Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я меркаваў, што гэта Колас памёр у гатэлі… Аказваецца, Янка Купала”


Радыё Свабода 28 чэрвеня — 65-я ўгодкі сьмерці Янкі Купалы. Ён загінуў у Маскве пры нявысьветленых абставінах у 1942 годзе і быў там пахаваны. Праз дваццаць гадоў, у 1962 годзе, парэшткі паэта перазахавалі на Вайсковых могілках Менску. Ці ведаеце, дзе пахаваны Янка Купала?

Юначка: “Дзе пахаваны Янка Купала? Не, ня ведаю”.

Юнак: “Не, я ня ведаю, дзе ён пахаваны”.

Юначка: “Янка Купала пахаваны ў Менску на Вайсковых могілках. Там усталяваны помнік”.

Спадар: “Дакладна ня ведаю. Цяжка сказаць. Па-мойму, дзесьці тут, недалёка. У Менскім раёне — гэта дакладна. А дзе, ня ведаю”.

Юнак: “Я ня ведаю”.

Юначка: “Цяжка сказаць, ня ведаю. Я чула пра гэта, але ня памятаю”.

Юнак: “Так, ведаю. Побач з вуліцай Казлова знаходзяцца могілкі. Там і пахаваны Янка Купала”.

Спадарыня: “Пра Янку Купалу шмат што ведаю, але дзе пахаваны — ня ведаю”.

Юначка: “Янка Купала? Альбо там, дзе ён нарадзіўся, альбо ў Менску. Але дзе дакладна, ня ведаю”.

Спадар: “Янка Купала пахаваны на радзіме, у Беларусі. А дзе — не магу згадаць”.

Спадарыня: “На могілках, на вуліцы Казлова. Па-першае, я побач жыву. А па-другое, я ў школе працую і валодаю пэўнай інфармацыяй. Ён загінуў пры загадкавых абставінах у маскоўскім гатэлі “Масква”. І да сёньня дакладна не вядомыя прычыны ягонай гібелі”.

Юначка: “Там шмат спрэчных момантаў было. Казалі, што яго скінулі, што гэта самазабойства. Але і да сёньня прычына гібелі Янкі Купалы невядомая”.

Юнак: “Дзе пахаваны, ня ведаю. Магчыма, на радзіме Янкі Купалы. Там, дзе ягоны дом, у Ратамцы. Я меркаваў, што гэта Колас памёр у гатэлі, што ён упаў зь лесьвіцы і разьбіўся. А аказваецца, што гэта Янка Купала”.

Спадарыня: “Пахаваны на могілках на вуліцы Казлова. Там і помнік ёсьць вельмі прыгожы. Там заўсёды людзі, заўсёды кветкі”.

Спадарыня: “Дзе пахаваны? На Вайсковых могілках. Вельмі прыгожы помнік яму. Розныя, розныя чуткі існуюць адносна ягонай сьмерці. Ён быў у Маскве і, нібыта, упаў зь лесьвіцы ў пралёт. Але ж, пэўна, дапамаглі. Бо гаварыў тое, што думаў. І гаварыў праўду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG