Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч распачаў паездкі па рэгіёнах


Уладзімер Глод, Менск Ад сёньня былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч распачаў паездкі па рэгіёнах краіны. Спачатку палітык выправіўся на родную Гарадзеншчыну, адкуль накіруецца на Берасьцейшчыну.

Аляксандар Мілінкевіч хоча праехаць па ўсёй краіне. Дзеля гэтага ён адмовіўся паляцець у Бэрлін, дзе ў аўторак пачынаецца міжнародная канфэрэнцыя ў справах Беларусі.

“Важней, важней цяпер тут, у краіне, працаваць. Запрашэньняў шмат. І гэта карысна. Але тут важней”, — мяркуе палітык.

Сустрэчы з актывістамі, жыхарамі гарадоў і мястэчак, абмеркаваньне мясцовых праблемаў і агульнай сытуацыі ў краіне, а таксама далейшае стварэньне разгалінаванай сеткі руху “За Свабоду” — вось галоўныя мэты паездкі, цьвердзіць спадар Мілінкевіч.

“У нас у шасьцідзесяці гарадах — людзі. Ёсьць пэўная сетка, ёсьць жадаючыя працаваць. А зараз трэба сустрэцца, прагаварыць стратэгію, якую мы ўжо напісалі, ды пляны дзеяньняў.

І вельмі важна пачуць, што людзі хочуць рабіць на месцы. У нас максымальная самастойнасьць. Мы хацелі б, каб у кожным гарадку (вялікім і малым) людзі самастойна падрыхтавалі свае пляны на аснове агульнай стратэгіі”, — кажа Мілінкевіч.

Тым часам некаторыя прадстаўнікі аб’яднаных дэмакратычных сілаў папракаюць спадара Мілінкевіча тым, што ён набірае сабе прыхільнікаў са складу палітычных партыяў.

Прынамсі, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Анатоль Сідарэвіч гаворыць:

“Мілінкевіч вэрбуе сабе людзей. Некаторыя паддаюцца на гэтую вэрбоўку. Прыкладам, у нас у Магілёве адзіная абласная арганізацыя, дзе склалася такая сытуацыя. Там учора ледзь да бойкі не дайшло”.

Лідэр пакуль не зарэгістраванага руху “За свабоду” гаворыць, што зьдзіўлены гэтым:

“Я яшчэ раз скажу: для таго, каб удзельнічаць у кампаніях руху, ні зь якіх партыяў ня трэба выходзіць. Я нават прашу людзей, якія хочуць гэта зрабіць, не рабіць.

Рух — гэта ня партыя Мілінкевіча. Рух — гэта ўдзел у кампаніях, у дзейнасьці. І можна быць у партыі і рабіць партыйныя справы. Можна быць у кааліцыі партыяў і там рабіць. І ў нас рабіць.

Праблема ў тым, што не хапае дзейнасьці ўсім. Людзі не перагружаныя, наадварот — сумуюць. Проста ідзе барацьба, каб яны ня ўдзельнічалі ў кампаніях руху. Гэта барацьба супраць мяне. І мне сумна, што яна вядзецца такімі мэтадамі”.

• Мілінкевіч хоча зарэгістраваць рух “За Свабоду”, 18.06.2007 • Летнія ініцыятывы апазыцыі, 05.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG