Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма перамагчы нарказалежнасьць?


Іна Студзінская, Менск 26 чэрвеня – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў. Адзначаецца ён паводле рашэньня Генэральнай асамблеі ААН ад 1987 году. У Беларусі на ўліку больш за 10 тысяч наркаманаў. Пад наглядам нарколягаў знаходзіцца больш за 2,5 тысячы таксыкаманаў-падлеткаў. Такую статыстыку прывёў галоўны нарколяг краіны Ўладзімер Максімчук. Пятая частка беларускіх наркаманаў – гэта дзеці і падлеткі, якім няма яшчэ і 16 гадоў, паўтары тысячы нарказалежных – жанчыны. Але і мэдыкі, і супрацоўнікі праваахоўных органаў кажуць, што гэтыя лічбы можна сьмела памножыць разоў у 5. Якія наркотыкі найбольш ужывальныя ў Беларусі, якія найбольш эфэктыўныя мэтодыкі лекаваньня наркаманаў?

Калі яшчэ дзясятак гадоў таму наркотыкі з-за іх дарагоўлі маглі дазволіць сабе даволі заможныя людзі альбо дзеці нябедных бацькоў, то цяпер, кажа галоўны лекар Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэра Сяргей Малочка:

“Зараз наркаман такі ж бедны, як усе астатнія. Бо наркаманам даюць у доўг. Раней давалі багатым, цяпер даюць каму заўгодна. Таму наркаманаў цяпер хапае з розных саслоўяў”.

Самы папулярны наркотык – мэтадон, які прадаецца ў начных клюбах

Самыя папулярныя ў Беларусі наркотыкі – гераін, мэтадон і прэпараты з макавай саломкі, якія ў асяродку наркаманаў называюць “кампотам”. Каля 40% усіх наркаманаў ужываюць мэтадон, 20% – гераін і гэтак званы “кампот”. Адна траціна наркаманаў ўжывае амфэтаміны і канабэноіды – каноплі.

Сяргей Малочка цьвердзіць, што мэтадон цяпер вырабляюць ў Беларусі таксама:

“Мэтадон сынтэзуецца на базе хіміка-тэхналягічных інстытутаў альбо катэдраў адпаведных. Маладыя навукоўцы шчыруюць. І таму атрымоўваецца высокая чысьціня, так бы мовіць, кайф памацней”.

На "чорным" рынку кошт 1 грама мэтадону вагаецца ад 80 да 120 даляраў. Сярэдняя доза наркотыку каштуе 25-30 даляраў. А купіць наркотыкі – не праблема, кажа 20-гадовы юнак:

“Прыходзьце ў любы начны клюб, і як бы ні працавала ахова, міліцыя, там заўсёды можна купіць наркотыкі. Потым – на рынках, дзе прадаецца мак для пірагоў, насеньне маку – там моладзь купляе і колецца”.

Замяшчальная тэрапія”: залежнасьць ад мэтадону лечаць мэтадонам

У Беларусі выкарыстоўваюцца самыя сучасныя мэтады лячэньня наркаманаў, кажа галоўны лекар Менскага наркадыспансэру Сяргей Малочка:

“Выкарыстоўваецца так званая “замяшчальная тэрапія” тым жа самым мэтадонам. У Швайцарыі лечаць гераін – гераінам, у Францыі лечаць апіятную залежнасьць бупрымарфінам (гэта таксама наркатычны прэпарат). То бок, клін клінам вышыбаюць. Гэта калі востры працэс. А калі працэс пераходзіць у фазу падвострую, альбо хранічную – тады ўжо вырашаюць пытаньне праз рэабілітацыйныя цэнтры. А лячэньне ў рэабілітацыйным цэнтры – ад 6 месяцаў”.

Цяпер у Беларусі працуе 14 рэабілітацыйных цэнтраў для хворых на наркаманію, усе яны недзяржаўныя.

Дзяржаўных рэабілітацыйных цэнтраў няма. Яны дзейнічаюць пры цэрквах

Да прыкладу, у Салігорску пры царкве “Хрыстос для ўсіх хрысьціян веры Эвангельскай” дзейнічае такі рэабілітацыйны цэнтар. Дыякан царквы Ігар Бродка ў мінулым сам ужываў наркотыкі:

“Восем гадоў было пошукаў шляху вызваленьня ад гэтай залежнасьці. Расчараваўшыся ва ўсіх чалавечых мэтадах, спробах самому дапамагчы сябе, мэдыкамэнтознымі сродкамі, я прыйшоў да высновы, што адзіны, да каго я яшчэ не зьвяртаўся, гэта быў Бог. Я проста паверыў у гэта, і як вынік – адбылося вызваленьне”.

Курс поўнай рэабілітацыі ў цэнтры доўжыцца каля году. Галоўны лекар Менскага гарадзкога наркадыспансэру Сяргей Малочка, які добра ведае, як цяжка паддаецца лячэньню нарказалежнасьць, выказаў такое меркаваньне пра рэабілітацыйныя цэнтры:

“Там, дзе вялікі вопыт і адладжаная сыстэма – больш менш пасьпяхова. А так – 10-20% – гэта максымум”.

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, штогод колькасьць хворых на наркаманію павялічваецца прыкладна на 700 чалавек. Летась толькі ад перадазіроўкі наркотыкаў у Беларусі памерла больш за 150 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG