Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Перуанцы заплацілі больш за 350 мільёнаў амерыканскіх долараў”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Чарговая перадача сэрыі "Цытаты мінулага"

Дзень добры! Прапаную разам пагартаць беларускія газэты розных гадоў мінулага, што датаваныя 27 чэрвеня.

Пад рубрыкай “Цалінны ўраджай кліча” “Чырвоная змена” ў 1957 годзе піша: “Перад намі цэлая папка заяў студэнтаў Мінскага педагагічнага інстытута імя М.Горкага з просьбай накіраваць іх на ўборку цаліннага ўраджаю. Простыя аркушы з сшыткаў і такія-ж простыя, сціплыя радкі. Вось што піша ў сваёй заяве студэнтка 2-га курса гісторыка-філалагічнага факультэта Людміла Яромава: “Прашу камітэт комсамола накіраваць мяне на ўборку ўраджаю на цаліне. Буду рабіць там усё, што ад мяне патрабуюць. Ніводнага коласа не пакінем не ўбраным!”

“Вячэрні Мінск”, год 1987. Напярэдадні сьвята гораду майстар аддзелу актораў тэатру лялек Тацяна Рэдлік апавядае пра фрагмэнт карнавалу: “Тут, на стэндзе, вы бачыце і сатырычных персанажаў. Без сатыры які ж карнавал. У нас задуман вялікі “антыімперыялістычны блок”: падпальшчыкі вайны ўсіх масцей, наёмныя забойцы і іншая нечысць. На карнавале іх чакае спальванне на вогнішчы. У нас будуць кляйміцца і высмейвацца заганы нашага жыцця: алкагалізм, наркаманія, раўнадушнасць і лянота”.

“Беларусь прадала Перу 16 самалётаў МіГ-29с, — паведамляе ў 1997 годзе “Свабода”. — Кантракт быў заключаны яшчэ напрыканцы мінулага года. Паводле нашых звестак, перуанцы заплацілі больш за 350 мільёнаў амерыканскіх долараў. Для Беларусі гэта — шалёная сума. Але куды падзеліся грошы — невядома. У якасці прадаўца выступаў фактычна прэзыдэнт Лукашэнка. Пра гэтую здзелку ў заходняй прэсе з’яўляюцца ўсё новыя і новыя падрабязнасці, а ў беларускіх афіцыйных газетах — ні слова”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG