Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і як даглядае помнік Янку Купалу?


Радыё Свабода Сёньня спаўняецца 65 гадоў з дня сьмерці Янкі Купалы. З гэтай нагоды ў менскім касьцёле Сьвятога Роха на Залатой горцы адбылося памінальнае набажэнства. Жалобная імпрэза адбылася й каля помніка на магіле паэта.

Надмагільны помнік Янкі Купалы месьціцца недалёка ад уваходу на менскія Вайсковыя могілкі.

Побач з магілай працуюць двое супрацоўнікаў могілак — Яўген Ярмоленка і Ўладзімер Варакса.

Карэспандэнтка: “Хто даглядае тут помнік?”

Ярмоленка: “Мы, працоўныя. Вось зь венічкам, падмятаем. Бывае, птушачкі — таксама мы мыем. Зімой — сьнег прыбіраем. Там у нас чысьціня і парадак заўсёды”.

Карэспандэнтка: “Ці прыходзяць людзі да магілы Янкі Купалы?”

Ярмоленка: “Прыходзяць, яшчэ колькі. З кветкамі — як і належыць. І сталыя людзі, і студэнты, і школьнікі, усе ходзяць. Бывае, не было кветак, прыходзім раніцай — пакладзеныя. Значыць, нехта прыходзіў”.

Карэспандэнтка: “А ці бывае так, каб людзі прыходзілі й чыталі вершы?”

Варакса: “Так, ёсьць такое — і шмат”.

Карэспандэнтка: “Можа, і вы які запомнілі?”

Варакса: “Так”.

Загадчыца могілак Ганна Грыб і яе намесьніца Валянціна Губар паведамілі што адміністрацыя павінна сачыць толькі за чысьцінёй помніка, але не тэхнічным становішчам:

Грыб: “Хлопцы шлянг бяруць і мыюць — парашком, вадой, сьціраюць гэтую зеляніну”.

Губар: “У нас была камісія, намесьнік дырэктара спэцкамбінату распавядаў, што дзесьці быў падобны помнік, дык заіржэў, цэлая дзірка вялікая правалілася. Нават пастукаў па Янку Купалу і кажа, што наш яшчэ моцны”.

За тэхнічны стан надмагільля Янкі Купалы адказваюць у адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску.

Гаворыць галоўны інжэнэр Віктар Зайцаў:

“Наш ён. Мы за яго адказваем, калі нехта нешта. Нейкія вандалы, аднойчы было, у Марата Казея гранату скралі з помніка. Давялося замаўляць, усталёўваць. З Купалам — не, дзякаваць богу, нічога такога не было”.

Адказнасьць за стан помнікаў у краіне і павінна несьці дзяржава ў асобе Міністэрства культуры і іншых дзяржструктураў. У Беларусі ж, найчасьцей гэтым заклапочаная грамадзкасьць.

Але надмагільлю Янкі Купалы разбурэньне пакуль не пагражае, мяркуе скульптар Алесь Шатэрнік:

“Гэта было ў бронзе адлітае, а бронза — яна вытрымлівае ўсё. Яго ня надта і пашкодзіш. Там сьценка зробленая з чырвонага граніту, і, мне падаецца, там крыху разышліся швы. Але гэта лёгка выпраўляецца.

Тое, што было зроблена ў той час, яно было зроблена даволі моцна. Адзінае, што з-за гэтай савецкай гігантаманіі я не пагадзіўся б з памерамі. Усё ж такі могілкі — тое месца, дзе ня трэба было б узводзіць пірамідаў”.



Аўтар помніка на магіле Янкі Купалы — беларускі скульптар Анатоль Анікейчык. Помнік усталявалі ў 30-ю гадавіну гібелі Янкі Купалы, у чэрвені 1972 году.



• Споўнілася 65 гадоў ад часу гібелі Янкі Купалы , 28.06.2007 • Уладзімер Някляеў: “Мая вэрсія: Янку Купалу забілі”, 28.06.2005 • У Менску адзначылі 123-я ўгодкі Янкі Купалы , 7.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG