Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытая Іванаўка


Радыё Свабода На Гомельшчыне абвясьцілі, што перасяленьне людзей з заражаных радыяцыяй тэрыторыяў завяршылася. Сёлета новае жытло ў Мазыры й Гомелі павінны атрымаць апошнія паўсотні сем’яў, што былі ў сьпісах на адсяленьне. Аднак у чарнобыльскіх вёсках застаецца нямала жыхароў, якія перадумалі заставацца і жадаюць перабрацца бліжэй да людзей, да мэдычнай і сацыяльнай дапамогі. Сярод такіх паселішчаў – вёска Іванаўка Хойніцкага раёну, дзе жывуць пяцёра нямоглых пэнсіянэраў.

У вёсцы Іванаўка ўздоўж адзінай вуліцы, якая называецца Партызанскай, засталіся тры жылыя дамы з агародамі — нібы тры невялічкія выспы. Астатнія хаціны згарэлі альбо паўразбураныя, зарослыя быльнягом ды кустоўем.

в.Іванаўка, Хойніцкі раён, Чарнобыльская зона
Вуліца Партызанская, на якой жывуць пяцёра пэнсіянэраў

Жывуць у Іванаўцы тры сям’і — пяцёра нямоглых пэнсіянэраў.

Распавядае 78-гадовая Валянціна Тарасенка:

“Цяжка, ды яшчэ як цяжка. Гароды нашыя пазарасталі, сьвіньні дзікія картоплю парылі. І ласі ходзяць, і ваўкі ходзяць. Мы ў такой пустэльні жывем, што ня дай божа. Тры сям’і. Да Чарнобылю тут поўны пасёлак быў. Цяпер кінутыя хаты папалілі. Во як запаляць, то агонь вакол нас. А то паразьбіралі на дровы, бяруць на дровы на кармакухню ў Стралічава”.

в.Іванаўка, Хойніцкі раён, Чарнобыльская зона
Валянціна Тарасенка з хворым мужам Васілём

Баба Валянціна жыве ў Іванаўцы з хворым мужам. Калі вёску высялялі, нікуды яны з Васілём не паехалі:

“Таму што мы без радні — дзяцей у нас нямашака. Так і засталіся. Мужа паралізавала, два разы ўжо. Хворы ён. Я таксама нікудышная. Хоць бы куды пераехаць, а ня ў гэтай пустэльні жыць”.

Суседка спадарыні Валянціны Марыя Буйневіч ня так даўно пахавала мужа, і цяпер жыве адна. Дзеці яшчэ пры былым Саюзе разьехаліся, хто куды. Адзін сын, марак, жыве ажно на Камчатцы.

в.Іванаўка, Хойніцкі раён, Чарнобыльская зона
Марыя Буйневіч ля сваёй хаты

Пэнсіянэрка кажа, што сёлета саўгас “Стралічава” дапамог ёй трактарам пасадзіць бульбу. Але пасьля яе моцна стапталі саўгасныя коні. Увогуле трымаць гаспадарку, безь якой тут пражыць нельга, няма ўжо сілы.

“Я так рашаю: не дапаможа наш саўгас, не дадуць кватэру — запалю хату і сама згару, сьмерць сабе зраблю. Іначай няможна жыць. А што тут жыць? Пазарастала ўсё — страшна. Зімою сьнег нападае, няможна нікуды выйсьці. Хоць бы дзе ў Стралічаве якія-небудзь хаткі нам далі, няхай сабе і малыя”, — кажа Марыя Буйневіч.

Вяскоўцы ня раз дабіраліся ў Хойніцкі райвыканкам, у Стралічаўскі сельскі савет — прасілі перасяліць іх бліжэй да людзей. Але атрымлівалі адмову: маўляў, перасяленьне ўжо закончылася, а вёска Іванаўка наагул выведзеная з шэрагу паселішчаў абавязковага адсяленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG