ў Эўропе элемэнтаў проціракетнай абароны.

“Калі ў Кенэбанкпорце прэзыдэнт Буш паспрабуе далей пераконваць Пуціна, што проціракетны шчыт у Эўропе не накіраваны супраць Расеі, гэта будзе дарэмная гаворка. Абсалютна дарэмная, таму што Расея ўжо заняла пазыцыю ў гэтым пытаньні, якую падзяляе большасьць расейскіх экспэртаў”, – лічыць Аляксей Арбатаў.

Дарэчы, прапанова Пуціна аб супольным з ЗША выкарыстаньні базы ў Кабале ў Азэрбайджане для шмат каго ў Расеі была неспадзеўкай: яе падтрымлівае толькі невялікая частка лібэральных, празаходніх расейскіх экспэртаў.

"Вашынгтон чакае ў гэтыя дні цяжкое выпрабаваньне"

Большасьць расейскіх спэцыялістаў лічыць, што Расея павінна цалкам адмовіцца ад перамоваў з ЗША адносна проціракетнай абароны і засяродзіцца на такіх контракроках, як выхад з Дамовы аб звычайных узбраеньнях.

Вайсковы экспэрт цэнтру Карнэгі Дзьмітрый Трэнін лічыць, што ў Кенэбанкпорце Вашынгтон чакае ў гэтыя дні цяжкое выпрабаваньне. Калі Буш адкіне кампрамісную прапанову Пуціна аб супрацоўніцтве ў галіне проціракетнай абароны, гэта будзе ўспрынята як доказ таго, што проціракетны шчыт сапраўды накіраваны супраць Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG