Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч: “Мядовы месяц дачыненьняў Беларусі з Эўропай скончыўся”


Алег Грузьдзіловіч, Менск З чым зьвязвае Артур Фінькевіч свой перавод на працу ў Шклоў? Што кажуць у віцебскай калёніі пра стан здароўя Аляксандра Казуліна? У ліпені адбудзецца доўгатэрміновае спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі.

На гэтым тыдні палітвязень Артур Фінькевіч праходзіў мэдычную камісію. Юнака пераводзяць працаваць зь дзіцячага садку ў Магілёве на будоўлю Шклоўскага папяровага камбінату. “Разам зь яшчэ 30-цю хімікамі будуць кожны дзень вазіць на працу ў Шклоў. Відаць, дзяржаве такія выдаткі па кішэні”, кажа Артур Фінькевіч. Актывіст “Маладога фронту” не выключае, што на новым месцы ён пачне працаваць ужо з наступнага тыдня.

Навошта спатрэбілася мяняць Артуру Фінькевічу працоўнае месца? Актывіст злучыў будучыя зьмены ў сваім жыцьці з палітычнымі прычынамі.

“Зьвязваю гэта з пазбаўленьнем Беларусі прэфэрэнцыяў у гандлі з Эўропай. “Мядовы месяц” у дачыненьнях з Эўропай мінуў, захаваць прэфэрэнцыі не ўдалося, вось і пачалі закручваць гайкі”.

Нагадаю, Эўразьвяз адрэагаваў на парушэньні правоў незалежных беларускіх прафсаюзаў пазбаўленьнем прывілеяў у гандлі, якія Беларусь мела як краіна з пераходнай эканомікай. Напярэдадні афіцыйны Менск прыклаў шмат намаганьняў, каб захаваць прывілеі. Тое, што былі датэрмінова вызваленыя тры палітвязьні, некаторыя аглядальнікі ўспрынялі як саступку Эўропе. Але за кратамі яшчэ застаюцца Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Казулін, працягвае знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Андрэй Клімаў.

“У мяне 2 тысячы вязьняў, адкуль я ведаю пра здароўе кожнага?”

Зьвестак пра стан здароўя Андрэя Клімава вельмі мала. Зь ягонага апошняга ліста вынікала, што ён лечыцца ў мэдычнай частцы сьледчага ізалятару, куды патрапіў пасьля турэмнага шпіталя. Дзяжурны ізалятара на маё пытаньне пра здароўе Клімава ўчора адказаў:

“Па тэлефоне зьвестак не даем, гэта дзяжурная частка, не даведка. І пра здароўе таксама. У мяне 2 тысячы вязьняў, адкуль я ведаю пра здароўе кожнага?”

Нагадаю, Андрэй Клімаў арыштаваны ужо болей за два месяцы. Палітыка падазраюць у закліках да скіданьня дзейнай улады, якія ён нібыта распаўсюдзіў праз інтэрнэт.

“Пакаралі за тое, што прылёг на ложак”

Мой званок у віцебскую калёнію “Віцьба-3”, дзе трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, быў больш удалым. Намесьнік начальніка калёніі Руслан Прымак паведаміў: Казулін пачуваецца няблага, дыетычнае харчаваньне для яго не адмененае, ён працуе, мае магчымасьць шпацыраваць на сьвежым паветры.

“Выглядае ён нармальна. Вагу, лічу, набраў як трэба. Ва ўсякім разе, скаргаў ад яго няма”.

Між тым нядаўна Аляксандр Казулін атрымаў спагнаньне за парушэньне дысцыпліны. Паводле былога адваката Казуліна Ігара Рынкевіча, палітыка пакаралі за тое, што ён удзень прылёг на ложак. “Відаць, ня ўсё ў яго добра са здароўем, калі гэтак стамляецца”, – мяркуе Рынкевіч.

Бацькі Зьмітра Дашкевіча зьбіраюцца да сына

Сям’ю палітвязьня Зьмітра Дашкевіча наведаў ктраўнік офісу АБСЭ ў Менску Окэ Пэтэрсан. У тым ліку дыплямат зацікавіўся кнігамі, якія чытаў на волі Зьміцер. Паводле бацькоў палітвязьня, спадара Пэтэрсана вельмі ўразіла тое, што Зьміцер вывучаў рэлігійную літаратуру. Дашкевічы зьбіраюцца да сына ў Шклоўскую калёнію на доўгатэрміновае спатканьне. Паводле папярэдняга пляну яно мусіць адбыцца ў ліпені, але дагэтуль ад Зьмітра не прыйшлі дамоў зьвесткі пра тое, ці напісаў ён адпаведныя заявы. Бацькі непакояцца, каб спатканьне не сарвалася з бюракратычных прычын.

Фінькевіча пераводзяць на іншае месца працы, 20.06.2007 Зьміцер Дашкевіч адбыў палову тэрміну, 16.06.2007 Чаму Аляксандр Казулін адмаўляецца ад шпіталізацыі?, 14.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG