Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд навінак відэарынку


Максім Жбанкоў, Менск

Улетку цяжка адшукаць на айчынных экранах нешта звышынтэлэктуальнае. Затое маем сапраўдны парад камэрцыйных прапановаў. Найлепшая зь іх – стужка Стывэна Содэрбэрга “Трынаццаць сяброў Оўшэна”. Былы лідэр арт-гаўзу Содэрбэрг пару гадоў таму рашуча зьмяніў курс. І цяпер выконвае выключна лёгкія п’есы ў прыемным сяброўскім атачэньні. Трэцяя сэрыя прыгод махляра Дэні Оўшэна і ягоных адвязных сяброў нічым не адрозьніваецца ад папярэдніх. І менавіта таму мае ўсе шанцы на посьпех.

Няшмат хто ведае, што першых “Сяброў Оўшэна” зрабілі яшчэ у 1950-я гады. Славуты Rat Pack – “пацучыная зграя” найбольшых галівудзкіх зорак на чале з Фрэнкам Сынатрам – тады ўпершыню зьявіўся на экранах разам. Содэрбэрг мае сваю тусоўку – Джордж Клуні, Брэд Піт, Эндзі Гарсія. У апошняй стужцы да іх далучыўся Эл Пачына. Глядач атрымаў чарговы пазоў на зорную сустрэчу. Насамрэч тут няма ні ўцямнага сюжэту, ні акторскага майстэрства. Проста дзьве гадзіны добрага настрою.

Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканскі трылер “Прадчуваньне”. Рэжысэр Мэнан Япа не хавае свайго жаданьня зрабіць бэнэфіс зухаватай цётцы Сандры Балак. Гэтым разам яна ўвасабляецца ў хатнюю гаспадыню, якая аднойчы страчвае мужа ў катастрофе. Каб наступным ранкам убачыць яго жывым і здаровым.

Далей – весялей. Міс Балак пачынае скакаць у часе зь пятніцы ў сераду, зь серады ў суботу, з суботы ў панядзелак. Чаму і навошта – ня ведае ніхто. Калі гэта містычны трылер – прабачце, дзе тут цуды? Калі маем дачыненьне зь сямейнай мэлядрамай – навошта прэтэнзіі на гатычнасьць? І наагул: міс Балак на драму ніяк ня цягне. Гэта фільм нявыкананых абяцаньняў. Я так і ведаў: усе гэтыя прадчуваньні – суцэльны падман.

А зараз – мой асабісты выбар гэтага тыдня. Ніколі ня думаў, што захаплюся таннай жахаўкай. Але “Вакансія для ахвяры” былога кліпмэйкера Німрода Анталя – гэта сапраўдны гіт.

Пакуль чакаем на прэм’еру “Грындгаўзу” Тарантына і Радрыгеса, варта пабавіць час у кампаніі сямейнай пары, што выпадкова трапіла ў гняздо маньякаў. Гэта не падробка, а адметны старасьвецкі трэш. Рэч, як на наш час, вельмі карысная. І нязьменна актуальная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG