Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымальнік выкупу павінен заплаціць падатак з даходу


Алена Струвэ, Менск Тры месяцы таму з дому на вуліцы Раманаўская слабада ў беларускай сталіцы невядомыя зьнялі мэмарыяльную бронзавую дошку, якая ўшаноўвала памяць 442 брэмэнскіх габрэяў – вязьняў менскага гета. Гэты памятны знак нямецкае таварыства “Ўспамін дзеля будучыні” перадало ў 1990-я сваім менскім партнэрам – беларуска-нямецкаму адукацыйнаму цэнтру ІВВ і Зьвязу беларускіх габрэйскіх арганізацый і абшчынаў. З таго часу бронзавая пліта нагадвала менчукам пра генацыд, які ажыцьцяўляўся на гэтым месцы больш за 60 год таму.

Пра крадзеж знаку Зьвяз беларускіх габрэяў адразу заявіў у РАУС Маскоўскага раёну. А празь некаторы час у нямецкую амбасаду ў Менску патэлефанаваў малады чалавек. Ён паведаміў пра выпадковую, паводле ягоных словаў, знаходку і запатрабаваў узнагароду ў тысячу эўра.

За тры месяцы ў Менску і ў Брэмэне зьявіліся як афіцыйная, так і неафіцыйная вэрсіі здарэньня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, бронзавую дошку скралі бамжы. Найбольш распаўсюджаная неафіцыйная вэрсія: тыя, якія зьнялі знак і тыя, якія знайшлі яго належаць да адной шайкі. Надта падазрона паводзіў сябе аўтар “знаходкі”

У размове са Свабодай прадстаўнік таварыства “Ўспамін дзеля будучыні” Бэрнд Мёлер распавёў, што днямі на свой запыт брэмэнцы атрымалі такі адказ зь нямецкай амбасады ў Менску: “Справа не раскрытая, для міліцыі гэта, хутчэй за ўсё, дробны крадзеж мэталю.”

Брэмэнцы вырашылі зрабіць для Менску яшчэ адну, значна больш танную мэмарыяльную дошку.
”Справа не раскрытая, для міліцыі гэта дробны крадзеж, інцыдэнт, які ня мае ніякага палітычнага значэньня”
Прадстаўнікі адукацыйнага Цэнтру ІВВ ды Зьвязу беларускіх габрэяў узгадваюць даволі дзіўныя дэталі здарэньня. Малады беларус, які нібыта знайшоў дошку ў Чыжоўцы, ля пункту мэталялому, трапіўшы ў амбасаду пачаў з дапамогай перакладчыка весьці сапраўдны гандаль вакол сумы ў тысячу эўра і ні цэнтам меней. Хлопец нават і слухаць не захацеў пра неэтычнасьць такога ўчынку. Пасьля атрыманьня грошай ён вельмі хутка зьнік з будынку дыпмісіі. Хаця, безумоўна, служба бясьпекі зафіксавала ягоныя прыкметы.

Нямецкі бок падзяліўся гэтай інфармацыяй зь міліцыянтамі. Тым часам супрацоўнікі РАУС сьведчаць, што ня маюць неабходнай сувязі зь нямецкай амбасадай. Згодна з міжнароднымі правіламі, менскія міліцыянты ня могуць весьці сьледчай працы на тэрыторыі замежных дыпляматычных прадстаўніцтваў.
“Цяпер злодзеі будуць ведаць, як можна рабіць.”
“Сьледчыя мерапрыемствы вядуцца, аднак крымінальная справа не распачатая, – сказаў Свабодзе сьледчы маскоўскага РАУС. – Супрацоўнік крымінальнага вышуку працуе па розных скупках мэталяў, а таксама сярод бамжоў. Завершыць працу мы ня можам, бо ня маем ад немцаў інфармацыі: хто вярнуў дошку, як, калі. Лічу, што крадзеж гэтай дошкі ня мае ні палітычных, ні нацыянальных матываў. Што да ўзнагароджаньня, то любы, хто знайшоў рэчы, мае права яго прасіць. Нават праз суд. Вядома, тут ёсьць нейкі этычны аспэкт. Аднак, гэтыя нормы Крымінальны кодэкс не рэгулюе”.

Тым часам прадстаўнікі гэтак званага пацярпелага боку (хаця фармальна пацярпелых у справе няма) называюць паводзіны свайго беларускага суайчыньніка самым непрыемным момантам ва ўсёй гэтай гісторыі.

Старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін мяркуе, што нямецкай амбасадзе ня варта было б пагаджацца на патрабаваньні бессаромных людзей:
”Дадзены грамадзянін павінен самастойна прадставіць дэклярацыю пра даход не пазьней за 1 сакавіка 2008 году”
“Цяпер злодзеі будуць ведаць, як можна рабіць. Аднак ня кожная амбасада, а тым больш такая арганізацыя, як наша, пойдзе на такія ўмовы”, – кажа Леанід Левін.

Тым ня менш, інстанцыя, якая ўсё ж можа націснуць на вымагальнікаў у Беларусі, ёсьць. Гэта падатковая інспэкцыя. Любая грашовая ўзнагарода ёсьць даходам. Паводле спэцыяліста Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі Святланы Шаўчэнкі, калі факт атрыманьня даходу ўстаноўлены, а ў канкрэтным выпадку гэта цалкам рэальна, чалавек павінен самастойна прадставіць дэклярацыю:

“У дадзенай сытуацыі дадзены грамадзянін павінен самастойна прадставіць дэклярацыю пра даход не пазьней за 1 сакавіка 2008 ды заплаціць з гэтай сумы падатак. У іншым выпадку падатковыя органы самі ўстанаўліваюць, дзе гэты чалавек пражывае і знаходзіцца. Падаткаабкладаньне ў адпаведнасьці са стаўкамі складае ад 9 да 20% ”, – кажа супрацоўніца міністэрства
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG