Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытнікаў засудзілі за хабар, хаця грошай не знайшлі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Вайсковая калегія Вярхоўнага Суду вынесла прысуд вялікай групе мытнікаў і прадпрымальнікаў, якіх прызналі вінаватымі ў арганізаванай злачыннасьці, хабарніцтве і ўхіленьні ад падаткаў. Некаторыя сваякі асуджаных кажуць пра парушэньні з боку сьледчых.

Дваццаць шэсьць абвінавачаных праходзілі па гэтай справе, сярод іх чатырнаццаць мытнікаў.

Самы высокапастаўлены сярод мытнікаў — Сяргей Дзьмітрыеў, які да арышту ў 2003 годзе займаў пасаду начальніка ўправы Дзяржаўнага мытнага камітэту.

Сяргея Дзьмітрыева і яшчэ некалькіх мытнікаў летась прызналі вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, учыненых падчас працы на мытні. Тады былы мытнік атрымаў 13 гадоў зьняволеньня.

Цяпер паводле тых жа артыкулаў Крымінальнага кодэксу, але за іншыя злачынствы яму прызначылі пакараньне 13 з паловай гадоў, тым самым павялічылі тэрмін зьняволеньня на 6 месяцаў. Суўдзельнікі Дзьмітрыева атрымалі ад 3 да 12 гадоў.

За кратамі – сем мытнікаў і прадпрымальнікаў. Праз паўгадзіны да іх далучацца яшчэ тры асуджаныя

Шаснаццаць чалавек не пазбавілі волі, хаця прызналі вінаватымі. Трох, у тым ліку ўладальніцу мэблевага салёну Алену Філіпенку, узялі пад варту проста ў судовай залі.

Некаторыя сваякі пагадзіліся пракамэнтаваць прысуд.

Сын Сяргея Дзьмітрыева Валянцін перакананы, што ягоны бацька не вінаваты:

“Не знайшлі ні нібыта скрадзеных грошай, ні маёмасьці. І паводле вынікаў першага суду ў нас нічога не канфіскавалі, бо ў бацькі няма чаго канфіскоўваць”.

Паводле маладога чалавека, ягоны бацька адмовіўся супрацоўнічаць са сьледчымі. За гэта, лічыць сын, зь яго й зрабілі “лідэра мытнай мафіі”.

Жонка аднаго з асуджаных таксама перакананая, што віна былых супрацоўнікаў Менскай рэгіянальнай мытні ў судзе не была даказаная:

“Чаму ніводнага хабару не было відаць? Можна ж было арыштаваць падчас атрыманьня хабару, а ня толькі казаць пра хабар”.

Прадстаўнік пракуратуры Сяргей Сьцебакоў збольшага быў задаволены прысудам. Паводле пракурора, віна мытнікаў і іх суўдзельнікаў-бізнэсоўцаў цалкам даказаная.

Адсутнасьць у справе матэрыяльных доказаў хабарніцтва Сяргей Сьцебакоў патлумачыў гэтак:

“Шэраг фігурантаў у гэтай справе сваю маёмасьць — прыкладам, катэджы — афармлялі на іншых асобаў. Такім чынам, што не знайшлі — гэта ўжо пытаньне не да абвінавачаньня. Гэтым мусілі займацца сьледзтва і апэратыўныя супрацоўнікі”.

Адвакат Зьміцер Гарачка абараняў былога загадчыка аддзелу Менскай рэгіянальнай мытні Станіслава Васільева, які атрымаў паводле прысуду 11 гадоў калёніі за ўдзел у злачыннай групоўцы і хабарніцтва.

Зьміцер Гарачка кажа, што сьледзтва сапраўдных доказаў нават не выстаўляла: за хабарніцтва асудзілі толькі на падставе тэлефоннай размовы. Адвакат занепакоены тэндэнцыямі, якія, на ягоную думку, выявіў гэты працэс:

“У нас пачынаюць спараджаць бяспраўе. Гэтак любую службовую асобу можна асудзіць толькі на падставе заявы пра хабар. Разумею, што змагацца з карупцыяй трэба, але ў нас ёсьць закон — і толькі на яго падставе трэба дзейнічаць”.

Паводле зьвестак з пракуратуры, сьледчыя ў міліцыі рыхтуюць да разгляду трэцюю крымінальную справу з удзелам былога мытніка Сяргея Дзьмітрыева і ягоных калегаў. Гэтым разам сьледчыя зацікавіліся мытным афармленьнем мэблі й адзеньня “сэканд-хэнд”. У пракуратуры кажуць, што, не чакаючы выніку трэцяга сьледзтва і суду, Сяргея Дзьмітрыева ды іншых мытнікаў адправяць у калёнію. Пракурор Сьцебакоў пагадзіўся, што трымаць людзей у сьледчым ізалятары болей за чатыры гады — “гэта занадта”.

• За што арыштавалі палкоўніка КДБ і кіраўніка “Белнафтахіму”?, 25.06.2007 • Пастаўшчыкі мэблі для Жураўковай селі на лаву падсудных, 31.06.2007 • У справе аб хабарах на мытні “Заходні Буг” фігуруюць супрацоўнікі МУС і КДБ, 31.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG